Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаў: ПМК адсудзіла мільён у газэты «Вольны горад»


10 верасьня Крычаўскі раённы суд абавязаў журналістаў незалежнай газэты «Вольны горад» выплаціць 945 тысяч рублёў Чэрыкаўскай перасоўна-мэханізаванай калёне № 280.

Гэтыя грошы прадпрыемства патраціла на тое, каб давесьці суду, што «Вольны горад» сваім артыкулам «Прыгонныя», распаўсюдзіўшы непраўдзівыя зьвесткі, дыскрэдытаваў кіраўніцтва арганізацыі і падарваў яе дзелавую рэпутацыю.

Паводле пазоўнікаў, яны мусілі наняць адваката, каб той прадстаўляў у судзе іхныя інтарэсы. Яго паслугі абышліся прадпрыемству ў 600 тысяч рублёў. Яшчэ трыста тысяч — дзяржаўная пошліна. 45 тысяч — выдаткі, зьвязаныя з разглядам пазову аб кампэнсацыі выдаткаў.

17 чэрвеня Крычаўскі суд вынес па справе «Прыгонных» пастанову на карысьць ПМК і абавязаў журналістаў надрукаваць абвяржэньне непраўдзівых, як гаварылася ў судовым рашэньні, зьвестак. Журналісты, у сваю чаргу, абскардзілі гэтае рашэньне ў абласным судзе.

Трое журналістаў «Вольнага гораду» — галоўны рэдактар Сяргей Няроўны, заснавальнік газэты Ўладзімер Кудраўцаў і аўтар артыкула «Прыгонныя» Сяргей Гердзій — мусяць разам выплаціць ПМК 945 тысяч рублёў.

Сяргей Няроўны
Сяргей Няроўны
«Яны мелі права зьвярнуцца ў суд. Так і зрабілі. Мы прайгралі той першы суд, таму аплачваць выдаткі нам давядзецца. Іншая справа, хто ім падказвае гэта ўсё зрабіць. Для будаўнічай арганізацыі 945 тысяч рублёў — гэта не вялікія грошы. Вось сёньня яны прыехалі ў суд на машыне. Таксама выдаткі. Якія, зразумела, мы ім ня будзем аплачваць. Складаецца ўражаньне, што ПМК — дужа заможнае прадпрыемства, калі можа дазволіць сабе гэтак марнаваць грошы. Мы не прызнаем законным вырак па справе „Прыгонных“ і гэты вырак па кампэнсацыі выдаткаў. Нам так і не прадставілі пераканаўчых довадаў, што ў ПМК у час выплачваўся заробак», — пракамэнтаваў Свабодзе судовае рашэньне Сяргей Няроўны.

У публікацыі «Прыгонныя» гаварылася пра затрымку выплат заробкаў у ПМК. У рэдакцыю, паводле журналістаў, патэлефанавала жонка аднаго з работнікаў і паведаміла, што муж ня можа атрымаць заробленага. У артыкуле кіраўніцтва ПМК угледзела спробу журналістаў дыскрэдытаваць ня толькі адміністрацыю прадпрыемства, але і раённую вэртыкаль улады.

Да 21 верасьня «Вольны горад» мусіць надрукаваць абвяржэньне зьвестак, распаўсюджаных у артыкуле «Прыгонныя».

Судовыя цяжбы ПМК з «Вольным горадам» на гэтым не завершаныя. Журналістаў чакаюць яшчэ два пазовы ад чэрыкаўскага прадпрыемства.

У адным зь іх «Вольнаму гораду» зноў выстаўляюць абвінавачваньні ў дыскрэдытацыі кіраўніцтва і падрыве дзелавой рэпутацыі. Гэтым разам падставай для суду стаў артыкул «З абвяржэньнем пачакаем...»

У другім ужо двое працаўнікоў ПМК намагаюцца спагнаць з журналістаў 16 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Працаўнікі выступалі сьведкамі па справе «Прыгонныя» і палічылі сябе зьняважанымі, прачытаўшы ўжо ў артыкуле «З абвяржэньнем пачакаем...», што яны, як напісалі журналісты, працуюць без працоўных кантрактаў. У сваю чаргу самі журналісты заяўляюць, што ў артыкуле пра працаўнікоў толькі пераказалі іхныя словы, якія яны агучылі, калі давалі тлумачэньні суду.

Галоўны рэдактар «Вольнага гораду» Сяргей Няроўны лічыць прэтэнзіі ад ПМК палітычна матываванымі і скіраванымі на тое, «каб зьнізіць напал крытычных публікацыяў пра сытуацыю ў Чэрыкаўскім раёне». Паводле журналіста, сапраўдных аўтараў пазоваў трэба шукаць у Чэрыкаўскім райвыканкаме, які абвясьціў «вайну» «Вольнаму гораду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG