Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сам характар двухбаковых дачыненьняў з Масквой стварае вялікія рызыкі для сувэрэнітэту Беларусі», — Класкоўскі


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Адмову ад ідэі разьмясьціць у Беларусі расейскую авіябазу можна лічыць вялікай перамогай беларускага кіраўніцтва, але пагроза беларускаму сувэрэнітэту ад гэтага ня зьнікла.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.

«Трэба сказаць наўпрост: гэта вялікая перамога беларускага боку.

Калі летась Аляксандар Лукашэнка нечакана для многіх упёрся і ўжыў вельмі жорсткую рыторыку наконт базы, то здавалася, што гэта проста перадвыбарчы піяр і з базай Масква дацісьне.

Але, я думаю, тут спрацаваў шэраг чыньнікаў.

З аднаго боку, беларускае кіраўніцтва сапраўды адчула, што разьмяшчэньне гэтай базы цягне за сабой вельмі вялікія выдаткі. Менск ужо асядлаў гэты геапалітычны трэнд і зразумеў, што Эўропа гатовая хаця б часткова прыкрыць вочы на пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека і фактычна ўзнагародзіць беларускае кіраўніцтва за пэўнае дыстанцыяваньне ад Масквы на тле ўкраінскага крызісу. Таму тут было за што змагацца.

Тым больш, у Масквы ўжо трохі ня тыя рэсурсы. Лукашэнка прызнаваўся, што калі ў свой час Масква паставіла пытаньне аб прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, тады беларускі лідэр наўпрост спытаўся, ці будуць праплочаны выдаткі ад пагаршэньня дачыненьняў з Захадам. Нават тады Масква на гэта не пайшла, хоць рэсурсаў тады было больш. А цяпер тым болей: калі і быў нейкі закулісны торг, то, відаць, ён беларускі бок не задаволіў, таму быў вялікі сэнс упірацца рогам у гэтым пытаньні.

А паралельна ў Масквы ўсё горай і горай ішлі справы на Данбасе, прыйшлося фактычна зьліваць гэтую „Наваросію“, плюс сырыйскі манэўр таксама не ўратаваў — Расея застаецца пад санкцыямі.

І цяпер Масква, хоць там і стараюцца захаваць твар, насамрэч думае, як з Захадам замірыцца і выпаўзьці з-пад гэтых санкцыяў», — кажа экспэрт.

Такім чынам, кажа Класкоўскі, на паводзіны Масквы паўплывалі два фактары:

«З боку Масквы спрацавалі два тармазы.

Па-першае, занадта выкручваць саюзьніку рукі не хацелася, бо гэта апошні, хай і сьлізкі, хаўрусьнік.

А па-другое, актуальнасьць гэтай базы пакрысе ўжо страціла сваю вастрыню. У пэўным сэнсе гэта ж было піяраўскае пытаньне — у Расеі ёсьць Калінінградзкі анкляў, дзе таксама можна разьмяшчаць узбраеньне. І потым, як сказаў адстаўны расейскі генэрал Івашоў, Расея і так дзясяткі самалётаў у любы момант можа перакінуць на беларускія авіядромы, бо адпаведныя ваенныя дамовы спрацуюць.

Таму гэта быў такі піяраўскі жэст — паказаць кулак Захаду. А паколькі цяпер трэба думаць, як выходзіць з-пад санкцыяў, то актуальнасьць гэтага жэсту зьменшылася.

Такі комплекс чыньнікаў дапамог у складанай сытуацыі выкруціцца беларускаму кіраўніцтву на сёньняшні момант, і гэта вялікі плюс для Беларусі».

Аднак, лічыць Класкоўскі, да гэтага пытаньня Крэмль яшчэ можа вярнуцца, і ня факт, што наступным разам беларускае кіраўніцтва патрапіць адстаяць свае пазыцыі.

«Сам характар двухбаковых дачыненьняў з Масквой — і вялікая эканамічная залежнасьць, і ўся гэтая закулісная палітыка, калі ўсё вырашаецца на горных курортах у Сочы, калі ўсё залежыць ад таго, як дамовяцца два аўтарытарныя кіраўнікі, — гэта ўсё роўна стварае вялікія рызыкі для сувэрэнітэту Беларусі.

І ня факт, што праз год-два, калі зьменіцца каньюнктура, калі зусім лясьнецца беларуская эканоміка, Масква ня вернецца да гэтага пытаньня, і тады ўжо лягчэй будзе даціскаць», — кажа палітычны аналітык.

Сёньня кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што цяпер няма сэнсу гаварыць па пытаньні разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі.

«Пакуль пытаньне на дадзеным этапе закрыта. Але гэта не азначае, што да яго нельга будзе вярнуцца ў выпадку, калі адпаведныя акалічнасьці зьменяцца і мы вымушаны будзем прымаць нейкія адэкватныя меры рэагаваньня», — сказаў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG