Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крутое піке Юрыя Чыжа: ад самага пасьпяховага бізнэсоўца Беларусі да арыштанта


Юры Чыж, архіўнае фота

Юры Чыж, архіўнае фота

Свабода ўзгадала, зь якімі гучнымі падзеямі было зьвязана імя 52-гадовага алігарха ў апошнія тры гады.

Юры Чыж яшчэ нядаўна лічыўся адным з найбольш уплывовых бізнэсоўцаў краіны, які ўваходзіў у найбліжэйшае кола Аляксандра Лукашэнкі — яго нават называлі «кашальком» прэзыдэнта. У 2013 годзе Юры Чыж узначаліў рэйтынг 200 самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі, які рэгулярна складае інтэрнэт-партал «Ежедневник». У тым жа годзе ён атрымаў узнагароду ад Аляксандра Лукашэнкі — ордэн Айчыны III ступені.

Але ўжо напачатку 2016 году Чыж у гэтым рэйтынгу адкаціўся на 12-е месца, а ўчора СМІ паведамілі пра яго затрыманьне.

Свабода ўзгадала, зь якімі гучнымі падзеямі было зьвязана імя 52-гадовага алігарха ў апошнія тры гады.

Чыж пад санкцыямі і бязь іх

У 2012 годзе Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Юрыя Чыжа. Санкцыі супраць алігарха і зьвязаных зь ім кампаніяў былі ўведзеныя з тлумачэньнем, што «Юры Чыж зьвязаны з прэзыдэнтам і ягонымі сынамі і атрымлівае прэфэрэнцыі і падтрымку ад рэжыму, асабліва праз свой холдынг „Трайпл“».

Але ў 2015 годзе суд Эўразьвязу адмяніў рашэньне Рады ЭЗ пра ўвядзеньне санкцыяў супраць Юрыя Чыжа і ягоных прадпрыемстваў. Суд палічыў, што эўразьвязаўскія структуры маюць замала доказаў датычнасьці Юрыя Чыжа да фінансаваньня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У выніку санкцыі супраць Юрыя Чыжа былі прызнаныя неабгрунтаванымі і адмененыя, а самому Чыжу мусілі вярнуць усе панесеныя ім у судзе выдаткі.

Камэнтуючы рашэньне суду, Юры Чыж падкрэсьліў, што «абсалютна спакойна» ўспрыняў навіну пра адмену санкцый: «За тры з паловай гады я прывык працаваць ва ўмовах санкцый», — заявіў ён журналістам.

Удар па «правай руцэ» Чыжа

У канцы жніўня 2015 году стала вядома пра арышт «правай рукі» Юрыя Чыжа, саўладальніка «Трайпла» Ўладзімера Япрынцава і ягонага сына Казьбека. У справе, паводле інфармацыі СМІ, фігуравала спроба вываду капіталу за мяжу. Называліся сумы ад 30 да 90 млн даляраў.

Пазьней стала вядома, што за некалькі апошніх гадоў Казьбек Япрынцаў набраў мільённых даўгоў, якія часткова могуць легчы на «Трайпл».

Казьбек Япрынцаў

Казьбек Япрынцаў

Уладзімер Япрынцаў

Уладзімер Япрынцаў

Ва Ўкраіне кампанію, падкантрольную Япрынцаву-малодшаму, ужо судзілі і прызналі за ёй 1 мільён даляраў доўгу. Крыніца паведаміла Радыё Свабода, што прынамсі 5 кампаніяў страцілі свае грошы, заключыўшы з Казьбекам Япрынцавым дамовы на пастаўку біядызэлю.

Дамовы заключаліся на афшорную кампанію Казьбека Edena Investments, зарэгістраваную на Брытанскіх Віргінскіх астравах. Партнэры сьцьвярджаюць, што пры заключэньні дамоваў Япрынцаў-малодшы карыстаўся іміджам «Трайпла», дзе нібыта працаваў мэнэджэрам, праводзіў перамовы ў офісе кампаніі і меў рэкамэндацыі ад ранейшых партнэраў «Трайпла».

А калі пра ягоныя праблемы стала вядома бацьку, той ад свайго імя зрабіў «Трайпл» гарантам выплаты сынавых даўгоў.

Старшыня КДБ Валер Вакульчык у сьнежні 2015 году пацьвердзіў інфармацыю пра затрыманьне Ўладзімера Япрынцава і паабяцаў у першым квартале 2016 году накіраваць крымінальную справу ў суд. Ён дадаў, што Япрынцаў абвінавачваецца ў махлярстве.

Даўгабуд несапраўднага «Кемпінскі»

Зь Юрыем Чыжом таксама зьвязваюць будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Кемпінскі» ў гістарычным цэнтры Менску. Кампанія «Трайпл» была адным з заснавальнікаў «Эліт Эстэйт» (Elite Estate JLCC company) — кампаніі-замоўцы будаўніцтва «Кемпінскі».

Указам прэзыдэнта Беларусі ад 11 траўня 2010 «Эліт Эстэйт» даваліся надзвычайныя льготы пры пабудове комплексу, але ў вызначаныя даты ўводу ў эксплюатацыю ўкласьціся не атрымалася. Абʼект павінен быў быць здадзены ў 2013 годзе, аднак у 2015 годзе тэрміны будаўніцтва былі ў чарговы раз падоўжаныя.

Пры гэтым, як стала вядома Свабодзе, сусьветны брэнд Kempinski ня мае дачыненьня да будаўніцтва комплексу ў цэнтры Менску, а таксама ня мае ніякіх дамоваў наконт нерухомасьці ў Беларусі.

Пра тое, што каля менскага цырку будзе менавіта «Кемпінскі», прэзыдэнт сам напісаў ва ўказе № 243. Брэнд прыкрыў сабой зьяўленьне ў самым цэнтры прыватных апартамэнтаў (каля 14 тысяч кв.м.) і офісаў (каля 15 тысяч кв.м.), а яшчэ 23 тысячы кв. м. у праекце адведзена на паркоўку і іншыя дапаможныя пабудовы. Тыя ж 23 тысячы кв. м. паводле праекту займае і будынак гатэлю.

Прычым усё гэта суправаджалася парушэньнямі заканадаўства аб ахове гістарычных помнікаў, абвінавачаньнямі ў карупцыі ды грамадзкім абурэньнем.

Дзяржаўная ж прапаганда прыканцы 2009 году прадстаўляла будаўніцтва комплексу так, нібыта «Кемпінскі» ледзь ня ўпрошваў прэзыдэнта Лукашэнку даць магчымасьць адкрыць гатэль у Менску.

Будынак каля цырку дагэтуль не завершаны

Будынак каля цырку дагэтуль не завершаны

Пры гэтым комплекс «Кемпінскі» — гэта не адзіны даўгабуд Чыжа. Улетку 2015 года ўказам прэзыдэнта былі перанесены тэрміны ўводу ў эксплюатацыю жыльля для патрэб Мінабароны. Паводле інфармацыі СМІ, завяршыць будаўніцтва меркавалася ў 2015 годзе, але дабудоўваць 100 тысяч квадратных мэтраў для вайскоўцаў кампаніі Юрыя Чыжа ў выніку будуць да 2019 году.

З будоўляй дамоў вайскоўцам быў зьвязаны яшчэ адзін скандал — у чэрвені 2014 году жыхары Валожына пратэставалі супраць будаўніцтва кампаніяй «Трайпл» дамоў на месцы расстрэлу габрэйскага насельніцтва. Мясцовыя ўлады пры гэтым адмаўлялі, што на месцы будоўлі засталіся парэшткі расстраляных.

Няўдалыя праекты

Паводле інфармацыі СМІ, за 2013-2016 гады Чыж пазбавіўся ад часткі сваіх актываў.

З 2013 году алігарх пачаў продаж сваіх рэстаранных актываў, уключаючы «Ракаўскі бровар», рэстаратару Паўлу Палонскаму. У 2014 годзе Чыж прадаў сваю долю ў Менскім доме вокнаў, які ў наступным годзе быў прызнаны банкрутам. Нерэалізаваным у 2015 годзе застаўся праект па будаўніцтве малакаперапрацоўчага завода ў горадзе Пракоп’еўску (Кемераўская вобласьць Расеі), запланяваны сумесна з уладальнікамі Сібірскага дзелавога саюзу.

Гмах «Ля Траецкага»

Гмах «Ля Траецкага»

Што тычыцца жыльлёвага комплексу прэміюм-клясу «Ля Траецкага», які быў пабудаваны ў самым цэнтру Менску і здадзены ў эксплюатацыю ў 2012 годзе, то кватэры там прадаваліся зь цяжкасьцю праз надзвычай высокія кошты. Некаторыя з кватэр гэтага комплексу былі ў выніку падораны знаным беларускім спартоўцам (Дарʼі Домрачавай, Антону Кушніру, Але Цупер).

«Яны заслужылі. Да таго ж гэта стане добрым прыкладам для барцоў і футбалістаў. Хай ведаюць, што такая опцыя была прадугледжана і для іх. Але для гэтага трэба чагосьці дамагчыся», — заявіў Чыж «Советской Белоруссии», камэнтуючы гэтыя падарункі.

З Чыжом таксама зьвязвалі (хоць і памылкова) будаўніцтва двух буйных сьвінакомплексаў на сто тысяч галоў кожны ў Маладэчанскім раёне непадалёк ад вёсак Соўлава і Палачаны, чым паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 220 ад 1 чэрвеня 2015 году павінна займацца кампанія «Вялес-міт».

Кампанія «Вялес-міт» раней сапраўды належала Юрыю Чыжу. Чыжоўскі «Трайпл» выкупіў у 2009 годзе стратны Маладэчанскі мясакамбінат і стаў пасьпяхова яго разбудоўваць. Аднак пазьней ад праектаў двух сьвінакомплексаў Юры Чыж адмовіўся, сьпісаўшы іх на свайго старога паплечніка Аляксея Алексіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG