Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краявіды — беларускія, цэны — альпійскія


Што бяда для камунальнікаў ды транспартнікаў — раздольле для аматараў зімовага адпачынку. Як лыжнікі ды сноўбардысты карыстаюцца выгодамі сьнежнага надвор’я? Фотарэпартаж з гарналыжнага комплексу «Лагойск».

Зусім не падобны да зімы сьнежань спаўна кампэнсуецца багатым на ападкі студзенем. Ці паспрыяла гэта аншлягу ў гарналыжных цэнтрах, якіх за апошнія гады нямала вырасла на беларускіх раўнінах?

Былы спартовец Аляксей Сазонаў атрымаў адукацыю гарналыжнага інструктара, у індывідуальным парадку дапамагае асвойваць лыжную грамату пачаткоўцам. Працаваў у шэрагу краінаў, мае досьвед навучаньня як у натуральным горным ляндшафце, так і на насыпных трасах кшталту беларускіх. Свабода паназірала за вечаровым майстар-клясам Аляксея ў комплексе «Лагойск»:

«Зусім не разумею панічных заяваў нашых сыноптыкаў ды ратавальнікаў, іх крыкаў пра аранжавы ўзровень небясьпекі, прыродную катастрофу і г.д. Самая нармальная зіма: мароз, дзякуй богу, не 40 градусаў, а ўсяго 5–10, нападала дастаткова сьнегу. Былі часы, калі навальвала не 30 сантымэтраў, а мэтар, і ніхто не скуголіў, ніхто ня плакаў. А цяпер зрабілі з гэтага цэлую праблему. Што тычыцца енку камунальнікаў, то гэта, хутчэй, праблема негатовасьці іхніх службаў. Хоць усе бачаць, што людзі актыўна дапамагаюць, разграбаюць, ніякай бяды няма. Іншая справа, што ёсьць хамства з боку кіроўцаў, і тут я магу зразумець абурэньне цяжарнай жанчыны, на вачах якой здаровы мужык, замест таго каб узяць у рукі рыдлёўку, назаўтра заяжджае на расчышчанае ёй жа месца».

«Лагойск»: вечаровыя сэансы без ажыятажу

«Лагойск»: вечаровыя сэансы без ажыятажу

Аляксей цярпліва тлумачыць навічкам, як правільна стаяць на лыжах, што рабіць, каб не ўляцець на ўсёй хуткасьці ў агароджу. Абавязкова трэба расказаць пра нюансы трасы — пад сьвежым сьнегам можа быць ледзяная скарынка. І галоўнае — прымусіць адкінуць браваду: недаацэнка сытуацыі рызыкуе скончыцца сур’ёзнай траўмай:

Інфармаваны — значыць, узброены

Інфармаваны — значыць, узброены

«Для нас цяперашняе надвор’е — канечне, вялікая радасьць. Хоць, што тычыцца горных лыжаў і трасаў, то апошнія паўтара дзясятка гадоў праблемаў вялікіх няма, дзякуючы абсталяваньню сьнегавытворчасьці. То бок ёсьць сьнежныя гарматы, засыпаецца схіл — дарэчы, ён так і так будзе засыпацца, нават пры наяўнасьці сьнегападаў, бо павінен быць падрыхтаваны паводле канкрэтных стандартаў. Пласт загрунтоўваецца, каб у выпадку разграбаньня мяккага сьнегу лыжы ня скрэблі па зямлі, а ўпіраліся ў ледзяністую аснову. Шмат каму зь ліку непадрыхтаваных гэта не падабаецца, але гэта не вызначальная праблема, таму ва ўсім сьвеце трасы рыхтуюцца па аднолькавых тэхналёгіях. Тое, што зьверху нападае шмат мяккага сьнегу, таксама добра — адзін толькі выгляд засьнежанай прасторы заварожвае. Калі вакол трасы не трава і зямля, а белае покрыва, то гэта дадае лішнюю порцыю бадзёрасьці».

Пад’ёмнік — адзін з непазьбежных артыкулаў выдаткаў

Пад’ёмнік — адзін з непазьбежных артыкулаў выдаткаў

Калі надвор’е спрыяе актыўнаму адпачынку, то пра эканамічную сытуацыю такога ня скажаш. Пацьверджаньнем таму, што пасьля працы аматары хуткаснага спуску не сьпяшаюцца расслабіцца на гарналыжнай трасе, — адсутнасьць аншлягу на лагойскіх схілах. Запытваю ў Аляксея Сазонава, ці толькі высокія кошты адпуджваюць сталых наведнікаў?

Каля падножжа трасы

Каля падножжа трасы

«Крызіс, само сабой, адчуваецца: і ў „Лагойску“ менш народу, і на іншых трасах. Але не выключаю, што колькасьць зьменшылася ня толькі з-за адсутнасьці грошай, проста людзі наеліся забавы, якая некалі была ў навінку. Прайшоў бум, які быў дзесяцігодзьдзе таму — галоўны пік захопленасьці горнымі лыжамі прыпаў дзесьці на 2004–2007-я гады. Тады і крамы вельмі добра прадавалі абсталяваньне, амуніцыю, і цэнтры былі запоўненыя. А цяпер гарналыжка амаль не прадаецца. Найперш, людзі самі пачалі крыху разьбірацца, шмат хто езьдзіць па замежжы, усё купляе там на зьніжках. Што тычыцца ўласна, скажам так, катальнасьці, то асабліва вялікіх спадаў ці ўсплёскаў я ня бачу, у большай ці ў меншай ступені, але катаюцца. Канечне, ня танна для Беларусі — у выходны 230 тысяч рублёў на 2 гадзіны з пад’ёмнікам, то бок на сям’ю цэньнік досыць адчувальны. Тым ня меней пад’ёмнікі не пустыя, людзі катаюцца».

Побач трэніруюцца канкурэнты — сноўбардысты

Побач трэніруюцца канкурэнты — сноўбардысты

Ня варта забывацца, што беларускія гарналыжныя цэнтры ня маюць да гор ніякага дачыненьня, а вырасьлі дзякуючы насыпаным курганам ды сталёвым канструкцыям. Пры гэтым, як кажа мой суразмоўца, цэньнікі на мясцовых базах мала саступаюць альпійскім курортам, а ўкраінскія, польскія ці славацкія дык істотна перасягаюць:

Задача-мінімум — даехаць да фінішу

Задача-мінімум — даехаць да фінішу

«Украіна цяпер увогуле ідзе асобным сэгмэнтам. То бок паехаць на сёньняшні дзень ва Ўкраіну — надзвычай выгадна па грашах. Яны вельмі канкрэтна адрэагавалі на цяперашнюю сытуацыю, на крызіс, таму, безумоўна, гэта самае таннае месца для катаньня, якое на гэты момант можна сабе ўявіць. З Францыяй параўноўваць, канечне, складана, але пару гадоў таму я быў на курорце „Les Trois Vallées“ — тое, што называецца „Тры даліны“ (Куршавэль, Мэрыбэль, Валь-Таранс). Дык вось мы там каталіся, і тыднёвы „скі-пас“ выходзіў дзесьці 250 эўра плюс-мінус. І гэта шэсьць дзён поўнага катаньня па трасах, якія з нашымі складана параўноўваць апрыёры. Але калі падлічыць, выходзіць цікавая карціна: штодзень катаесься недзе 5–6 гадзін — то бок 36 за 6 дзён. Падзяліць 250 эўра на 36 — меней за 7 эўра/гадзіна. І калі падзяліць нашы 230 тысяч на 2, цана будзе блізкая. Пры тым, што рэльеф на фоне далінаў проста жахлівы. Дый трасай можна назваць з нацяжкай — адна-дзьве, і то як вучэбныя».

Азы паводзінаў на трасе

Азы паводзінаў на трасе

Асноўны «падмурак» гарналыжніка

Асноўны «падмурак» гарналыжніка

У папярэднія гады беларускія гарналыжныя цэнтры апанавалі расейцы, якія, уласна кажучы, і дазвалялі адміністрацыям трымаць завышаныя цэны, не зважаючы на незадаволенасьць сваіх жа грамадзянаў. Аднак фінансавы крызіс, справакаваны абвалам нафтавых коштаў, істотна астудзіў імпэт гасьцей з усходу што да актыўнага адпачынку. Ці ўдасца завабіць на іх месца тутэйшую публіку — залежыць ад таго, як лічыць Аляксей Сазонаў, ці здолеюць установы прапанаваць умовы, адпаведныя цяперашняму эканамічнаму становішчу:

Аляксей Сазонаў са сваімі "вучнямі"

Аляксей Сазонаў са сваімі "вучнямі"

Рэдкія наведнікі лагойскага комплексу

Рэдкія наведнікі лагойскага комплексу

«Думаю, на пад’ёмнік для сярэдняга беларуса цэны далёка не маленькія. І гэта толькі адзін момант, бо ня танная і ўся спадарожная інфраструктура. Рэстараны, зразумелая рэч, гэтаксама дарагія, арэнда дамкоў і г.д. Адзінае, што цяпер амаль у кожнага ёсьць альбо ўласны інвэнтар, альбо магчымасьць узяць яго нядорага. У тым жа Менску хапае пракатаў, якія здаюць нашмат таньней, чым непасрэдна на месцы, дый працэдура афармленьня там нашмат прасьцейшая. З інвэнтаром у прынцыпе стала проста, а калі яшчэ пракансультавацца са спэцыялістам, то граматна разжыцца лыжамі, амуніцыяй — зусім не праблема. Каму цікава, я на сваёй старонцы ў ФБ пішу, як аптымальна выбіраць і купляць гарналыжнае абсталяваньне».

Без падзеньняў не абыходзіцца нават вялікі спорт

Без падзеньняў не абыходзіцца нават вялікі спорт

Таксама Аляксей Сазонаў зьвяртае ўвагу на ўзровень бясьпекі, які забясьпечваецца на прызнаных эўрапейскіх гарналыжных курортах і ў Беларусі. Калі ў Альпах на рэгулярнай аснове працуюць адмыслова навучаныя горныя патрулі, то адміністрацыі мясцовых цэнтраў больш заклапочаныя, каб на падпарадкаванай ім тэрыторыі не блукалі натоўпы п’яных гора-лыжнікаў. Паколькі да іншага рукі не даходзяць, раз-пораз на трасе можна сустрэць экстравагантнага «чэмпіёна» ў дублёнцы, джынсах ці норкавай шапцы. Такія кадры, як правіла, ня маюць нават элемэнтарнага паняцьця, як спыніцца, таму тармозяць чым давядзецца. Як вынік — высокі ўзровень траўматызму і нават некалькі сьмяротных выпадкаў.

На фінішы ў чаканьні калегаў

На фінішы ў чаканьні калегаў

XS
SM
MD
LG