Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крым і Крэмль — аднакарэнныя словы. Так, ня думаючы пра наступствы, напісаў сто гадоў таму Макс Валошын. Той самы, які паўжыцьця пражыў у Кактэбелі, супернічаў з Адамам Міцкевічам у напісаньні крымскіх санэтаў, і якому на карадагскай скале прымроіўся ўласны профіль. І мовы замежныя, здаецца, ведаў, а такія сумнеўныя высновы рабіў. На падставе чаго? Ды на падставе ўсяго трох літараў КМР, якія ў старагабрэйскай мове нібыта ўтвараюць куст словаў са значэньнем змрок, зацьменьне, закінутае месца. Калі ўсю гэтую этымалёгію прыняць на веру, то і які-небудзь Крэмянчуг, а за ім і Каракумы трэба прызнаць сваякамі Крамля і аддаць ва ўладаньне апошняга.

Наўрад ці прагматык Пуцін чытаў рамантыка Валошына. Проста так супала. Прачнуўся расейскі прэзыдэнт аднае раніцы, і здалося яму, што Крэмль і Крым — сваякі-браты. У выніку Крым анэксаваны, і там пачалася нябачная дагэтуль экспрапрыяцыя. Расейцы захапляюць украінскія караблі і гавані, украінскія санаторыі і вінаградныя плянтацыі, фактычна крадучы ў аслабленай краіны ледзь не апошняе. На гэтыя беспрэцэндэнтныя рабункі сьвет рэагуе неяк млява, што можа падагрэць апэтыты рабаўніка.


Заграбастаўшы Крым з усёй рухомай і нерухомай маёмасьцю, Масква, як на добры розум, павінна была б выплаціць Кіеву шматмільярдную кампэнсацыю. Але дзе вы бачылі той добры розум у расейскай палітычнай вярхушкі? Яе апанаваў імпэрскі шал, які ўжо не хаваецца, які штовечар пырскае на нас з тэлеэкранаў. Пра якую кампэнсацыю гаворка? Пераможцаў ня судзяць.

Здавалася б, чаго мне гэтым усім пераймацца? Вунь Кіеў і то не асабліва пераймаецца, здаўшы Крым фактычна без супраціву. Але справа ў тым, што разам з украінскімі караблямі і ваеннымі базамі, разам з вінаграднікамі Масандры і Судацкай крэпасьцю, разам з «Артэкам» і пісьменьніцкім домам творчасьці «Кактэбель» Расея захапіла і маленькі кавалачак Беларусі. Магілу Максіма Багдановіча на старых ялцінскіх могілках. Выбачайце, але гэта гісторыка-мэмарыяльная каштоўнасьць, кажучы бюракратычнай мовай. Усталяваны ўжо ў часы незалежнасьці помнік зь белага мармуру ў антычным стылі каштаваў беларускаму Міністэрству культуры нятанна, нездарма чыноўнікі так доўга ня зносілі стары помнік зь недарэчнай зоркай. Нятанна — гэта паводле рахункаў Мінкульту. А як ацаніць той помнік і тую магілу паводле рахункаў беларускай душы?

«Не прылятаюць з выраю магілы», — напісала Данута Бічэль, якая стварыла ў Горадні свой уласны помнік Багдановічу — Музэй паэта. Але часам магілы ратуюць ад занядбаньня ці зьнішчэньня, перавозячы іх у другое месца. Вось і пасьля расейскай анэксіі Крыму ў Беларусі ізноў загаварылі пра вяртаньне парэшткаў Багдановіча на радзіму. Узяць бы ўсё разам зь беламармуровым ансамблем ды перавезьці ў Менск, дзе паэт нарадзіўся. Вызваліць, так бы мовіць, сьвятыню з расейскага палону.
Надмагільны помнік М. Багдановічу. Аўтары – Леў і Сяргей Гумілеўскія.

Надмагільны помнік М. Багдановічу. Аўтары – Леў і Сяргей Гумілеўскія.



Усё нібыта слушна. І пытаньне гэтае не ўпершыню паўстае. І падымалі яго ў розныя часы людзі аўтарытэтныя. Скажам, яшчэ ў 1981 годзе Зоська Верас, якая ўспрымалася ў беларускім грамадзтве як ахоўніца памяці Багдановіча, зьвярталася ў гэтай справе ў Саюз пісьменьнікаў. А Ларыса Геніюш тады ж, у пачатку 80-х, у лістах да ўплывовых сяброў (Максіма Танка, Васіля Быкава, Адама Мальдзіса) прыводзіла ў прыклад культурных чэхаў: «Я бачыла, як стваралі яны сабе пантэон на Вышаградзе. „Ač zemreli, ještě mluvi“ („Хоць памерлі — яшчэ прамаўляюць“) — напісана там. Быў у чэхаў найбольшы паэт-рамантык Карэл Маха. У цяжкі для іх час і ягоныя астанкі забралі ўрачыста зь зямлі Судэцкай і перанесьлі ў Прагу, дзе на той час абавязаны быў пабываць кожны чэх. Здавалася, што браў у гэтым удзел увесь народ — так усё было ўрачыста, ахвярна. Чаму ж бы і нам не перанесьці нашага Страціма-Лебедзя на ручніках бліжэй да сэрца народу?» (ліст да А. Мальдзіса ад 17 траўня 1981 году).

Ідэя стварэньня беларускага пантэону, бясспрэчна, і сёньня заслугоўвае ўвагі. Добра было б перавезьці ў той пантэон Уладзімера Жылку з Уржума, Алеся Гаруна з Кракава, Уладзімера Дубоўку з Масквы, Браніслава Эпімаха-Шыпілу зь Пецярбурга...

На жаль, перапахаваньне Максіма Багдановіча, якое сапраўды магло б стаць агульнанацыянальнай акцыяй, немагчымае ў прынцыпе. Нават калі расейскія акупацыйныя ўлады адгародзяць Крым калючым дротам і жывым ланцугом зь зялёных, узброеных да зубоў, чалавечкаў, якія будуць рабіць асабісты дагляд усім, хто ехацьме з боку мацерыковай Украіны (а кудой мы маем ехаць? не праз Маскву ж).

Справа ў тым, што дакладнае месцазнаходжаньне магілы Максіма Багдановіча невядомае. Няхай мяне паправяць дасьведчаныя багдановічазнаўцы (буду з гэтага толькі ўсьцешаны), але наяўныя на сёньня зьвесткі пра месца, дзе закончыў свой зямны шлях беларускі геній, прымушаюць засумнявацца нават самых легкаверных.
Няхай мяне паправяць дасьведчаныя багдановічазнаўцы (буду з гэтага толькі ўсьцешаны), але наяўныя на сёньня зьвесткі пра месца, дзе закончыў свой зямны шлях беларускі геній, прымушаюць засумнявацца нават самых легкаверных.

Дакладнае апісаньне пакінуў нам толькі адзін чалавек — бацька паэта. Адам Ягоравіч спазьніўся на пахаваньне, яго звадзіла на могілкі гаспадыня, у якой кватараваў Максім. Пазьней Багдановіч-старэйшы запіша ў сваіх успамінах: «Похоронили его на самой окраине кладбища внизу, в трёх саженях от окраины, близ дороги, со стороны, противоположной к морю, т. е. со стороны гор. В головах поставлен небольшой белый крест с надписью на жестяной табличке его имени (студент Максим Богданович), и когда он скончался. В двух саженях по прямой линии от изголовья похоронен студент Карисон. Место выбрано чрезвычайно неудачно: ливни и потоки с крутого склона кладбища легко могли размыть могилу. Я нанял сторожа, чтобы могилу укрепить, но сделано ли это, не знаю. Дважды писал из Ярославля, но не получил ответа: известно, как действовала в то время почта, да и людям было не до чужих могил».

Зьвернем увагу на асаблівую прыкмету — суседняе пахаваньне студэнта Карысана, да якога зробленая асноўная прывязка магілы Багдановіча. Яно не захавалася, а там, дзе яно магло быць, — сёньня можна пабачыць пампэзны надмагільны помнік нейкаму Бірукову.

Ці не размылі магілу на даволі крутым схіле ліўневыя патокі, якіх асьцерагаўся Адам Ягоравіч? Цалкам магчыма. Прынамсі, калі ў 1924 годзе ў Ялту прыехалі маладыя паэты Ўладзімер Дубоўка, Анатоль Вольны і Андрэй Александровіч, дакладнае месца яны вызначыць не змаглі. Знайшлі таблічку з надпісам, якая ляжала на зямлі. Купілі ў прымогілкавай вартоўні крыж і паставілі яго на падазрона роўным месцы. Андрэй Александровіч праз тры гады апублікаваў элегічны верш: «Крыж невялічкі, / ад сонца на ім / паблякла таблічка: / студэнт Максім...».

Падкрэсьлім: ужо не статычная магіла студэнта Карысана, а лёгкарухомая таблічка зрабілася асноўным арыенцірам. Але яе вадой магло зьнесьці ўніз па схіле.

А цяпер уявім цяжкаўяўнае. Адмыслоўцы асьцярожна дэмантуюць беламармуровы помнік, раскопваюць магілу, а там — парэшткі не Багдановіча. Ці — увогуле няма ніякіх парэшткаў. І што далей? Ціхенька закапаць і вярнуць помнік на месца? Не, розгаласу пазьбегнуць ня ўдасца, і тады рэальная на сёньня магіла Багдановіча ператворыцца ў кенатаф — сымбалічнае пахаваньне. Як пахаваньне Антона Луцкевіча на віленскіх Росах ці ксяндза Адама Станкевіча ў Арлянятах на Смаргоншчыне.

Нічога не паробіш — магілы геніяў губляліся і ў пазьнейшы час. Скажам, у Ялабузе на старых могілках шыльда паведамляе: «В этой стороне кладбища похоронена Марина Цветаева». Пахаваная ў 1941-м, падчас Другой сусьветнай, калі таксама «было не да чужых магілаў».

У выпадку з Багдановічам сытуацыя ўсё ж больш канкрэтная. Дзякуючы тром паэтам-маладнякоўцам, якія ў вершах часам хапалі Бога за бараду, а паехаўшы ў Ялту, паставілі на вызначаным імі самімі месцы пахаваньня ўлюбёнага паэта хрысьціянскі крыж. Калі б не яны — беларусы таксама ведалі б толькі, што «ў тым баку могілак».

На тыя Ауцкія (пазьней названыя Брацкімі) могілкі аўтар гэтых радкоў трапіў перад самым скананьнем савецкай імпэрыі — улетку 1991-га. Ні мапаў, ні паказальнікаў на могілках не было. Зайшоў у адміністрацыйнае памяшканьне, дзе мяне падазрона агледзела чырвонатварая цётка, перад якой на стале стаяў пачаты трохлітровік мясцовага віна (яго прадавалі на набярэжнай з бочак, на разьліў). «Белорусский поэт? Умер в 1917 году? Ну, у нас и книги записи погребений только с после войны. Да вы не огорчайтесь, херес вот у нас замечательный. Хотите?».

Піць зь цёткай крымскі херэс мне не хацелася, і я пайшоў далей блукаць па неабсяжных могілках. Ужо амаль без надзеі. Хадзіў і чытаў, што помнілася: «У родным краі ёсьць крыніца / жывой вады. / Там толькі я змагу пазбыцца / сваёй нуды...». Раптам у вузкім праходзе між пахаваньнямі зьявіўся кот. Чорны, зь белымі лапкамі. Беллап — сказалі б мае папярэднікі, паэты-маладнякоўцы. Кот быў дагледжаны, зусім не выглядаў на могілкавага валацугу. Ён упэўнена лавіраваў між агароджамі, садзіўся і азіраўся, нібы чакаючы. Я пайшоў за катом, і неўзабаве ён вывеў мяне проста да магілы Багдановіча. Пасядзеў трохі ля клюмбы са штучнымі васількамі і зьнік — як растварыўся між помнікамі... Што гэта было?
Згадайма хоць бы таямнічы Крымскі дзёньнік, вершы пра Клаву ці разьвітальнае: «Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю, / у белым доме ля сіняй бухты...». Ня трэба пазбаўляць паэта «краіны сьветлай», хаваецца тут нейкая неразгаданая загадка.

Той незвычайны кот-навігатар паслугаваў ня толькі мне. Праз гады два я са зьдзіўленьнем прачытаў у «ЛіМе» эсэ Зянона Пазьняка «Сьветлы, самотны наш Максім», дзе таксама дарогу да паэтавай магілы паказваў кот...

Багдановіч прыжыўся ў Крыме, а Крым упісаўся ў легенду ягонага жыцьця. Згадайма хоць бы таямнічы Крымскі дзёньнік, вершы пра Клаву ці разьвітальнае: «Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю, / у белым доме ля сіняй бухты...». Ня трэба пазбаўляць паэта «краіны сьветлай», хаваецца тут нейкая неразгаданая загадка. І сумненьні ж не адкінеш, ад якіх мы ўжо ніколі не пазбавімся.

Сёньня Крым пад ціскам абставінаў мяняе грамадзянства — з украінскага становіцца расейскім. Крэмль і Крым — адкарэнныя словы... Жывыя стаяць у чэргах па расейскія пашпарты, а мёртвым уся гэтая мітусьня непатрэбная. Ці ў складзе Ўкраіны, ці ў складзе Расеі магіла Багдановіча павінна мець аўтаномны, недатыкальны статус. І хай над усім Крымам сёньня — расейскі трыкалёр, над маленькай аўтаноміяй Багдановіча сёньня і назаўжды — бел-чырвона-белы. А тым, хто заблукае ў пошуках гэтае аўтаноміі, дарогу пакажа кот Беллап, якому, падазраю, таксама ня варта прапаноўваць расейскае грамадзянства.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG