Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Краўцэвіч: Помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску — гэта экспансія «русского мира»


Алесь Краўцэвіч

Алесь Краўцэвіч

Гісторык Алесь Краўцэвіч лічыць, што ў Беларусі ідзе супрацьстаяньне дзьвюх плыняў чыноўнікаў — нацыянальнай і прарасейскай. Помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску — гэта адказ прарасейскай плыні на ўсталяваньне помніка Альгерду, які зьявіўся ў Віцебску ў 2014 годзе.

20 чэрвеня ў Віцебску ўсталявалі помнік Аляксандру Неўскаму і яго жонцы. Скульптурная кампазыцыя зьявілася на Плошчы 1000-годзьдзя Віцебску.

Адкрыцьцё скульптуры, якая паказвае сустрэчу князя з жонкай і сынам, заплянавалі на 24 чэрвеня, калі ў Віцебску сьвяткуюць Дзень гораду.

Ідэя ўсталяваць помнік Аляксандру Неўскаму належыць віцебскім гарадзкім уладам. У адказ на пратэсты віцяблян, якія кажуць пра адсутнасьць гістарычных сувязяў паміж Віцебскам і расейскім князем, улады прыдумалі аргумэнт. Маўляў, гэта будзе ня помнік Аляксандру Неўскаму, а скульптурная кампазыцыя, якая ўвасабляе сямейныя каштоўнасьці, бо другой жонкай Аляксандра Неўскага была віцебская княжна Аляксандра.

Гісторык Аляксандр Краўцэвіч сказаў у камэнтары Свабодзе, што з гістарычнага пункту гледжаньня Аляксандр Неўскі ня мае дачыненьня да беларускіх земляў. А тое, што помнік яму зьвіўся ў Віцебску, сьведчыць пра наступ «русского мира»:

«Апошняе дзесяцігодзьдзе ў Беларусі ідзе канкурэнцыя і змаганьне ў чыноўніцкіх асяродках. Змагаюцца дзьве плыні — нацыянальная, патрыятычная, дзякуючы якой у тым жа Віцебску паставілі помнік Альгерду, а другая — расейская. Помнік Аляксандру Неўскаму — гэта адказ прарасейскай часткі эліты. І я мяркую, што гэты адказ быў зроблены пад прамым ціскам з Масквы. У Расеі адсочваюць усё, што робіцца ў Беларусі, вельмі хваравіта рэагуюць на кожную шыльду і абʼяву на беларускай мове. Таму ўсталяваньне гэтага помніка — гэта праява наступу «русского мира».

Таго факту, што Аляксандр Неўскі быў жанаты на дачцэ полацкага князя, абсалютна недастаткова, каб ставіць яму помнік, дадаў Алесь Краўцэвіч:

«Аляксандр Неўскі ня меў абсалютна ніякага дачыненьня да гісторыі Беларусі. Ён быў прыхільнікам татарскага панаваньня. Цяпер Аляксандр Неўскі — гэта знакавая фігура „русского мира“. І тое, што помнік яму паставілі ў Віцебску, адназначна пра гэта гаворыць. Так, ён быў жанаты з дачкой полацкага князя. Ну і што? Ці мала хто быў жанаты з дочкамі нашых князёў. Польскі кароль, напрыклад. Дык мы ж ня ставім яму помнік».

Тым часам тэлевядоўца і ляўрэат прэміі Лукашэнкі «За духоўнае адраджэньне» Вячаслаў Бандарэнка ў камэнтары «чарнасоценскаму» сайту «Западная Русь» назваў незадаволенасьць ідэяй помніка Неўскаму «ціхім паўзучым фашызмам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG