У сталіцы Нарвэгіі Осла адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру калюмбійскаму прэзыдэнту Хуану Мануэлю Сантасу.
Калюмбійскі палітык атрымаў гэтую прэстыжную ўзнагароду за свой уклад у падпісаньне пагадненьня аб міры зь леварадыкальнай групоўкай ФАРК, паклаўшы тым самым канец грамадзянскай вайне, якая доўжылася 52 гады і ў якой загінулі больш за 200 тысяч чалавек.
Сантас атрымаў залаты мэдаль, грамату і чэк на 8 млн швэдзкіх крон (870 тысяч даляраў).
Нобэлеўскі камітэт ацаніў працу Сантаса як рухаючую сілу мірнага пагадненьня, падпісанага ў лістападзе 2016 году паміж урадам Калюмбіі і баевікамі.
У суботу таксама адбудзецца ўзнагароджаньне і іншых сёлетніх нобэлеўскіх ляўрэатаў, але не ў Осла, а ў Стакгольме, дзе звычайна праходзіць гэтая цырымонія.
Вядома, што на ёй ня будзе сёлетняга ляўрэата ў галіне літаратуры — амэрыканскі сьпявак Боб Дылан адмовіўся прысутнічаць на імпрэзе. На яго просьбу ўзнагароду атрымае сьпявачка Пэці Сьміт.