Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Эўразьвязу патрабуюць тлумачэньняў Масквы з нагоды «чорнага сьпісу»


Сьпіс расейскага МЗС з 89 чалавек, якім забаронены ўезд у Расею, быў накіраваны ў амбасады эўрапейскіх краінаў. Сёньня яго публікуюць фінскія і нямецкія СМІ.

У ім пераважна афіцыйныя асобы краінаў Балтыі, Польшчы, Чэхіі, Нямеччны, Вялікай Брытаніі, Даніі — сябры Эўрапарлямэнту, дэпутаты нацыянальных заканадаўчых сходаў, кіраўнікі і супрацоўнікі выведак, сілавых структур і грамадзкія дзеячы. Прычын уключэньня таго ці іншага чалавека няма (аналягічныя пэрсанальныя санкцыі з боку Эўропы ўтрымлівалі матывацыю ў афіцыйных дакумэнтах).

«Урад Нямеччыны ўжо запатрабаваў тлумачэньні і настойвае на празрыстасьці ў вырашэньні гэтага пытаньня», — гаворыцца ў заяве МЗС ФРГ. У расейскім «чорным сьпісе» — 8 нямецкіх палітыкаў.

Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер раскрытыкаваў Расею: «Я наагул лічу ня вельмі разумнай практыку ўвядзеньня падобных забаронаў. Такія дзеяньні нельга расцэньваць як прымальны ўнёсак ў намаганьні па ўрэгуляваньні жорсткага і небясьпечнага канфлікту ў цэнтры Эўропы», — цытуе Штайнмаера, які 30 траўня наведаў Днепрапятроўск, «Нямецкая хваля».

Улады Эстоніі адзначылі, што складаньне такога сьпісу — сьведчаньне дрэнных адносін паміж дзьвюма краінамі. Пра гэта сказаў, у прыватнасьці, прэс-сакратар паліцыі бясьпекі Эстоніі Харыс Пуусэп. Ён адзначыў, што яго супрацоўнікам і так не дазволена езьдзіць у Расію. У той жа час кіраўнік МЗС Фінляндыі Ціма Сойні заклікаў не драматызаваць зьяўленне «чорнага спісу» і назваў такую рэакцыю Расеі чаканай.

У мінулую нядзелю дэпутат бундэстагу Карл-Георг Вэльман ня змог трапіць у РФ у маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева», яму аб’явілі пра забарону на ўезд да 2019 году. Пасьля гэтага ўлады Эўразьвязу зрабілі запыт у МЗС Расеі наконт сьпісу асоб, у дачыненьні да якіх прынятыя пэрсанальныя санкцыі.

XS
SM
MD
LG