Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Косінец: У нас ніякіх майданаў ня будзе


Аляксандар Косінец, архіўнае фота

Аляксандар Косінец, архіўнае фота

Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Косінец заявіў журналістам пра выкананьне практычна ўсіх даручэньняў кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, дадзеных ім падчас нядаўняй прэс-канфэрэнцыі.

Ён сказаў, што адміністрацыя праверыла інфармацыю журналістаў, якая тычыцца неабгрунтаваных затрыманьняў грамадзян і карупцыйных праяў.

Паводле Косінца, затрыманьняў грамадзян ля амбасады Францыі ў Менску не было. Што тычыцца затрыманьня групы людзей ля помніка Тарасу Шаўчэнку, дык тут, маўляў, гучалі заклікі да сутыкненьняў.

«Калі былі лёзунгі, якія тычацца розных пытаньняў Украіны, Беларусі, супрацоўнікі міліцыі спакойна рэагавалі на ўсе гэтыя лёзунгі. Але калі сталі гучаць лёзунгі: пойдзем на плошчу, давайце беларускі майдан... Пра які майдан можа ісьці гаворка? Сёньня ва ўсім сьвеце гэта трансфармуецца як заклік да нейкіх збройных дзеяньняў, сутыкненьняў. У нас ніякіх майданаў ня будзе і ніякіх сходаў на плошчах таксама ня будзе. Мы зробім усё, каб быў мір і парадак. І ў такой сытуацыі, калі хто-небудзь будзе заклікаць менавіта да сутыкненьняў, канфрантацыі, мы будзем у рамках закону, Канстытуцыі дзейнічаць».

Косінец таксама сказаў, што «ня трэба моладзь зьбіваць з слушнага шляху, нам патрэбен мір і парадак».

Аляксандар Косінец апавёў таксама пра сустрэчу з галоўным рэдактарам і дырэктарам парталу «Ежедневник» Сяргеем Сацуком.

«Ён імкнецца дапамагаць праваахоўным органам. Але на маю просьбу прадставіць фактычныя дадзеныя, зьвязаныя менавіта з карупцыйнымі праявамі, і назваць канкрэтныя прозьвішчы ён гэтага зрабіць ня змог. Ён мне адкрыта сказаў: „Гэта было сказана ў парыве эмоцыяў“», — адзначыў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта.

Паводле Косінца, журналіста цікавіць зусім іншае. «Ён хоча, каб сьледчыя паказвалі яму ход вядзеньня крымінальна-працэсуальнай справы. Але гэта недапушчальна. Ёсьць таямніца сьледзтва. У выніку таго, што ён будзе валодаць таямніцай сьледзтва, будуць рассакрэчаныя пэўныя дадзеныя, і тым самым журналіст не дапаможа, а наадварот, можа пагоршыць сытуацыю і нанесьці шкоду і падсьледнаму, і пацярпеламу, і сьледчаму, які нясе адказнасьць за таямніцу сьледзтва. А вось кантакты журналістаў з прэс-службай і са сьледчымі, і з адвакатамі — калі ласка, гэтага ніхто не забараняў», — цытуе БЕЛТА Аляксандра Косінца.

Таксама ён паведаміў, што ў адказ на заўвагу журналіста наконт закрытасьці чыноўнікаў для прэсы ўсе міністэрствы і ведамствы абавязалі штоквартальна праводзіць прэс-канфэрэнцыі. У пэрыяд з 9 па 16 лютага пройдзе прэс-канфэрэнцыя генэральнага пракурора.

Чым выкліканыя новыя тлумачэньні Аляксандра Косінца і ці задаволеныя журналісты тым, як адміністрацыя праверыла іх інфармацыю?

Сяргей Сацук

Сяргей Сацук

Сяргей Сацук у інтэрвію карэспандэнту Свабоды назваў тлумачэньні Косінца звычайнай дэмагогіяй:

«Я ўжо ў панядзелак напісаў блог на гэты конт. Ён зноў пачынае апраўдвацца — можа, там прэзыдэнту нешта данесьлі.

Пры чым тут тайна сьледзтва? Вунь сёньня распаўсюдзілі інфармацыю, што супраць аднаго намесьніка дырэктара ў Шчучыне крымінальную справу пачалі. Хаця прозьвішча не назвалі, але ў Шчучыне ўсе яго ведаюць. Вось тут вам і правы чалавека, і тайна сьледзтва. А калі напрамую з апэратыўнікам ці сьледчым сустрэцца, то гэта ўжо тайна сьледзтва.

Супрацоўнікі і я цудоўна ведаем законы. Гэта аналягічна таму, што забараніць усім езьдзіць на машынах, бо законам забаронена душыць людзей.

Ёсьць законы, якімі ўсё рэгулюецца. Таму словы Косінца — гэта дэмагогія. Падчас сустрэчы Косінец мае довады зусім ня слухаў. Я не ведаю, як ён будзе кіраваць. Кажа, маўляў, вы нічога не разумееце, ёсьць многа нюансаў. Пачынае тлумачыць, што такое „нюанс“, што паходзіць ад францускага слова. Я 15 гадоў працую па карупцыі і нібыта гэтага слова ня ведаю».

Тацяна Мельнічук

Тацяна Мельнічук

Тацяна Мельнінчук так адрэагавала на праверку Косінцам агучаных ёю фактаў:

«Я думаю, што Косінец яшчэ нядаўна на сваёй пасадзе і ня надта яшчэ ўцяміў, якой рэакцыі ад службовых асобаў чакаў прэзыдэнт. Таму вось такія камэнтары. Бо справа ў двух гэтых канкрэтных выпадках відавочная. І ўся гісторыя ня вартая была таго, каб вакол яе гарод гарадзіць. Пэўна​, чыноўнікі павінны былі прыняць да ведама рэакцыю прэзыдэнта. Бо галоўны пасыл у Лукашэнкі быў той, што ня варта ўладу падстаўляць. А падставы працягваюцца. Таму ў мяне пытаньні, чаму яны так робяць?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG