Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі пра прамову Лукашэнкі: Па форме — даклад генсека КПСС, па зьмесьце — суцэльнае апраўданьне


Палітоляг Аляксандар Класкоўскі ацаніў выступ Аляксандра Лукашэнкі на Ўсебеларускім сходзе і патлумачыў, чаму яна сьведчыць пра тупік у разьвіцьці беларускай сыстэмы.

Прамова як даклад на зьезьдзе КПСС

«Прамова Аляксандра Лукашэнкі структурна пабудавана паводле галіновага прынцыпу — пачынаючы ад ураду і канчаючы фізкультурнікамі. Гэта клясычная структура дакладаў генсека на зьезьдзе КПСС».

Спэкуляцыя на даце сходу, якая супала з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны

«Калі б Леў Талстой не напісаў раман „Вайна і мір“, то такі загаловак можна было б даць гэтай прамове. Бо пачаў Лукашэнка з таго, што выкарыстаў дату зьезду, якая супала з чарговай гадавінай пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і стаў раскручваць тэму бясьпекі, мірнага неба, у параўнаньні з чым, маўляў, усё астатняе — гэта дробязь».

РСЗА «Паланэз» — падарунак Усебеларускаму сходу?

«Нават выпрабаваньне рэактыўнай сыстэмы залпавага агню „Паланэз“, як аказалася, — падарунак Усебеларускаму сходу. Вядома, само па сабе валоданьне ракетнай зброяй — патрэбная рэч для нашай краіны, але нельга так спэкуляваць тэмай бясьпекі і, пэдалюючы гэтую тэму, маскаваць фактычнае фіяска беларускай эканамічнай мадэлі».

Прамова сатканая з эўфэмізмаў

«Напрыклад, „мінулая пяцігодка аказалася праблемнай“ замест „мінулая пяцігодка аказалася правальнай“. А яна правальная — бо ў 10 разоў ня выкананы паказчык росту ВУП, няма і блізка абяцанай сярэдняй зарплаты ў 1000 даляраў».

Апраўданьне як ляйтматыў прамовы

«Лукашэнка апраўдваючыся тлумачыў, па-першае, чаму трэба ўвогуле праводзіць Усебеларускі сход. А для многіх, у тым ліку і для разумнейшых людзей наверсе, відавочна, што гэта абсалютна пусты рытуал. Па-другое, ён тлумачыўся, чаму будуе АЭС. Па-трэцяе, тлумачыўся, чаму ўпаў экспарт. Па-чацьвёртае, казаў, што ён кансэрватар і ня хоча радыкальнай „ломкі“ ў выніку рэформаў. Такім чынам, сама нотка апраўданьня ўскосна сьведчыць пра крызіс усёй беларускай мадэлі, якую так любоўна і доўга будаваў Лукашэнка. Прэзыдэнт зайшоў у тупік і таму лейтматывам міжволі зьяўляецца апраўданьне».

Загад «працаваць да сёмага поту»

«Пры гэтым Лукашэнка казаў і правільныя словы — відаць, што сьпічрайтары папрацавалі добра. І пра інавацыі, і пра мадэрнізацыю, і пра інфармацыйныя тэхналёгіі. Не зразумела толькі адно — за кошт чаго мы можам зрабіць гэты рывок і дасягнуць усіх гэтых вышыняў. Бо з таго, што гаварыў Лукашэнка, вынікае, што ён гатовы толькі больш напружваць чыноўнікаў і ўвогуле ўвесь народ, каб той „працаваў да сёмага поту“. Але ж і рабы старажытнага Рыму працавалі да сёмага поту, але тая сыстэма развалілася, таму што вычарпала свой рэсурс і аказалася неэфэктыўнай. Гэтак сама і беларуская мадэль разьвіцьця, відавочна, на сёньня вычарпала свой рэсурс, але самы высокі кіраўнік ня хоча гэтага прызнаваць, і гэта, на жаль, азначае, што Беларусь будзе дэградаваць і далей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG