Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінтан абвясьцілі верагоднай кандыдаткай дэмакратаў


Гілары Клінтан у Сан-Дыега. Фота: Reuters
Гілары Клінтан у Сан-Дыега. Фота: Reuters

Экс-дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан набрала галасы большасьці дэлегатаў зьезду Дэмакратычнай партыі і стала верагодным кандыдатам у прэзыдэнты ад дэмакратаў, паведамілі тэлекампанія NBC і Associated Press.

Клінтан, якая восем гадоў таму завяршыла першую спробу дамагчыся намінацыі, прызнаўшы сваю паразу на праймэрыз, сёньня становіцца першай жанчынай, якая забясьпечыла сваё вылучэньне ад буйной палітычнай партыі ў ЗША.

Паводле падлікаў NBC, Гілары Клінтан валодае галасамі 1812 дэлегатаў і 572 супэрдэлегатаў, у той час як у сэнатара ад Вэрманта Бэрні Сандэрса – 1520 дэлегатаў і 46 супэрдэлегатаў.

Клінтан атрымала большасьць у 2383 дэлегаты з улікам галасоў «супэрдэлегатаў». Апошнія зьвесткі ўключаюць больш за дзясятак новых супэрдэлегатаў, а таксама 36 дэлегатаў, якіх яна атрымала ў свой актыў па выніках нядзельных праймэрыз у Пуэрта-Рыка.

У сваёй заяве кіраўнік перадвыбарнага штабу Клінтан Робі Мук назваў гэта дасягненьне «важным», але быў стрыманым:

«Гэта важная вяха, але ёсьць яшчэ шэсьць штатаў, якія галасуюць у аўторак, дзе мільёны людзей накіруюцца на выбарчыя ўчасткі, і Гілары Клінтан працуе над тым, каб атрымаць кожны голас, – сказаў Мук. – Мы чакаем вечара аўторка, калі Гілары Клінтан атрымае ня толькі большасьць галасоў выбаршчыкаў, але і большасьць дэлегатаў, зьвязаных абавязацельствам галасаваць за яе».

Сама Клінтан, выступаючы ў горадзе Лонг-Біч, штат Каліфорнія, таксама адзначыла, што яе кампанія яшчэ не скончаная:

«У навінах кажуць, што мы на мяжы гістарычнага, беспрэцэдэнтнага моманту, але нам бо яшчэ трэба сёе-тое зрабіць, праўда? – Сказала яна. – У нас выбары ў шасьці штатах заўтра, і мы будзем змагацца з усіх сіл за кожны голас, асабліва тут, у Каліфорніі!»

Каб атрымаць намінацыю, кандыдат павінен набраць большасьць ад усіх дэлегатаў зьезду – 2383.

Але 15 адсоткаў ад усіх дэлегатаў складаюць «супэрдэлегаты» — былыя і цяперашнія дзеячы партыі, якія займаюць выбарныя пасады, а таксама партыйныя актывісты. Суперделегаты не абавязаныя галасаваць за кандыдата, падтрыманага выбаршчыкамі ў ходзе праймэрыз.

У штабе суперніка Клінтан Бэрні Сандэрса паабяцалі працягваць барацьбу, заявіўшы, што няправільна лічыць галасы супэрдэлегатаў да таго, як яны будуць сапраўды пададзеныя на зьезьдзе партыі ў ліпені.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG