Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славу Кораню 60 — і ён хоча працягнуць з Ulis


Фэстываль рок музыкі “Be Free”. Чарнігаў, 2009. Вячаслаў Корань
Фэстываль рок музыкі “Be Free”. Чарнігаў, 2009. Вячаслаў Корань

Музыка плянуе запісаць новы альбом з гуртом Ulis, а дзень народзінаў адзначае на працы.

Адзін з пачынальнікаў беларускага року, музыка і прадусар Слава Корань 16 сьнежня адзначае 60-годзьдзе. Сын беларускага вайсковага лекара з Пскова, Вячаслаў Корань з 1978 году граў у беларускіх гуртах — спачатку гітарыстам ў гуртах «Ліфт», «Студыя 7» і «Бонда», а ў 1988 годзе заснаваў свой гурт Ulis, дзе граў на гітары і пісаў музыку. З 1994 году стаў вакалістам і пачаў пісаць тэксты. Не пакідаючы Ulis, Корань граў у гурце «Новае Неба» і праекце «Народны альбом». З 1990-га Ulis паўтара дзясятка гадоў быў хэдлайнэрам «Басовішча», на якім тройчы атрымліваў прызы, у складзе «Народнага альбому» Корань атрымаў «Рок-карону» ў 1997 годзе. Выступіў у якасьці саўнд-прадусара першых альбомаў N.R.M, «Цэпэлінаў» і «Маёй краіны» «Новага неба», пазьней прадусаваў полацкі гурт Indra.

Зь сярэдзіны «нулявых» гурт Ulis даваў усё меней канцэртаў, апошні выступ адбыўся ў 2009 годзе. Сёньня Слава Корнь працуе ў Варшаве, ён музычны дырэктар беларускага «Эўрарадыё». Там, распавядае ён Свабодзе, і сустракае юбілей:

«Нават ня ведаю, як адзначаю... Я зараз на працы на радыё. Пакуль толькі на „Тузіне гітоў“ выйшла віншаваньне. Ад музыкаў віншаваньняў пакуль не было, вось ад Дзьмітрыя Новікава (прэзыдэнта праўленьня „Эўрарадыё“. — РС) атрымаў віншаваньне. Я зараз у Варшаве, а сям’я ў Менску, так што сёньня ня буду сьвяткаваць, а можа ў суботу зьбярэмся».

Корань кажа пра пляны па аднаўленьні дзейнасьці Ulis:

«Пляны ёсьць, але я ня ведаю, як яны будуць рэалізоўвацца. Як прыяжджаю дахаты, то там займаюся, спрабую штось там зрабіць. Ня ведаю, калі гэта будзе магчыма, але маю надзею, што будзе штось з Ulis. Думаю, спачатку запіс, потым і канцэртная дзейнасьць. Зараз музыканты мае разьехаліся, бас-гітарыст у Канадзе, клявішніца ў Беларусі, але чуў, што яна ў якімсь гурце грае цяпер, бубнач толькі што вярнуўся з Расеі, там ён граў у Калдуна. Але мо і бас-гітарыст вернецца.

Так, думаю запісвацца, але сам не пляную гітару. Гітара мо і будзе, але ў асноўным пляную гранд-стык, інструмэнт такі набыў (падобны да вялізнага гітарнага грыфа інструмэнт з 12 струнамі, які можа адначасова замяніць і гітару, і бас-гітару. — РС). Пакуль я спрабую штосьці зрабіць са старымі песьнямі Ulis, а потым будзе і штось новае, аўтарскі матэрыял. Цяжка з новым інструмэнтам рабіць новае, бо трэба думаць тым інструмэнтам, але я спрабую. Гэта ня так скора, як хацелася б, але можа будзе».

Пасьля 37 год у музыцы ці не надакучыла ўсё Славу Кораню, ці не зьбіраецца на пэнсію?

«Кожны чалавек нараджаецца кімсьці. Я нарадзіўся рок-музыкантам. Мне гэта не надакучыць. Але ўмовы, ведаеце, зараз неспрыяльныя, таму вельмі цяжка штось рабіць. Але трэба спрабаваць! Магу сказаць, як і раней казаў: не дачакаецеся!»

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG