Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыж памяці ў Магілёве аднавіла ўлада


У Магілёве крыж памяці на месцы масавых расстрэлаў, якія адбываліся ў часы сталінскага тэрору, аднавілі на распараджэньне адміністрацыі Кастрычніцкага раёну абласнога цэнтру. Пра гэта паведамілі кіраўніцы мясцовай суполкі «Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў» Ларысе Шукайле, якая зьвярталася з просьбаю дапамагчы.

«Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну паведамляе, што памятны знак (крыж), усталяваны ў раёне Магілёўскага мясакамбінату на месцы расстрэлу і пахаваньня рэпрэсаваных у 1937–38 гадах, адноўлены», — гаворыцца ў адказе актывістцы.

Стары драўляны крыж падгніў, нахіліўся і мог паваліцца. Яго замянілі новым, таксама драўляным. Акрамя таго, прыбралі з пляцоўкі бытавое сьмецьце.

У 2007 годзе на зварот Ларысы Шукайлы гэты памятны знак ужо аднаўлялі. Тады крыж паваліла навальніцай. Чыноўнікі распарадзіліся тады выкласьці перад крыжам пляцоўку з тратуарнай пліткі.

Ларыса Шукайла каля памятнага крыжа ў Магілёве, лета 2015

Ларыса Шукайла каля памятнага крыжа ў Магілёве, лета 2015

У гутарцы з журналістам Ларыса Шукайла адзначыла: тое, што крыж аднавілі, — безумоўна, факт, важны для памяці ахвяраў тэрору.

«Улады гэтым самым засьведчылі, што прызнаюць, што на месцы, дзе крыж, былі расстрэлы. Для нашай суполкі гэта важна, бо яе стваралі людзі, многія зь якіх потым былі рэабілітаваныя», — кажа актывістка.

Некалькі год таму казалі, што на месцы, дзе крыж, зьбіраюцца ўсталяваць памятны знак. Зь цягам часу, аднак, гаворка пра гэта аціхла. Ларыса Шукайла кажа, што на помнік не знайшлі сродкаў.

«Наша арганізацыя ня можа сабраць сродкаў, каб усталяваць помнік, пагатоў яна не зарэгістраваная. У гарвыканкаме сказалі, што ў іх няма грошай, і прапанавалі нам іх сабраць, але мы ня можам нават рахунак адкрыць, бо не зарэгістраваныя. Таму пытаньне фінансаваньня застаецца адкрытым. Мы не знайшлі тых, хто б мог нам дапамагчы адкрыць рахунак і сабраць грошы на помнік», — кажа Ларыса Шукайла.

Суразмоўніца спасылаецца на сьведчаньні старажылаў і заяўляе, што ў 1941 годзе тут палегла нямала салдат Чырвонай арміі і салдат вэрмахту. Нямецкіх салдат пахавалі на асобных могілках. Клады, дзе хавалі чырвонаармейцаў, не захаваліся. Ларыса Шукайла лічыць, што на гэтак званай «круглай» плошчы каля мясакамбінату павінен быць помнік ахвярам тых часоў.

Крыж памяці на праспэкце Дзімітрава ўсталявалі актывісты адраджэнскіх арганізацыяў гораду пры канцы 1989 году. Доўгі час ля яго зьбіраліся вялікай грамадой жыхары Магілёва. Апошнія дзесяць год да крыжа прыходзяць усё меней людзей.

Праўда пра мясьціну, над якой узвышаецца крыж, адкрылася пры канцы 1980-х гадоў. У кар’еры бралі пясок і наткнуліся на чалавечыя парэшткі. Як успамінае магілёўскі актывіст, сябра філіі «Мартыралёг Беларусі» Міхась Булавацкі, была створана адмысловая камісія, якую ўзначаліў намесьнік старшыні Кастрычніцкага райвыканкаму. Высьветлілася, што перад вайной сюды прывозілі людзей і расстрэльвалі. Тут быў калгасны жывёльны могільнік. Яго абнесьлі агароджай і паставілі вартаўніка.

XS
SM
MD
LG