Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крымнянаш»: як пазначаюць Крым у школьных атлясах Беларусі, Расеі й Польшчы


Беларускі атляс для 8–9 клясаў. «Геаграфія мацерыкоў і краін»
Беларускі атляс для 8–9 клясаў. «Геаграфія мацерыкоў і краін»

У інтэрнэце зьявілася фота польскага атляса, дзе Крым пазначаны як тэрыторыя, акупаваная Расеяй. Свабода праверыла, як гэтую тэрыторыю пазначаюць у беларускіх і расейскіх школьных атлясах.

Беларусь: не прызналі ні Крым, ні Косава

Афіцыйна Беларусь падтрымлівае адзіную Ўкраіну, што й адлюстроўваецца на ўсіх афіцыйных мапах. Напрыклад у «Атлясе геаграфіі мацерыкоў і краін» для 8–9 клясаў, выпушчаным у 2015 годзе РУП «Белакартаграфія», мапа Эўропы выглядае бязь зьменаў: Крым тут пазначаны як украінская тэрыторыя.

Пры гэтым у 2014 годзе беларуская дэлегацыя ў ААН прагаласавала супраць рэзалюцыі Генасамблеі ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Беларускія ўлады потым патлумачылі свой учынак тым, што гэтая рэзалюцыя не паспрыяе ўрэгуляваньню канфлікту ва Ўкраіне.

Варта адзначыць, што Беларусь не прызнала аніякіх зьменаў на геапалітычнай мапе Эўропы за апошняе дзесяцігодзьдзе: Абхазію і Паўднёвую Асэтыю Менск прызнае грузінскай тэрыторыяй, Косава — сэрбскай.

Польшча: акупацыя Расеі

Польскі атляс. Фота з фэйсбука Яніны Лазько
Польскі атляс. Фота з фэйсбука Яніны Лазько

Польскія атлясы вызначаюць Расею як акупанта Крыму. Нядаўна Свабода прыводзіла словы Вітольда Вашчыкоўскага, міністра замежных спраў Польшчы:

«Польшча ня зьменіць сваёй пазыцыі па канфлікце на Данбасе, гэтак жа як і ня зьменіць сваёй думкі пра тое, што адбылося ў Крыме, — сказаў Вашчыкоўскі. — Наша падтрымка санкцыяў супраць Расеі, якія ўвёў Захад пасьля незаконнай анэксіі Крыму й агрэсіі на Данбасе, не накіраваная супраць Расеі. Іх задача — дасягнуць міру ва Ўкраіне».

Расея: падручнікі памянялі яшчэ ў 2014-м

Атляс для 10-й клясы «Гісторыя Расеі. 1914 год — пачатак XXI стагодзьдзя». Выданьне 2015 году
Атляс для 10-й клясы «Гісторыя Расеі. 1914 год — пачатак XXI стагодзьдзя». Выданьне 2015 году

Перапісваць падручнікі геаграфіі й гісторыі ў Расеі пачалі адразу ж пасьля далучэньня Крыму. 10 красавіка 2014 году на сустрэчы Пуціна з прадстаўнікамі Агульнарасейскага народнага фронту была агучана прапанова згадаць пра падзеі далучэньня Крыму да Расеі ў новых падручніках па гісторыі.

Ужо 1 чэрвеня Ўладзімер Пуцін даручыў уключыць у канцэпцыю новага падручніка па гісторыі зьвесткі пра ролю Крыму й Сэвастопаля ў лёсе Расейскай імпэрыі, СССР і сучаснай Расеі.

Пра «ўзьяднаньне Крыму з Расеяй» напісана ў расейскіх падручніках па гісторыі за 10-ю клясу. У заданьнях пасьля параграфа школьнікам прапануюць падумаць пра тое, чаму так сталася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG