Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кітай стаў для Беларусі найвялікшым шопам на сьвеце»


Ван І і Ўладзімер Макей
Ван І і Ўладзімер Макей

Падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў КНР Ван І, які з афіцыйным візытам наведвае Беларусь, Аляксандар Лукашэнка зноў казаў пра адзінства поглядаў Менску і Пэкіну на сьветаўладкаваньне, адзначаў бясхмарнасьць дачыненьняў і прыводзіў у прыклад кітайскую мадэль эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага разьвіцьця. Аднак незалежныя экспэрты кажуць, што дачыненьні Беларусі і Кітаю ўсё больш нагадваюць таптаньне на месцы без асаблівых вынікаў.

Пра намер зрабіць адносіны паміж Беларусьсю і Кітаем стратэгічнымі было заяўлена яшчэ ў 2005 годзе. У 2013 годзе краіны выйшлі на этап «усебаковага стратэгічнага партнэрства», што зафіксавана ў супольнай Дэклярацыі, якую падпісалі лідэры абедзьвюх краін.

Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін тлумачыць: стратэгічнае партнэрства звычайна азначае, што краіны маюць супольныя інтарэсы, што яны падзяляюць прыблізна аднолькавую палітычную ідэалёгію, што яны імкнуцца да шырокага тэхналягічнага і культурнага абмену і г. д. Але ня трэба думаць, што такія дачыненьні ў Кітая існуюць толькі зь Беларусьсю:

«У мяне складаецца ўражаньне, што Кітай хоча прысутнічаць паўсюль. І ягоныя рэсурсы гэта дазваляюць. На дадзеным этапе ў Кітая сапраўды ёсьць магчымасьці прысутнічаць паўсюль. Гэтаму спрыяе і вельмі ўдалая для КНР цяперашняя каньюнктура ў міжнароднай палітыцы.

Але трэба разумець, што Кітай — прагматычная дзяржава, якая ня будзе спансараваць Беларусь толькі за добрыя пачуцьці да нашай краіны».

Прагматычны падыход кіраўніцтва Кітаю да Беларусі адзначае і кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка, які лічыць, што Дэклярацыя аб стратэгічным партнэрстве — гэта толькі даніна ветлівасьці з боку Пэкіну:

«Беларусь — маленькая краіна. Мы роўна ў 130 разоў меншыя за КНР. А Кітай заўжды сябе пазыцыянуе, зыходзячы з памераў і геапалітычных інтарэсаў. Ён ніколі не перабольшваў ролю Беларусі. І ён зыходзіць у гэтым зь вялікай кітайскай не сьцяны, а псыхалёгіі.

А бачаньне беларускімі ўладамі ролі Беларусі як моста для Кітая ў Эўропу — гэта неадэкватнае бачаньне сытуацыі афіцыйным Менскам. Масты засталіся ў 90-х гадах. Знайшліся тут мостабудаўнікі, усё будуюць пантон у Эўропу».

Беларусь па-ранейшаму разьлічвае на кітайскія крэдыты і інвэстыцыі, пра што сёньня казалі і Аляксандар Лукашэнка, і міністар замежных спраў Уладзімер Макей. А ранейшыя выказваньні кіраўніка краіны пра нібыта абяцаныя Пэкінам крэдыты на 15 мільярдаў даляраў Яўгену Красуліну нагадваюць гісторыю наведваньня Пэкіну на пачатку сёлетняга году прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Нікаласам Мадурам:

«Там быў такі тур па краінах Блізкага Ўсходу, у Расею, у Кітай. У ліхаманкавых пошуках грошай. І ў выніку ў Пэкіне Мадура казаў, што Кітай дае яму 20 мільярдаў даляраў. Я добра памятаю гэтую карцінку на тэлебачаньні. Мадура кажа пра 20 мільярдаў, а побач стаяць кітайцы і пасьміхаюцца.

Дык вось, пра 20 мільярдаў для Мадуры і пра 15 для Лукашэнкі вядома толькі са словаў палітычных кіраўнікоў гэтых краін. І — усё. Таму экспэрты, аналітыкі засталіся ў непаразуменьні: а ці быў хлопчык?».

Сёньня Ўладзімер Макей заявіў, што таваразварот паміж Беларусьсю і Кітаем ужо два гады запар перавышае чатыры мільярды даляраў. Леанід Заіка кажа, што Беларусь прадае ў Кітай прыкладна на чвэрць гэтай сумы, пераважна калійныя ўгнаеньні, а купляе ў кітайцаў — на 80%.

«Калі паглядзець на экспарт-імпарт, то Кітай для нас — вялікі шоп. Беларусь купляе там, пачынаючы ад станкоў для лёгкай прамысловасьці і заканчваючы шчотачкамі для мыцьця посуду. Усё, што мы ня здольныя альбо ня хочам выпускаць, мы ўсё закупляем у Кітаі».

Грунтоўна зьменшыць адмоўнае сальда Беларусь змагла б, калі б яе падключылі да новага велізарнага кітайскага праекту — «Новы шаўковы шлях», — кажа Яўген Красулін:

«Гэта транспартныя калідоры з Кітаю ў Эўропу. Прычым калідоры сухапутныя. Цяпер існуе калідор аўтамабільны, які ідзе праз Расею і Ўкраіну ў краіны Эўропы. А Кітай плянуе пабудаваць вельмі працяглую чыгуначную сетку — ад свайго ўсходняга ўзьбярэжжа і далей на Захад праз краіны Цэнтральнай Азіі, праз Іран, Турцыю ў Паўднёвую Эўропу.

Гэтая схема пакідае Беларусь убаку. І гэта для нас вельмі дрэнна. Але кітайцы вывучаюць сытуацыю. Зразумела, што ў нашых інтарэсах, каб Беларусь была ўключаная ў гэты праект. Я бачыў, што асноўная чыгунка ідзе на Паўднёвы Захад, але ёсьць і адгалінаваньне на Маскву. Нам было б вельмі добра, калі б нас падключылі да гэтага праекту. І таму наша галоўная задача — скласьці ў вачах кітайцаў уражаньне пра сябе як пра краіну з патэнцыялам. І тут трэба папрацаваць».

А пакуль стала вядома, што Міністэрства абароны Беларусі днямі атрымала бязвыплатную дапамогу ад КНР у выглядзе двух новых кітайскіх кабрыялетаў. Як піша сёньня «Белорусская военная газета», міністар абароны Беларусі і камандуючы вайсковым парадам 9 траўня, магчыма, будуць аб’яжджаць строй вайскоўцаў менавіта на гэтых аўто, а не на традыцыйных «Чайках». Кабрыялеты, паводле вайсковай газэты, вырабленыя на базе FAW HongQi L5.

Яўген Красулін, які вывучае неэўрапейскія цывілізацыі, так ацэньвае гэты жэст кітайскага боку:

«Гэта — рэкляма. Гэта тое імкненьне прысутнічаць паўсюль, пра якое я казаў. Чаму не падараваць? Гэта для Пэкіна не такая вялікая сума. І, дарэчы, — гэта добрая кітайская традыцыя. Там нельга дарыць адну рэч. Абавязкова трэба зрабіць падарунак парны. Гэта — складнік кітайскай культуры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG