Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крумкачы» — у Найвышэйшай лізе. У вырашальнай гульні яны перамаглі тытуляваны «Дняпро» з Магілёва ФОТА


Поўны аншляг на хатнім стадыёне, напружаная гульня й сьвяткаваньне перамогі разам з заўзятарамі: у такой атмасфэры футбольны клюб «Крумкачы» перагуляў «Дняпро» з Магілёва і выйшаў у Найвышэйшую лігу. Свабода наведала вырашальны матч.

Пра прэтэнзіі «Крумкачоў» на Найвышэйшую лігу ніхто не казаў да кастрычніка. Увесь сэзон каманда крок за крокам падымалася зь нізу турнірнай табліцы, падбіраючыся да тройкі лідэраў. Сёлета каманды, якія зоймуць зь першага па трэцяе месца, пераходзяць у Найвышэйшую лігу. Абсалютнымі фаварытамі ўвесь сэзон лічыліся «Іслач» з Менскага раёну, «Гарадзея» й магілёўскае «Дняпро», у чыім вяртаньні ў Найвышэйшую лігу мала хто сумняваўся.

Але за чатыры туры да канца чэмпіянату «Крумкачы» занялі чацьвёртае месца, і пра іх упершыню сталі казаць, як пра магчымых удзельнікаў Найвышэйшай лігі.

«Нават калі мы нічога не казалі на публіку, Найвышэйшая ліга — гэта была наша мэта», — сказаў Свабодзе па заканчэньні гульні Васіль Глезаў, сузаснавальнік «Крумкачоў».

Пры гэтым трэнэр і заснавальнікі вельмі стрымана казалі пра свае намеры патрапіць у вышэйшы дывізіён, абмяжоўваючыся выказваньнямі ў стылі «нам трэба выйграваць у кожным матчы».

Канчаткова на трэцяе месца яны выйшлі ў мінулым туры. Па супадзеньні апошняя гульня ў іх выпала на «Дняпро». Перавага ў адзін бал дазваляла «Крумкачам» згуляць апошні матч унічыю, а «Дняпру» для выхаду у Найвышэйшую лігу патрэбна была толькі перамога.

На стадыён САК «Алімпійскі» ў Менску прыйшлі больш за тысяча чалавек — абсалютны рэкорд «Крумкачоў» за два гады іхняга існаваньня. Усе заўзятары не зьмясьціліся на стадыёне і назіралі за матчам з-за плоту. Больш за сотню фанатаў прыехалі з Магілёва.

Усе падзеі адбыліся ў другім тайме. Спачатку быў выдалены гулец «Дняпра» за зрыў атакі. Потым у перавазе «Крумкачы» забілі два галы. Яшчэ двойчы яны патрапілі ў штангу ў канцы матчу.

«Для нас у гэтым сэзоне кожная гульня была як вырашальная, — сказаў Глезаў. — І нарэшце ўсё вырашалася. Тут няма чаго казаць: мы вельмі шчасьлівыя зараз».

Кіраўніцтва каманды заяўляе, што яны знойдуць фінансы для гульні ў Найвышэйшай лізе. Але падрабязнасьці пакуль апускаюць.

«Пляны сёньня — добра пачаставаць хлопцаў, бо ў нас сапраўднае сьвята, — сказаў Глезаў. — А заўтра ўжо будзем вырашаць, як жыць далей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG