Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На партызанскі канцэрт «Крамбамбулі» ў Вільні прыехалі 2,5 тысячы беларусаў ФОТА


7 лістапада ў Вільні ў канцэртнай залі «Compensa» адбыўся канцэрт гурту «Крамбамбуля». Раней Лявон Вольскі анансаваў гэтую сустрэчу з гледачамі як «апошнюю, перад сыходам у лясы», а свой апошні альбом «Чырвоны Штраль», выдадзены сёлета, ён цалкам прысьвяціў «партызанскай» тэматыцы.

А палове на восьмую каля ўваходу ў «Compensa» стаялі сотні людзей, многія беларусы прывезьлі з сабой нацыянальную сымболіку: бел-чырвона-белыя сьцягі і выявы герба «Пагоня». Нягледзячы на доўгія чэргі на беларуска-літоўскай мяжы, ахвотныя патрапілі на выступ «Крамбамбулі». Сярод гледачоў — беларусы-ўдзельнікі АТА — Ян Мельнікаў і Аляксей Скобля.

Хлопцы з тактычнай групы "Беларусь" збіраюць сродкі на помнік "Чаркашыну"
Хлопцы з тактычнай групы "Беларусь" збіраюць сродкі на помнік "Чаркашыну"

Лявон Вольскі зьявіўся на сцэне зь бел-чырвона-белым сьцягам у руках. Публіка адразу прыняла музыкаў «на ўра» — моладзь падпявала, танчыла, скакала. Акрамя беларускага нацыянальнага, у натоўпе лунаў украінскі сьцяг, а таксама фірмовы «мэрч» Крамбамбулі — прадукцыя, падрыхтаваная адмыслова да канцэрту. Сьцягі, майкі і торбы з эмблемай музычна-партызанскага «атраду» можна было набыць у фае, дзе яго распаўсюджвалі прадстаўнікі «Арт Сядзібы».

Канцэрт пачаўся з кампазыцыі «То ня дудка», якая ўжо пасьпела стаць інтэрнэт-гітом за апошнія месяцы. У першай частцы канцэрту прагучалі песьні з альбому «Чырвоны Штраль», а пасьля 10-хвіліннага перапынку аматары пачулі старыя гіты — «Госьці», «Турысты» і іншыя.

Напрыканцы Лявон Вольскі прасьпяваў «Тры чарапахі» гурту N. R. M, зьмяніўшы радок «Ты не чакай, сюрпрызаў ня будзе» на «Ты не чакай, чаканьне дастала». Потым ён і іншыя музыкі скокнулі са сцэны ў залю. гледачы падхапілі музыкаў і на руках пранесьлі ўздоўж сцэны. Канцэрт доўжыўся амаль тры гадзіны.

Усяго на імпрэзу прыйшлі каля 2500 чалавек. Заля гула: можна было пачуць споклічы «Жыве Беларусь» і «Слава Ўкраіне». Разыходзячыся, беларусы нават на вуліцы і ў грамадзкім транспарце не здымалі зь сябе нацыянальныя сьцягі.

Ці сапраўды ўчорашні канцэрт «Крамбамбулі» быў разьвітальным? І што канкрэтна мелі на ўвазе музыкі, зьбіраючыся «ісьці ў лясы»? Вось яшто напісана ў «Партызанскім маніфэсьце» гурта:

«Мы ведаем нашыя пушчы, бары і лясы. Адсюль мы дастанем кожнага акупанта. І кожны атрымае тое, чаго заслугоўвае. І нашая перамога непазьбежная, бо з намі старадаўні спокліч "Гэй, ліцьвіны, Бог нам радзіць!", бо ня мы ўварваліся ў іхнія хаты, а яны ў нашыя. Мы не хацелі гвалту. Яны яго хочуць. Каб мы калі каму чаго, дык мы ніколі нічога ніякага. А калі што якое?.. Ды што там якое!»

«Нашая партызанская дзейнасьць ня скончаная» — сьцьвярджае Лявон Вольскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG