Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі пра абвал крычаўскай гімназіі: Школа пры падрыхтоўцы ніякіх пытаньняў не выклікала


У райцэнтры Крычаў, што на Магілёўшчыне, на падворку мясцовай гімназіі сёньня ўрачыстай лінейкі да Дня ведаў не было. 29 жніўня частка будынка навучальнай установы абрынулася. Дзяцей разьмеркавалі па іншых школах райцэнтру. Прычыны абвалу актавай залі і сталоўкі высьвятляе адмысловая камісія.

На ўрачыстых лінейках ля іншых школ гімназісты, як кажуць іхныя бацькі, пачуваліся чужымі. Настрой быў пануры. Разьмеркаваньнем навучэнцаў гімназіі ня ўсе бацькі засталіся задаволеныя. На сустрэчы зь імі старшыня райвыканкаму Васіль Сысоеў і іншыя чыноўнікі паабяцалі разьмеркаваньне перагледзець. Бацькі настойваюць, каб гімназісты зноў былі разам.

«Параскідалі дзяцей па трох школах. Пастаялі мы на лінейках на тых як бедныя родзічы, — пераказвае свае адчуваньні бабуля адной гімназісткі. — Трэба было зьбіраць лінейку ля гімназіі і падзякаваць Богу, што ў ёй не было людзей. Я ніколі ў жыцьці не разумела, як гэта будаваць на зэканомленым матэрыяле і датэрмінова ўводзіць у строй. Так жа было ў савецкі час. Дый цяпер бывае. І з гімназіяй тое ж атрымалася. Кажуць, што цэгла ляцела пустая, а дзе цэмэнт быў — там жа і пясок, відаць, ветрам выдзьмула».

Будынак, дзе цяпер гімназія, узьвялі ў 1979 годзе. Да навучальнага году гімназія была падрыхтаваная, заяўляе начальніца раённага аддзелу адукацыі Дзіна Шамро.

«Рамонтныя працы перад навучальным годам былі праведзеныя. Былі замененыя вокны. Праведзены касмэтычны рамонт, — цьвердзіць чыноўніца. — Школа пры падрыхтоўцы ніякіх пытаньняў не выклікала. Візуальны агляд будынка не прадказваў нічога кепскага».

Уваход на тэрыторыю гімназіі закрыты. Прапускаюць толькі настаўнікаў, якія мусяць наведаць будынак па службовай неабходнасьці. Тая частка будынка, якая абвалілася, застаецца неразабранай. Заяўляецца, што ідзе экспэртыза абломкаў.

Паводле жыхароў бліжэйшых да навучальнай установы дамоў, гімназічны падворак застаецца пад аховай міліцыянтаў.

«Вядома ж, людзі абураныя і шакаваныя адначасова. Дзякуюць Богу, што гэта адбылося напярэдадні, а ня першага верасьня. У дзяцей сьвята сапсаванае. Усе гарадзкія службы напружаныя, — кажа пра настроі людзей адзін з жыхароў прылеглага да гімназіі дому. Паводле яго, настаўнікаў папярэдзілі, каб не даваць камэнтары незнаёмым, якія спрабуюць выпытаць у іх пра інцыдэнт.

«Улада, відаць, спрабуе максымальна схаваць інфармацыю», — мяркуе жыхар Крычава.

У дзень інцыдэнту журналіст спрабаваў пагутарыць з супрацоўнікамі дзіцячага садку, што побач з гімназіяй. Скончылася тым, што журналіста выставілі з двара:

«Выбачайце, але нашы супрацоўнікі ня будуць вам даваць ніякіх інтэрвію», — заявіла жанчына, якая назвалася загадчыцай дзіцячага садку. Яе падначаленыя пасьпелі сказаць, што самога здарэньня ня бачылі, толькі чулі моцны грукат.

У той жа дзень ля гімназіі зьбіралася багата людзей. Выказацца пра ўбачанае ня ўсе наважваліся. Некаторыя заяўлялі, што на сьценах будынку гімназіі бачылі трэшчыны. Пра іх кажа і сталага веку жанчына:

«І трэшчыны гэтыя дужа даўнія. Нават пра іх дзеці-падлеткі кажуць. Дый староньнія людзі адзначаюць, што трэшчыны ўтварыліся даўно, і заяўляюць пра абвал будынку: „А што яны хацелі?“ А тое, што цяпер дакумэнтацыя ўздымаецца ды высьвятляецца, хто будынак узводзіў, дык у нас усё гэтак будуецца. Мы во рамонт робім кватэры, дык там адзін пясок у сьценах. Дом шасьцідзесятага году».

Вядома, што на сёньня на Магілёўшчыне абсьледаваныя будынкі дзевяці школ, якія ўзьвялі паводле аналягічнага праекту. Хібаў у канструкцыях ня выяўлена. У гэтых школах пачалі вучыцца дзеці.

Пра лёс крычаўскай гімназіі пэўнай інфармацыі няма. Заяўляецца, што калі будынак абсьледуе ўрадавая камісія, тады і вырашаць, ці мэтазгодна яго аднаўляць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG