Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле пастановы ўраду, на якую спаслалася ўрадавая прэс-служба 7 сьнежня, адразу два намесьнікі міністраў і топ-мэнэджэр Беларускай чыгункі звольненыя з працы з кампрамэтуючых прычын.

Пад звальненьне трапілі першы намесьнік міністра транспарту і камунікацый Яўген Рагачоў, намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Васіль Півавар і першы намесьнік начальніка Беларускай чыгункі Ўладзімер Міхайлюк. Рагачоў і Півавар звольненыя, як паведамляе прэс-служба ўраду, «у сувязі са зьдзяйсьненьнем праступку, несумяшчальнага са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе». Спадар Міхайлюк звольнены з фармулёўкай, у якой наўпрост гучыць слова «карупцыя»: «за парушэньне пісьмовага абавязальніцтва па выкананьні абмежаваньняў, якія прадугледжаныя заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй». Ва ўсіх трох выпадках зразумела, што прэтэнзіі да чыноўнікаў вялікія, але канкрэтыкі няма. Таксама незразумела, які цяпер у іх статус — яны проста звольненыя, затрыманыя ці, можа, ужо знаходзяцца пад вартай?

Прэсавыя службы Сьледчага камітэту і КДБ не камэнтуюць зьвесткі пра звальненьні Яўгена Рагачова, Васіля Півавара і Ўладзімера Міхайлюка і нічога ня кажуць і пра тое, ці заведзеныя адносна гэтых былых чыноўнікаў крымінальныя справы. «Калі б такія зьвесткі былі, я б пракамэнтаваў, але нічога ў прэсавай службе няма», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар КДБ Дзьмітрый Пабяржын. «Такіх спраў у нашай установе дакладана няма», — выказаўся кіраўнік прэсавай службы Генпракуратуры Пётар Кісялёў.

На сайтах ведамстваў, дзе працавалі звольненыя чыноўнікі, зьвесткі пра іх ужо прыбралі, а былыя калегі нічога ня кажуць пра цяперашні лёс звольненых. Журналістам не ўдаецца і самім зьвязацца з экс-чыноўнікамі. Ці сапраўды можа быць, што іх затрымалі ці нават арыштавалі?

Сяргей Сацук

Сяргей Сацук

Незалежны журналіст Сяргей Сацук, які спэцыялізуецца на антыкарупцыйных расьсьледаваньнях, кажа пра распаўсюджаную ў Беларусі практыку, калі падазраванага ў карупцыі чыноўніка спачатку затрымліваюць, а ўжо потым узгадняюць «наверсе» ягоны далейшы лёс.

«Ёсьць два варыянты. Альбо сапраўды не затрымлівалі, альбо затрымалі, а маўчаць таму, што цяпер якраз вырашаюцца важныя пытаньні. І тут таксама два варыянты. Могуць рыхтаваць яшчэ апэратыўныя дзеяньні, прыкладам, хочуць узяць яшчэ нейкіх важных асоб і таму не выдаюць інфармацыю. А могуць вырашаць пытаньні паміж сабой, у тым ліку і з Лукашэнкам узгадняюць. Кшталту, даваць ход гэтай справе ці не. Як узгодняць, працягваць ці не — калі працягваць, дык у якім памеры, — тады паведамяць. Я заўважыў, што ў нас падобныя карупцыйныя справы на нейкім этапе адсякаюцца. Ніколі не бяруць усіх, хто ўцягнуты. Не. Вось гэтага і гэтага бяром, а тых пакуль пакідаем. Гэтак у нас звычайна вырашаюць. Мяркую, тут будзе такая ж сытуацыя».

Якія «праступкі», пра якія кажа прэсавая служба ўраду, маглі стаць прычынай адставак Яўгена Рагачова, Васіля Півавара і Ўладзімера Міхайлюка?

З большай верагоднасьцю мэдыі разважаюць пакуль толькі пра намесьніка Мінсельгасхарчу Васіля Півавара, які адначасова быў дырэктарам Дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду міністэрства. У сувязі з адстаўкай спадара Півавара згадваюцца ранейшыя арышты КДБ кіраўнікоў фірм «Консул», якая займалася пастаўкамі імпартных кармоў для жывёлагадоўлі, а таксама са справай «сэнатара», уладальніка фірмы «Біяком» Андрэя Паўлоўскага, якога таксама арыштоўваў КДБ, а потым выпусьціў «пад хатні арышт». З гэтай прычыны назіральнікі мяркуюць, што Паўлоўскі мог даць паказаньні, якія задаволілі сьледзтва і цяпер гэта адгукнулася адстаўкай спадара Півавара. Згадваюць, што фірма Паўлоўскага «Біяком» — адзін з самых уплывовых гульцоў на айчынным рынку біядабавак для жывёлаў, а крымінальная справа адносна «Біякому» ня спыненая.

Якія карупцыйныя схемы магчымыя ў сыстэме Мінтрансу? Журналіст Сяргей Сацук кажа пра шматлікія забароны і дазволы, празь якія транспартнікі могуць мець «адкаты».

«Вось толькі адзін прыклад. У сьпякоту, калі ўводзяць абмежаваньне на праезд па асфальтавых дарогах цяжкіх аўтамабіляў, чамусьці грузавікі, які возяць на будоўлю пясок, працягваюць езьдзіць. Спрабаваў замовіць такі грузавік пяску для ўласнай будоўлі, дык заламілі „ўдвая“, сказалі, што трэба будзе „адшпіліць“ транспартнай інспэкцыі. Такіх прыкладаў — шмат, нездарма нядаўна некалькі супрацоўнікаў транспартнай інспэкцыі затрымалі», — згадвае Сяргей Сацук.

Аднак пэўнай інфармацыі пра магчымыя злоўжываньні ў Мінтрансе няма, як і ў Беларускай чыгункі, дзе больш за 4 гады працаваў першым намесьнікам звольнены Ўладзімер Міхайлюк. У сувязі з гэтай адстаўкай можна згадаць адну з самых гучных карупцыйных спраў пачатку 2000-ых гадоў — справу былога начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманько. У 2001 годзе Віктар Рахманько быў абвінавачаны ў злоўжываньнях, хабары і крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ў асабліва вялікіх памерах. Пра яго пісалі, што ён быў замешаны ў махінацыях з палівам і на накрадзеныя грошы пабудаваў сядзібу ў лесе пад Баранавічамі. Віктару Рахманьку пагражала да 9 гадоў зьняволеньня, але суд не прызнаў яго вінаватым у крадзяжы і хабарніцтве, а абмежаваўся пакараньнем у 1 год і 9 месяцаў зьняволеньня за злоўжываньні, прычым без накіраваньня ў калёнію. Суд залічыў Віктару Рахманько хатні арышт і пакінуў на волі. Вядома, што цягам году былы начальнік чыгункі Рахманько зьехаў у Маскву, дзе ўладкаваўся на добрую пасаду ў кіраўніцтве Расейскай чыгункі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG