Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два тэхасцы з калегіі электараў адмовіліся галасаваць за Трампа. Што гэта мяняе


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Сябра камісіі электараў ЗША, рэспубліканец з Тэхасу Крыстафэр Супрун заявіў, што ня будзе галасаваць за Дональда Трампа, перадае BBC.

Ён стаў другім электарам у Тэхасе, хто адмовіўся галасаваць за Трампа, да яго з камісіі электараў выйшаў Арт Сыснэрас.

«Я тут, каб выбіраць прэзыдэнта, а не караля, — піша Супрун у калёнцы на New York Times. — Мне казалі, што калі мы выберам Дональда Трампа, ён зьменіцца, стане больш падобным да прэзыдэнта. Ён гэтага не зрабіў».

Супрун піша, што ведае пра нэгатыўную рэакцыю, якая стане вынікам ягонага рашэньня. Ды нэгатыўная рэакцыя, піша ён, «стала нормай» у час сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі. Ён не зьбіраецца выходзіць з камісіі электараў, таксама як не зьбіраецца галасаваць за галоўную канкурэнтку Трампа — Гілары Клінтан.

Цяпер Трампа ня выберуць?

Супрун і Сыснэрас сапраўды маюць права здрадзіць выбарнікам і не панясуць за гэта крымінальнай адказнасьці. Такія законы ў Тэхасе, але ў некаторых іншых штатах крымінальная адказнасьць прадугледжаная. Ды Супрун і Сыснэрас — толькі 2 з 38 сяброў камісіі электараў з Тэхасу (пераможца галасаваньня «бярэ ўсё» — усе электары ад Тэхасу маюць галасаваць за яго). Усяго ў камісіі 538 чалавек.

У галасаваньні па Злучаных Штатах адназначна перамог Дональд Трамп. Для перамогі на выбарах кандыдату трэба набраць сама меней 270 галасоў камісіі электараў, Дональду Трампу абяцалі 306 галасоў. Без Супруна і Сыснэраса — 304.

Сыстэма выбараў у ЗША такая, што для перамогі не патрэбная абсалютная бальшыня галасоў, а «правільнае» разьмеркаваньне бальшыні галасоў па штатах. За Гілары Клінтан прагаласавала, паводле апошніх зьвестак, на 2,6 млн чалавек больш, чым за Трампа.

Клінтан абагнала Трампа ў народным галасаваньні. А чаму прайграла?

«Нядобрасумленныя электары» — ня новая зьява для ЗША. За апошняе стагодзьдзе на кожныя выбары прыпадала ня больш за аднаго «нядобрасумленнага электара», а ў мінулых стагодзьдзях «нядобрасумленныя» зьяўляліся масава ў асноўным у выпадку сьмерці кандыдата ў прэзыдэнты ці віцэ-прэзыдэнта альбо ў выпадку нязгоды з кандыдатурай віцэ-прэзыдэнта.

Ды нават калі ўявіць, што выбарнікам-рэспубліканцам здрадзяць яшчэ 36 электараў, давёўшы выбары камісіі да нічыёй, за кіраўніка дзяржавы галасаваў бы Кангрэс. А ў Кангрэсе сёньня больш рэспубліканцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG