Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі ў Горадні: бел-чырвона-белыя і зялёна-чырвоныя сьцягі


 Мітынг у Горадні на 25 сакавіка
Мітынг у Горадні на 25 сакавіка

Санкцыянаваны гарадзенскімі ўладамі мітынг, прысьвечаны 99 угодкам БНР, адбываўся пад бел-чырвона-белымі і чырвона-зялёнымі сьцягамі. Сход заклікаў улады вызваліць арыштаваных актывістаў і спыніць перасьлед журналістаў і актыўных грамадзян.

Арганізатарам мітынгу выступіў сябра кампаніі «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук. Мітынг адбываўся ў Калоскім парку, што не зусім у цэнтры гораду, аднак у мітынгу ўзялі ўдзел больш за дзьвесьце чалавек. Падчас мітынгу не было гукаўзмацняльнай апаратуры, прамаўлялі ў мэгафон.

Зьміцер Бандарчук — арганізатар мітынгу
Зьміцер Бандарчук — арганізатар мітынгу

Гісторык Ігар Лапеха коратка распавёў пра гісторыю стварэньня БНР. У Горадню на мітынг прыехаў адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. У сваім выступе ён найперш падкрэсьліў, што сёньня і ён, і «Гавары праўду» найперш адзначаюць Дзень Волі.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Я ганаруся тымі людзьмі, якія 99 гадоў таму падчас вайны і поўнай неразьбярыхі здолелі абвясьціць нашу незалежнасьць. Гэта самае прынцыповае», — прамаўляў Дзьмітрыеў.

Ён паведаміў, што адмыслова прыехаў сёньня ў Горадню таму, што тут ладзіць акцыю менавіта «Гавары праўду». А яшчэ таму, што ў горадзе больш за 15 гадоў не дазвалялі мітынгаў. І яшчэ таму, што Горадня, склалася так у гісторыі, была другой сталіцай БНР.

Падчас мітынгу ў Горадні
Падчас мітынгу ў Горадні

Дзьмітрыеў не абмінуў сёньняшнюю сытуацыю ў краіне, гаварыў пра тое, што дэкрэт № 3 трэба адмяніць, што важна наладзіць дыялёг у краіне ўнутры апазыцыі, а таксама паміж уладай і апазыцыяй. — І гэта будзе важным для нашай Незалежнасьці, — падкрэсьліваў Дзьмітрыеў.

Да мікрафона падыходзілі хто хацеў. Большасьць прамоўцаў казалі пра цяжкі эканамічны стан, заклікалі не баяцца, а сьмела выказвацца і прыходзіць на акцыі. Гучалі таксама крытычныя выступы ў бок уладаў.

«Мне кажуць — маўляў, чаго я хачу, калі маю кватэру і ежджу на ўласным аўта. А што я, у ХХІ стагодзьдзі павінен езьдзіць на возе і жыць у хляве?» — прамаўляў малады чалавек.

Людзі зьбіраюць грошы для тых, хто за кратамі
Людзі зьбіраюць грошы для тых, хто за кратамі

«Улады хваляцца, што навялі парадак у краіне за 20 год. Але парадак навялі і падтрымліваюць самі беларусы, бо яны культурны і адукаваны народ. І задача ўладаў — падтрымліваць наш парадак», — казаў адзін з прамоўцаў.

Выступ на мітынгу
Выступ на мітынгу

Іншы казаў:

«Неабходна, каб у нас зьмянялася законным чынам улада, а то мы ня маем магчымасьці яе абіраць. Зьмена ўлады ва ўсім сьвеце — гэта гарант стабільнасьці і разьвіцьця любой краіны».

Яшчэ адзін прамоўца казаў:

«Я паглядзеў, вось тут стаяў пэнсіянэр у зусім стаптаным абутку. Зразумела, што чалавек, прарабіўшы ўсё жыцьцё, ня мае за што набыць абутак. Многія старыя людзі ў нашай краіне ходзяць галодныя. Нядаўна прачытаў, што 35 тысяч чалавек штогод зьяжджаюць зь Беларусі толькі на вучобу, і, як правіла, гэтыя людзі не вяртаюцца назад у нашу краіну...»

На мітынгу прысутнічаў гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук. Ён сказаў Свабодзе, што хоць сёньня і сьвята, але радавацца асабліва не выпадае, бо ў краіне шмат падзеяў, якія азмрочваюць наша сьвята.

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук

«Вось цяпер, у гэтыя хвіліны працягваюцца арышты ў Менску. Беларускі палітычны рэжым працягвае правакацыі супраць сваіх грамадзян. І на фоне гэтага некаторыя прамовы на нашым мітынгу выглядаюць трохі дзіўна. Я, канечне, разумею, што трэба імкнуцца да дыялёгу, але з кім сёньня весьці дыялёг? У сёньняшні дзень яшчэ раз хочацца ўсім нагадаць, дзеля чаго ўсё пачыналася ў 1918 годзе. Усе пачыналася дзеля справядлівасьці, дзеля Незалежнасьці, дзеля таго, каб праўда панавала на нашай зямлі. Нам нельга пра гэта забываць, — сказаў Свабодзе Алесь Смалянчук.

Дзень Волі ў Горадні
Дзень Волі ў Горадні

Падчас мітынгу гарадзенцы зьбіралі грошы на дапамогу тым, хто цяпер за кратамі, а таксама на аплату за мітынг, якую арганізатары павінны ўнесьці гарадзкім службам. Напрыканцы мітынгу прынялі рэзалюцыю, у якой зьмешчаны патрабаваньні да ўладаў вызваліць з-пад арышту гарадзенцаў, якія асуджаныя за ўдзел у акцыях «недармаедаў», а таксама спыніць перасьлед журналістаў і актыўных грамадзян у Горадні.

Акцыя скончылася мірна, нікога не затрымлівалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG