Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крыж на Крэўскім замку паставіла расейская артылерыя», — памяць пра Першую ўсясьветную за грошы Эўразьвязу


Нямецкія пахаваньні ў Барунах блізу Крэва
Нямецкія пахаваньні ў Барунах блізу Крэва

Усьлед за мураваным замкам з больш як 600-гадовай гісторыяй ня менш значнай візытоўкай старадаўняга Крэва неўзабаве могуць стаць абʼекты Першай усясьветнай вайны.

Мясцовыя ўлады ў супрацоўніцтве з адміністрацыяй школы, дабрачыннымі абʼяднаньнямі, краязнаўцамі распрацавалі і рыхтуюцца запусьціць адмысловы маршрут пад назвай «Крэўскімі сьцежкамі Першай усясьветнай вайны». Яго рэалізацыя будзе падтрымана сродкамі зь бюджэту Эўразьвязу на гісторыка-культурніцкія праекты.

Як адзначалі ініцыятары ў заяўцы на атрыманьне гранта, Крэва можна сьмела назваць мястэчкам-помнікам Першай усясьветнай вайны. Больш за тры гады лінія фронту падзяляла мястэчка на два бакі — германскі і расейскі. Цягам 1915–1918 гадоў паселішча і знакаміты замак былі практычна знішчаныя, але засталася вялізная колькасьць ваенных памятак: акопы, умацаваньні, нямецкія бэтонныя бункеры, брацкія пахаваньні.

Германцы з расейскімі палоннымі (брашура «Крэва. Год пазыцыйнай вайны»)
Германцы з расейскімі палоннымі (брашура «Крэва. Год пазыцыйнай вайны»)

Фота з ваеннага дзёньніка салдата Вільгельма Бэргера. Крэва, 1916 год
Фота з ваеннага дзёньніка салдата Вільгельма Бэргера. Крэва, 1916 год

Вярнуць мястэчку былую вядомасьць

100 гадоў ад пачатку «забытай» вайны, якую савецкая гістарыяграфія мэтанакіравана ігнаравала, аднавілі інтарэс да падзеяў, арэнай якіх сталі беларускія землі. Зьявіўся попыт на інфармацыю пра той пэрыяд з боку дасьледчыкаў, журналістаў, турыстаў. А значыць, перакананы выкладчык гісторыі Міхаіл Міхалькевіч, не зашкодзіць адмысловы маршрут па месцах крывавага супрацьстаяньня арміяў Расейскай і Германскай імпэрыяў:

Выкладчык гісторыі ў крэўскай школе Міхаіл Міхалькевіч
Выкладчык гісторыі ў крэўскай школе Міхаіл Міхалькевіч

«На тэрыторыі Смаргонскага раёну створаны своеасаблівы кластэр, у які ўваходзяць Крэўскі і Залескі сельскія саветы. У яго рамках зьявіліся сродкі, дзякуючы якім ёсьць магчымасьць ствараць турыстычныя маршруты ці проста ладзіць экскурсіі. Мы таксама актыўна ўключыліся ў гэты працэс і падрыхтавалі два праекты: „Крэўскімі сьцежкамі Першай усясьветнай вайны“, аўтар якога — мясцовы сельскі выканаўчы савет, а таксама — „Аб чым маўчаць валуны“, які распрацавала дабрачыннае абʼяднаньне „Смаргонская ініцыятыва“ сумесна з крэўскай школай».

Паводле спадара Міхалькевіча, які ўзяў на сябе асноўны цяжар у распрацоўцы канцэпцыі маршруту па абʼектах і пахаваньнях Першай усясьветнай вайны, да справы плянуецца прыцягнуць усіх актыўных жыхароў мястэчка:

Крыж за мужнасьць расейскім салдатам, пастаўлены германцамі
Крыж за мужнасьць расейскім салдатам, пастаўлены германцамі

«Калі мы пачыналі працу, паставілі перад сабой тры галоўныя мэты — чаго, уласна кажучы, хочам дабіцца ад гэтага праекту. Найперш, прыцягнуць паток турыстаў у Крэва. Другая мэта, якая вынікае зь першай і за кошт якой тая першая можа быць дасягнута, — актывізаваць мясцовае насельніцтва. У нашых плянах — падключыць да справы каля паўсотні мясцовых жыхароў, каб яны больш актыўна ўдзельнічалі ў культурна-гістарычным жыцьці вёскі. Трэцяе — паляпшэньне інфраструктуры нашага населенага пункта: прыедуць турысты, зьявяцца грошы, можна будзе адчыніць сувэнірныя крамкі, на поўную моц запрацуе кавярня і г.д.».

Прэзэнтацыя праекту «Крэўскімі сьцежкамі Першай усясьветнай вайны​»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:35 0:00

Сумеснымі намаганьнямі ў ваколіцах Крэва вызначаныя абʼекты, цікавыя як з гледзішча гісторыі, так і фартыфікацыйнай адметнасьці. Прайсьці 20-кілямэтровы маршрут можна будзе за паўтары гадзіны на аўтобусе і за тры гадзіны — на ровары. Міхаіл Міхалькевіч кажа, што падчас экспэдыцыі вызначылі сем асноўных экскурсійных абʼектаў.

Арол на могілках у Полтараўшчыне
Арол на могілках у Полтараўшчыне

«Выбіралі такім чынам, каб яны ўяўлялі сабой і нейкую значнасьць, і цікавасьць, і каб да іх было зручна дабрацца. З улікам, што агульная адлегласьць маршруту перавышае 20 кілямэтраў, нават калі падавалі заяўку, то ўдакладнялі: від экскурсіі — ці аўтобусны, ці роварны. Пачынаецца яна ад сьцен Крэўскага замка, які, па-першае, у цэнтры адносна іншых абʼектаў, а значыць, да яго зручна дабірацца; па-другое, ягоны сучасны стан — непасрэдны вынік Першай усясьветнай. Проста паглядзеўшы на яго, можна ўбачыць, адчуць жахі той вайны. Дый сам па сабе замак цікавы як архітэктурны, абарончы помнік».

Наўпроставы лінк

Наступным пунктам, удакладняе суразмоўца, — Крэўскі касьцёл, цалкам зьнішчаны ў Першую ўсясьветную вайну. Пасьля маршрут скіроўваецца ў напрамку Барунаў, дзе па лясах і ўздоўж дарогі раскінутыя германскія бэтонныя ўмацаваньні. Асобна прадугледжаны заезд на артылерыйскую пазыцыю, дзе ў адным месцы сканцэнтраваныя чатыры гарматныя паўкапаніры для лёгкай артылерыі, тры бліндажы для назіраньня і сховішча для асабовага складу. У саміх Барунах — наведваньне нямецкіх могілак і помнік экіпажу зьбітага расейскага самалёта «Ільля Мурамец».

Помнік з кайзэраўскай каскай у Асанах
Помнік з кайзэраўскай каскай у Асанах

Вырваная пліта з баявым шляхам 379-га палку
Вырваная пліта з баявым шляхам 379-га палку

Адтуль трэба будзе збочыць у вёску Полтараўшчына, дзе сіламі нямецкіх фондаў утрымліваюцца ва ўзорным стане вайсковыя пахаваньні, а затым у Асаны: там побач з ваенным шпіталем усталяваны ўнікальны па сваёй форме помнік. На яго шыльдзе — уся інфармацыя пра баявы шлях 379-га пяхотнага палку кайзэраўскай арміі. Праўда, шмат гадоў таму пліту сарвалі, і яна дагэтуль валяецца непадалёк у бурʼяне.

Бліндажы і камэрцыя

Вяртаньне да пачатковага пункту — па іншай траекторыі. Да так званых германскіх чырвоных бліндажоў, якія ў цудоўным стане захаваліся і праз 100 гадоў, і з заездам у Крэве на пахаваньне расейскіх салдатаў, ахвяраў газавай атакі.

Як кажа Міхаіл Міхалькевіч, з улікам таго, што значная частка маршруту праходзіць па цяжкадаступных лясных мясьцінах, на праект прасілі грашовай дапамогі:

Германскія пахаваньні ў Барунах
Германскія пахаваньні ў Барунах

Помнік экіпажу зьбітага расейскага самалёта ў Барунах
Помнік экіпажу зьбітага расейскага самалёта ў Барунах

«Калі мы ацэньвалі, што можам атрымаць і што патрэбна для арганізацыі такога маршруту, безумоўна, нават ня марылі пра вялікія грошы, глядзелі на рэчы рэальна. Што можам зрабіць? Перадусім ачысьціць дзоты, доты, высекчы хмызьняк, пракласьці дарожкі, паставіць інфармацыйныя знакі. Таму прасілі інструмэнт: бэнзакосы, бэнзапілы, рыдлёўкі, граблі, сякеры. Таксама патрэбна мультымэдыйная апаратура, каб стварыць электронную вэрсію экскурсіі, выкласьці яе ў сеціва. Такім чынам, сума на турыстычны маршрут „Крэўскімі сьцежкамі Першай усясьветнай вайны“ складае блізу 3 тысяч эўра. А паколькі два праекты цесна пераплеценыя, бо і там і там задзейнічаныя і сельсавет, і школа, сродкі былі крыху ўрэзаныя, і агульная сума — прыкладна 5 тысяч эўра. Ужо ад верасьня прыступім да рэалізацыі гэтых плянаў».

Пакуль жа, кажа спадар Міхалькевіч, з улікам абмежаваных матэрыяльных магчымасьцяў спадзяваньні найперш на валянтэраў, на апантаных аматараў гісторыі свайго краю:

Фрагмэнты нямецкага дота ў крэўскім лесе
Фрагмэнты нямецкага дота ў крэўскім лесе

«Па першым часе выглядае так. Як ужо казаў, плянуем прыцягнуць дзесьці 50 чалавек — удасца, ня ўдасца, але спадзяёмся, што падключацца школьнікі, ёсьць моладзь, якая зацікаўленая гісторыяй Крэва, хоча, каб мястэчка аднавіла сваю былую вядомасьць. Таму людзі знойдуцца. Магчыма, зь цягам часу, калі стартуе праект, запрацуе маршрут, зьявяцца сродкі, будзе магчымасьць і нейкага заахвочваньня. А пакуль разьлічваем на валянтэраў. Распрацаваны тэкст экскурсіяў, ёсьць у школе экскурсаводы. Таму першыя паходы могуць правесьці школьнікі, магу правесьці я, можна падключыць краязнаўцу Аляксандра Камінскага, які, мабыць, найлепш ведае гісторыю Крэва. Напачатку, вядома, усё на добраахвотных асновах, ніякай аплаты не прадугледжваецца».

Чаму акцэнт зроблены на матэрыялізацыі падзеяў Першай усясьветнай вайны, а не на пошуку сродкаў, каб аднавіць Крэўскі замак, стан якога з кожным годам усё больш трывожны?

Разбураная вежа Крэўскага замка
Разбураная вежа Крэўскага замка

«Разумееце, ну што мы можам зрабіць з Крэўскім замкам? Анічога. Хіба вакол абкасіць. Але і так ёсьць работнікі, якія гэта робяць, — кажа Міхаіл Міхалькевіч. — А ў зьвязку са 100-годзьдзем пачатку Першай усясьветнай пачалі друкавацца матэрыялы, фатаздымкі, людзі нарэшце даведаліся, якія драматычныя падзеі скаланалі беларускую зямлю. І калі раней адзінай візытоўкай у нас быў замак, то цяпер магу сказаць з поўнай адказнасьцю: абʼекты „забытай“ вайны па сваёй значнасьці — як мінімум другая візытоўка. Але экскурсіі, якія прыяжджаюць у Крэва, абмяжоўваюцца толькі замкам. Большасьць людзей нічога ня ведае, што тут адбывалася стагодзьдзе таму. Распрацаваны намі маршрут павінен зьмяніць сытуацыю».

Паўтара мільёна снарадаў ад Дзянікіна

Першая ўсясьветная вайна прыйшла ў Беларусь у верасьні 1915 году. Немцы ў выніку так званага Сьвянцянскага прарыву захапілі значную частку беларускіх земляў. Крэва і Смаргонь апынуліся ў эпіцэнтры ўпартых баёў. Неўзабаве вайна набыла характар пазыцыйнай і, як нагадвае спадар Міхалькевіч, наступныя 810 дзён бакі абменьваліся артабстрэламі і газавымі атакамі:

«Летам 1916-га пад Крэвам была першая нямецкая газавая атака, захаваліся фатаздымкі. У 1917-м — першае братаньне расейскіх і германскіх салдат, апошні бой жаночага батальёну сьмерці Марыі Бачкаровай. Таксама крэўска-смаргонская апэрацыя расейскай арміі, апошняя ў той вайне, ініцыяваная пасьля лютаўскай рэвалюцыі Дзянікіным, які камандаваў Заходнім фронтам. За чатыры дні, цягам якіх было супрацьстаяньне па лініі ад Крэва да Смаргоні, расейцамі было выпушчана... паўтара мільёна снарадаў! Можаце сабе ўявіць? У Крэве не засталося ніводнага цэлага будынка, выстаялі толькі замкавыя сьцены. Таму яго ўнікальнасьць ня толькі ў тым, што гэта адзін зь першых каменных замкаў на тэрыторыі Беларусі, але і ў тым, што апошні раз у рэальных баявых дзеяньнях ён удзельнічаў на пачатку ХХ стагодзьдзя. Хоць збудаваны на шэсьць стагодзьдзяў раней».

Як вынікае з афіцыйных рапартаў, на замкавай тэрыторыі разгарнулі свае пазыцыі германскія 379-ты і 3-ці палкі. За больш як два гады яны абжылі замак, ператварыўшы яго ва ўмацаваны абʼект.

Царква ў Наваспаску, адзін з камандных пунктаў расейцаў
Царква ў Наваспаску, адзін з камандных пунктаў расейцаў

Тым часам у адпаведнасьці з плянам дзеяньняў на 1917 год камандаваньне расейскай арміі пачало рыхтаваць наступ на лініі Смаргонь — Крэва. Пад Крэва з Мурманску і Ўладзівастоку адмыслова перакінулі дальнабойныя гарматы. Апэрацыя пачалася 19 ліпеня і цягнулася чатыры дні. Пад ураганны агонь артылерыі трапіў сярэднявечны замак. Такім чынам, як кажа Міхаіл Міхалькевіч, вядомая дакладная дата разбурэньня Крэўскага замка — 21 ліпеня 1917 году:

«Замак, безумоўна, разбамбілі расейцы. Якраз дзе мы стаім, за будынкам, працякае рэчка Краўлянка. Акурат па ёй ішла лінія фронту. Дык вось замак і касьцёл аказаліся на нямецкім баку, а побач, літаральна за нейкіх 150 мэтраў, праваслаўная царква — на расейскім. Паміж пазыцыямі былі нацягнутыя калючыя драты, і яны адзін аднаго пастаянна абстрэльвалі. А паколькі немцы атабарыліся ўнутры замка, за тры гады там абжыліся, першы і асноўны загад расейскага камандаваньня быў — біць менавіта па замку. Дарэчы, немцы на тэрыторыі замку пабудавалі яшчэ адзін дзот, які памылкова прымаюць за вежу, і зь яго адстрэльваліся. Магчыма, нешта ў працэсе таксама разбурылі, бо бралі каменьне. Але прыцэльны агонь падчас перастрэлак, асабліва ў наступальнай апэрацыі, вёўся з расейскага боку. І, вядома ж, час, які таксама яго разбурае. Я сам з Крэва, і ўсё жыцьцё памятаю гэты замак: 20–30 гадоў таму ён, канечне, выглядаў значна лепей».

Шыльда над адным з дотаў у Крэве
Шыльда над адным з дотаў у Крэве

Як удакладняе пры канцы размовы Міхаіл Міхалькевіч, на Смаргоншчыне эўрапейскае фінансаваньне атрымаюць некалькі праектаў, арыентаваных на ўшанаваньне герояў і ахвяраў Першай усясьветнай вайны:

«Сярод пераможцаў яшчэ адзін праект, людзі ў гэтай тэме ўжо не адзін год — „Залатая горка“, яго аўтар — прадпрымальнік Ігар Паўлаў. У раёне Смаргоні яны расчышчаюць бліндажы, а для турыстаў ладзяць анімацыю — пераапранаюцца ў форму салдат расейскай і германскай арміяў, паказваюць элемэнты бою. Магчыма, будзем выходзіць зь імі на кантакт, нешта ад іх пераймаць. Гэты праект рэальна працуе, яны дадаткова атрымалі грошы і будуць разьвівацца. Таму ня мы адны. А інакш і быць ня можа: Першая ўсясьветная — аднолькава знакавая падзея і для Крэва, і для Смаргоні. Хоць доўгі час усё старанна замоўчвалася. Дарэчы, першым, хто ў нашым раёне ўзьняў тэму, быў былы палкоўнік савецкай арміі Ўладзімер Лігута. Нешта вайскоўцы раскопвалі і наткнуліся на вялікія пахаваньні расейскіх вайскоўцаў. Тэма яго зацікавіла, пачаў працаваць у архівах, напісаў некалькі кніг, самая вядомая — „Наша кроў у Смаргоні“. Зьняты дакумэнтальны фільм „Невядомая вайна“, прысьвечаны падзеям у Смаргоні і Крэве».

Адзін з дотаў паблізу Смаргоні
Адзін з дотаў паблізу Смаргоні

Падзеі Першай усясьветнай вайны наўпрост закранулі Беларусь, землі якой на той час былі пад расейскай уладай. Больш за 800 тысяч тутэйшых мужчынаў былі мабілізаваныя ў царскае войска, 70 тысяч зь іх загінулі на франтах. Звыш 2 мільёнаў шараговых беларусаў сталі вымушанымі ўцекачамі, 400 тысяч так і не вярнуліся з эвакуацыі. Колькасьць тых, хто загінуў і памёр ад хваробаў, сярод мірнага насельніцтва перавысіла 60 тысяч.

Недабудаваны мэмарыял у Смаргоні
Недабудаваны мэмарыял у Смаргоні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG