Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дорага, але ў старым ня выправіш у школу», — школьны базар у Магілёве


Сёлетнімі таргамі магілёўскія гандляры не задаволеныя. Для базару выдзелілі пляцоўку на гарадзкой пэрыфэрыі. Гэтая акалічнасьць разам з безграшоўем, як заяўляюць гандляры, паўплывала на пакупніцкую актыўнасьць. У мінулыя гады школьны базар разьмяшчалі ў цэнтры гораду.


Школьны базар на выселках

Каб пакупнікам дабрацца ў магілёўскі мікрараён Казіміраўка, патрэбная ў сярэднім гадзіна.

«Закінулі нас на выселкі і пакупнікоў стала істотна меней. Сядзім тут, нудзімся. Пра якія таргі можна весьці гаворку?», — незадаволена адзначыў адзін з гандляроў школьнага базару. У ягонай палатцы вывешаная адзежа.

«У людзей няма грошы. Прыходзяць, паглядзяць і сыходзяць, — дадае ён. — Ніколі такога не было, каб у час падрыхтоўкі да школы выручкі не было. Учора праседзеў дванаццаць гадзін і толькі дзьве адзінкі тавару прадаў».

«Вы ж бачыце дванаццаць гадзінаў дня, субота, і людзей на базары жменька», — далучаецца да гутаркі яшчэ адна гандлярка адзеньнем. Паводле яе, наплыў пакупнікоў быў на базары ў першы тыдзень ягонай працы: «А потым пакупніцкая актыўнасьць пачалася згасаць. Многія, відаць, знайшлі адзежу да школы таньней у іншых месцах».

Беларускі тавар дарагі і бяз выбару

«Тут нямала прывазнога тавару, — дадае суразмоўніца. — Ёсьць і беларускі, але яго цяжка прадаць, бо дарагі і непрыгожы. Паглядзіце, вісіць беларускі сарафан. Ён самы танны з усяго прывозу, але падобны ён на халат для дома. Хто яго купіць? Праблема фасонаў і якасьці тканіны для беларускага тавару застаецца ня вырашанай. Тое ж і з нагавіцамі. Беларускія — шырокія са стрэлкамі, адна сынтэтыка, іх браць ня хочуць. Гарадзенская фабрыка шые добраю вопратку, але цэны касьмічныя».

Гандлярка адзначае, што сярод яе пакупнікоў пераважалі гарадзкія. Зь вёсак, кажа яна, было дужа мала пакупнікоў, аднак, тыя хто прыяжджаў «закупаўся напоўніцу без асаблівай пераборлівасьці».

Наступны гандляр таксама наракае на кепскія таргі. Прычыны тыя ж: месца знаходжаньня базару і адсутнасьць ў людзей грошай.

у пошуках свайго тавару на базары
у пошуках свайго тавару на базары



«Даехаць сюды праблемна. Напрыклад з Задняпроўя дасюль гадзіну трэба змарнаваць. Трэба наважыцца, каб прыехаць. Рызыкнуць, бо асноўная праблема — безграшоўе. Прыедзеш і нічога ня купіш», — тлумачыць ён.

Вяскоўцы сарамлівыя, грошай у іх мізер

«Пакупнікі прыдзірліва праглядаюць тавар. Цану мы зьніжаем да пяцідзесяці працэнтаў, каб распрадацца, — дадае гандляр. — Тыя сродкі, якія ўклалі ў тавар, „адбілі“, але зарабілі мізер. Такога яшчэ не было».

Суразмоўца пагаджаецца, што вясковы пакупнік больш выгадны, чым гарадзкі. «Гарадзкія, — кажа ён, — больш сьмялейшыя, таргуюцца, а вясковым мы самі саступаем у цане. Яны сарамлівыя. Ды й грошы ў іх мізер. Адкладаюць доўга на дзяцей».

Найбольш народу на базары таўклося ля паветак з канцылярскімі таварамі. Гандляры гэтай прадукцыяй былі адзінымі, каго задавальняў попыт.

Адшукаць сшыткі ды альбомы зь беларускай атрыбутыкай адразу не ўдалося. З таго, што выглядзеў, былі дзёньнікі зь афіцыйнай сымболікай ды некалькі ўзораў сшыткаў зь беларускім арнамэнтам.

Беларускія дзёньнікі
Беларускія дзёньнікі



«Толькі традыцыйна дзеньнікі зь беларускай атрыбутыкай. Сшыткі ў нас беларускай вытворчасьці, але яны без беларускага калярыту. Беларускай мовы таксама няма. Толькі на дзёньніках надпіс. Ды й пакупнікі асабліва не акцэнтуюць увагу на такіх адметнасьцях», — дадае гандляр.

«У нас амаль усё беларускай вытворчасьці, — далучаецца да гутаркі каляжанка суразмоўніка. — Дзяцей цікавіць добра зробленая карцінка, а сымболіка іх не асабліва прыцягвае. Ды й бацькам хочацца прыгожага для дзяцей, таму і выбіраюць сабачак, коцікаў, мядзьведзяў і безь беларускай мовы. Мы прывозілі ды спрабавалі прадаваць сшыткі ды альбомы зь беларускай сымболікай, але не спадабаўся гэты тавар пакупнікам. Студэнты бралі, а школьнікі, дык не».

Ні слова па-беларуску на альбомах і расфарбоўках
Ні слова па-беларуску на альбомах і расфарбоўках




Спачуваю тым хто працуе на заводзе

Падрыхтоўка дзяцей да школы, паводле бацькоў, сёлета абыходзілася сямейнаму бюджэту ад паўтары мільёны на аднаго дзіця і да дзесяці, калі дзяцей у сям’і больш за двое.

«У нас трое дзяцей і патрацілі мы ўжо блізу дзесяці мільёнаў на старыя грошы, але ня ўсё яшчэ купілі, — прызналіся перанятыя ля базару бацькі.

«Мы гатовыя былі да такой сумы. Я — прадпрымальнік, і мой даход дазваляе траціць такія грошы, але я спачуваю тым, хто працуе на заводзе. Яны не гатовыя патраціць такія сумы», — заўважае бацька сямейства.

«Мы прыехалі зь іншага раёну і амаль нічога не купілі. Паверылі рэкляме па тэлевізары». — расчаравана зазначае яшчэ адна наведніца базару.

«Пантофлі не купілі. Выбару няма абутковага зусім. Змарнавалі дзьве гадзіны. Паедзем у горад шукаць. Відаць, пакуль даехалі, разабралі ўвесь абутак», — з усьмешкай разьвіталася жанчына.

зьніжкі да 50 працэнтаў, абы прадаць
зьніжкі да 50 працэнтаў, абы прадаць



Адна наведніца рынку сказала, што на дваіх дзяцей патраціла тры мільёны. «У нас засталіся рэчы зь мінулага году, дык мы сьціпла сёлета падышлі да падрыхтоўкі ў школу, — заўважыла яна. — Зьніжкі нам дужа дапамаглі. У некаторых гандляроў да 50 працэнтаў. Мы — не заможная сям’я, і за іх дужа ўдзячныя гандлярам».

На школьны базар
На школьны базар


«Тое, што ёсьць трэба браць. Нікуды ж не падзенесься, — выказаўся яшчэ адзін суразмоўца, — З грашыма тугавата, але ў школу ня выправіш у старым».

Ужо зьбіраючыся сыходзіць, адзін пакупнікоў вярнуўся да тэмы пляцоўкі, на якой сёлета разьмясьцілі школьны базар. На ягоную думку найбольш прыдатным месцам для базару была б плошча Леніна: «Усё адно яна бязьлюдная. Людзі нібыта баяцца па ёй хадзіць. А базар бы зрабіў бы яе ажыўленай».

бязьлюдная плошча Леніна
бязьлюдная плошча Леніна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG