Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Ўладзімера Кондруся перавялі ў турэмны шпіталь, ён выходзіць з галадоўкі


Меркавана, Уладзімер Кондрусь біе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года

Меркавана, Уладзімер Кондрусь біе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года

Уладзімера Кондруся перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, што на тэрыторыі СІЗА-1 на Валадарскага. Паводле словаў доктара, яго ўдалося ўгаварыць на выхад з галадоўкі.

Пра гэта сайту Праваабарончага цэнтру «Вясна» паведамілі бацькі 39-гадовага Кондруся.

9 жніўня пасьля першага дазволенага спатканьня з сынам бацькі Ўладзімера Кондруся зьвярнуліся да дзяжурнага па СІЗА, і ім удалося дамагчыся сустрэчы зь лекарам з санчасткі.

Пабачыўшы, у якім фізычным стане Ўладзімер Кондрусь, ягоны бацька Ўладзімер Расьціслававіч сказаў, што «сын — напалову труп».

У выніку 9 жніўня ўвечары Ўладзімера перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, што на тэрыторыі СІЗА.

Бацькам удалося паразмаўляць з доктаркай турэмнай бальніцы. Тая распавяла, што Ўладзімеру ўжо ставілі кропельніцу і што ён пагадзіўся спыніць галадоўку. Мэдыкі таксама абяцаюць зь цягам часу зрабіць яму зонд, пра што Ўладзімер папрасіў на ўчорашнім спатканьні.

Паводле бацькоў, гэтая навіна дае ім некаторую надзею, бо яшчэ ўчора ў адказ на іхнія ўгаворы пачаць есьці Ўладзімер адказаў, што ня можа, бо арганізм ужо сам не прымае ежу.

Таксама бацькі Ўладзімера Кондруся паведамілі, што сёньня наведалі сьледчага і пакінулі яму прашэньне аб зьмене меры стрыманьня да суду, каб паставіць сына на ногі. Зь іхніх слоў, на гэта сьледчы адказаў толькі, што іхні сын «учыніў цяжкае злачынства».

10 жніўня праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Ўладзімера Кондруся палітычным зьняволеным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG