Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: коннаспартовую сэкцыю зачыняюць, коней распрадаюць


Крызіс прымусіў кіраўніцтва СПК «Азёры» Гарадзенскага раёну ліквідаваць дзіцячую коннаспартовую сэкцыю. Заняткі спыненыя, спартовых коней распрадаюць. Найцяжэй сытуацыю перажываюць дзеці, якія тут займаліся.

Коннаспартовая сэкцыя ў СПК «Азёры» Гарадзенскага раёна існавала з 1999 году. Пераважная большасьць дзяцей, якія тут займаліся, езьдзілі з Горадні — гэта прыкладна за 20 кілямэтраў ад гораду.

У стайні было больш за дваццаць абучаных спартовых коней. Заняткі для дзяцей праводзіліся бясплатна. Ахвотных займацца было шмат. Каб трапіць у сэкцыю, чакалі ў чарзе.

— Рашэньне аб закрыцьці сэкцыі засьпела бацькоў зьнянацку, — распавядае спадарыня Ніна, дачка якой займалася ў Азёрах. — Найперш гэта стала шокам ня столькі для нас, колькі для дзяцей.

Спадарыня Ніна кажа, што яе дачка плакала, ня можа нічога толкам рабіць, размаўляе праз тэлефон са сваімі сяброўкамі і адна тэма размовы ў іх — гэта коні, якіх ужо прадаюць.

— Яна сама зь дзяцінства папрасіла, каб аддалі ў коннаспартовую школу. Некалькі разоў ужо ламала косьці, падаючы з каня, але яе ад коней не адарваць, сама зь сяброўкамі езьдзіць на трэніроўкі і можа цэлыя дні праводзіць у стайні.

Спадарыня Ніна кажа: яна разумее, што ў цяперашніх умовах утрымліваць гаспадарцы падобную школу дорага, і бацькі ня раз прапаноўвалі зрабіць заняткі платнымі, аказваць насельніцтву платныя паслугі. Але да іхніх прапаноў ніхто не прыслухоўваўся.

Спадарыня Алена, маці яшчэ адной дзяўчынкі, якая займалася ў азёрскай коннаспартовай сэкцыі, распавядае, што дачка другі дзень ужо нічога ня есьць, толькі ляжыць у хаце і плача — так перажывае, што болей ня зможа апекавацца сваім конікам і трэніравацца зь ім.

— Мы і іншыя бацькі нават думалі, каб неяк купіць тых коней, зь якімі нашы дзеці займаліся, але тут так хутка пачаўся распродаж, што не пасьпелі нават адрэагаваць.

Бацькі напісалі ліст да старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму і нават у адміністрацыю Лукашэнкі з просьбай захаваць коннаспартовую сэкцыю, каб там маглі займацца дзеці і каб гэта служыла разьвіцьцю коннага спорту ў краіне. Але пакуль ніякай рэакцыі на іхнія лісты не было.

Старшыня СПК «Азёры» Аляксандар Шышко сказаў Свабодзе, што ня рад зачыняць школу і распрадаваць спартовых коней, якіх сам некалі набываў. Але, маўляў, на ўсё ёсьць прычына.

— Адна з галоўных прычынаў — тая, што ў нас няма ўмоваў для заняткаў дзяцей. У нас старая пераробленая стайня, і яна не вытрымлівае патрабаваньняў санітарных і іншых нормаў. Па-другое, у нас няма трэнэра, які б меў права і допуск на заняткі зь дзецьмі. У нас гэтую працу праводзіла дзяўчына, якая ня мае адпаведнай адукацыі. Потым, у нас няма крытага манэжа, коні не знаходзіліся ў пастаянным трэнінгу, як гэта патрэбна. А каб паправіць сытуацыю, патрэбныя і адмыслоўцы, і добрыя грошы.

Паводле Шышко, коней прадаюць у іншыя спартовыя школы, генафонд не зьнікае, яны працягнуць працаваць. Да таго ж у гаспадарцы ўсё ж пакідаюць некалькі рысакоў, бо ўсё яшчэ можа зьмяніцца.

Спадар Шышко выказаў крыўду і на адрас бацькоў тых дзяцей, якія займаліся ў школе. Маўляў, адразу пачалі скардзіцца, напісалі ў СМІ, а да яго ніхто не зьвярнуўся. Ён кажа, што таксама б пастараўся ўладкаваць дзяцей у іншыя спартовыя школы, тым больш што адна зь іх — у суседніх Верцялішках.

Адзіны трэнэр, які працаваў у коннаспартовай сэкцыі, спадарыня Сьвятлана, з сумам распавядае, што сэкцыя сябе эканамічна не апраўдвала — і гэта, на яе думку, адна з галоўных прычын ліквідацыі.

Але, паводле трэнэра, ня ўсё можна вымераць эканамічнай мэтазгоднасьцю. Сэкцыя існуе 17 гадоў, тут вырасьлі 5 кандыдатаў у майстры спорту, многія сталі разраднікамі ў конным спорце, навучэнцы школы неаднойчы станавіліся прызэрамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. І, урэшце, дзеці тут станавіліся сапраўднымі грамадзянамі, людзьмі, якія ведаюць, што значыць апекавацца «братамі нашымі меншымі».

— У мяне, на жаль, няма трэнэрскай адукацыі. Раней дазвалялася працаваць з разрадам, калі ты кандыдат у майстры спорту. Я якраз кандыдат у майстры спорту па канкуры. Але цяпер правілы зьмяніліся, і патрабуецца абавязковая трэнэрская адукацыя. Я вяла размову пра тое, што працягну адукацыю, але на гэта пойдзе шэсьць гадоў...

Спадарыня Сьвятлана кажа, што адмыслоўцы пры жаданьні маглі б знайсьціся. Але дзеля гэтага трэба было, каб кіраўніцтва гаспадаркі зацікавіла людзей, а гэта аказалася ня так проста. Яна рыхтуецца, што ў хуткім часе і яе пасада трапіць пад скарачэньне.

Былая трэнерка дадае, што найбольш шкада дзяцей. Яны тэлефануюць штодня.

— Сапраўды, у іх гэта траўма на ўсё жыцьцё: душу празь мясарубку, можна сказаць, прапусьцілі. Яны прыяжджаюць і разьвітваюцца з сваімі конікамі — цяжка на іх глядзець, прыкіпелі яны да гэтых коней...

Здымкі для Свабоды з сваіх асабістых архіваў далі навучэнцы Азёрскай коннаспартовай сэкцыі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG