Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэдыт прыхавалі ў антыкрызісны плян?


Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў

Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў

Сёньня ў Маскве праходзіць паседжаньне Вышэйшага дзяржаўнага савету так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Яно адбываецца на тле вострага эканамічнага крызісу і заходніх санкцый, выкліканых умяшаньнем Крамля ў падзеі ва Ўкраіне. Усё гэта адбілася на праграме перамоваў двух лідэраў. Паводле неафіцыйных крыніцаў, Лукашэнка сёньня будзе прасіць у Пуціна чарговы крэдыт на 2,5 мільёна даляраў.

Памочнік расейскага прэзыдэнта Юры Ўшакоў сказаў, што «ключавая ўвага аддадзена супольнай працы па пераадоленьні нэгатыўных тэндэнцыяў у эканоміцы дзьвюх краін». Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, таваразварот паміж партнэрамі ў 2014 годзе ня толькі не павялічыўся, а нават зьменшыўся на 1,5 мільярда даляраў. Правальна пачаўся і 2015 год: валавы ўнутраны прадукт Беларусі зьменшыўся на 0,4%, а Расеі — аж на 1,5%.

«Наша эканоміка вельмі моцна прывязаная да эканомікі Расеі», — кажа доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба:

«Калі ў мяне сябры пытаюцца, якія пэрспэктывы беларускай эканомікі, я ім адказваю: пэрспэктыва зьявілася як сьвятло ў канцы тунэля ў выглядзе адводу цяжкай вайсковай тэхнікі на Данбасе абодвума бакамі. Тут выбудоўваецца такі ланцужок — калі ёсьць нейкая пэрспэктыва, што Захад здыме свае санкцыі з Расеі, якія „сагнулі“ яе эканоміку, то тады, можа, і цана на нафту пачне ўздымацца. А калі ажыве эканоміка Расеі, тады нейкія пэрспэктывы зьявяцца і ў нашай эканомікі».

Што тычыцца крэдыту, то пакуль дакладна невядома, ці «падставілі Пуцін і Мядзьведзеў плячо Беларусі». Пра гэтае плячо Аляксандар Лукашэнка казаў у студзені на сваёй прэсавай канфэрэнцыі:

«Я маю цьвёрдыя дамоўленасьці з прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам: калі нам будзе цяжка, будзе вельмі цяжка, Расея плячо падставіць».

Афіцыйна паведамляецца, што прэм’еры Мядзьведзеў і Кабякоў сёньня падпісалі сумесны міжурадавы антыкрызісны плян. Некаторыя эканамісты раней казалі, што расейскі крэдыт можа ўвайсьці ў гэты дакумэнт. Такім чынам крэдыт могуць прыхаваць ад лішніх вачэй.

Беларусь пры вялікай ашчаднасьці можа працягнуць да прэзыдэнцкіх выбараў і без крэдыту, лічыць эканаміст Сяргей Чалы:

«Я, праўда, ня ўпэўнены, што такі варыянт ёсьць у сцэнарах нашых уладаў. Але калі так адбудзецца, прыйдзецца траціць рэзэрвы. Умоўна кажучы, два з паловай мільярды даляраў наяўных грошай там ёсьць. Можа, на год і хопіць, калі акуратна траціць.

Умоўна кажучы, два з паловай мільярды даляраў наяўных грошай там ёсьць. Можа, на год і хопіць, калі акуратна траціць

Груба кажучы, у нуль рэзэрвы не ператворацца. Але магчымасьці вытрымаць набег насельніцтва на банкі, як гэта было ў сьнежні, ужо ня будзе».

Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка абмеркавалі сёньня і сытуацыю ва Ўкраіне. Кіраўнік Беларусі, як перадае БЕЛТА, станоўча ацаніў указ Пятра Парашэнкі аб стварэньні канстытуцыйнай камісіі:

«То бок пачынаецца прапрацоўка Канстытуцыі — тое, пра што вы казалі ў Сочы. У рамках гэтага працэсу можна вырашыць усе пытаньні. Гэта велізарны прарыў», — лічыць Лукашэнка.

Сёньня ж Уладзімер Пуцін уручыў ордэн Аляксандра Неўскага «Президенту Республики Белоруссия» Аляксандру Лукашэнку. Менавіта такая фармулёўка — «Президенту Республики Белоруссия» — прапісаная ва ўказе прэзыдэнта Расеі № 577 ад 30 жніўня 2014 году.

Як гаворыцца ва ўказе Пуціна, Лукашэнка ўзнагароджаны ордэнам «за вялікі асабісты ўклад у разьвіцьцё традыцыйных сяброўскіх сувязяў паміж Расеяй і Беларусьсю, паглыбленьне двухбаковага ўзаемадзеяньня ў палітычнай, абароннай, эканамічнай і сацыяльнай сфэрах».

У расейскай герархіі ўзнагародаў ордэн Аляксандра Неўскага займае сёмае месца.

XS
SM
MD
LG