Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ксёндз судзіцца з ДАІ і перамагае


Ксёндз Вячаслаў Барок

Ксёндз Вячаслаў Барок

Суд Фрунзенскага раёну Менску накіраваў на дапрацоўку ў ДАІ пратакол аб адміністрацыйным парушэньні і прыцягненьні да адказнасьці ксяндза Вячаслава Барка.

Віцебскага сьвятара пакаралі штрафам у дзьве базавыя велічыні за парушэньне правілаў дарожнага руху падчас штогадовага фэсту ў Будславе ў ліпені гэтага году.

Супрацоўнік ДАІ спыніў ксяндза Вячаслава Барка на раздарожжы блізу будслаўскага касьцёла 1 ліпеня, не дазваляючы праехаць на паркоўку для аўтамабіляў сьвятароў. Міліцыянт ня толькі не прапусьціў ксяндза, але яшчэ і склаў адміністрацыйны пратакол за паркоўку на скрыжаваньні. Ксёндз не прызнаў сябе вінаватым, аднак на яго быў накладзены штраф памерам 42 рублі. Вячаслаў Барок аспрэчыў гэтае рашэньне ў судзе, і пратакол быў адпраўлены на дапрацоўку.

Як паведаміў Свабодзе Вячаслаў Барок, галоўнае для яго — не скасаваньне штрафу, а абарона праўды і справядлівасьці, парушаных супрацоўнікамі міліцыі.

«Грошы тут не галоўнае, бо прыехаць на судовае паседжаньне зь Віцебску ў Менск даражэй, чым заплаціць штраф. Галоўнае — дамагчыся справядлівага функцыянаваньня прававой сыстэмы ў краіне. Сёньняшняе рашэньне суду павінна даць прыклад і спадзяваньне іншым людзям, што мы можам і павінны жыць паводле законаў, а не паняткаў чыноўнікаў. Гэта змаганьне за аднаўленьне праўды і справядлівасьці ў нашай краіне. І можна сказаць, што гэта першая перамога».

Падчас сёлетняга фэсту ў Будславе таксама быў затрыманы паэт Славамір Адамовіч, які спрабаваў прайсьці на сьвята без надгляду дружыньнікамі БРСМ. Супрацоўнікі міліцыі зьвінавацілі паэта ў непадпарадкаваньні і прымусова даставілі ў псыхіятрычны шпіталь у Навінках. Лекары прызналі яго здаровым і вызвалілі са шпіталя. Ніякіх выбачэньняў Славамір Адамовіч не дачакаўся.

XS
SM
MD
LG