Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі журналіст напісаў апавяданьне пра адседку на Акрэсьціна


Антон Чарнічка

Антон Чарнічка

Украінскі журналіст Антон Чарнічка летась на Масьленіцу задаў амапаўцу пытаньне: «Калі падзе дыктатура Лукашэнкі?». Атрымаў трое сутак і напісаў пра гэта апавяданьне.

Тэкст пад назвай «Абмежаваньне волі» зьмясьціў часопіс «Расея бяз нас».

«Гэта адна з ключавых падзеяў жыцьця, — цяпер Антон удзячны за ўнікальны досьвед трох сутак на Акрэсьціна, які спрабуе зьмясьціць недзе паміж сэрыялам „Крымінальная Расея“ і апавяданьнямі Варлама Шаламава. — Я ўдзячны абсалютна ўсяму, кожнай дробязі, амапаўцам, рашэньню суду».

З Антонам Чарнічкам мы сустрэліся летась 3 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. У суд яго прывезьлі ў адным аўтазаку са Зьмітром Дашкевічам і Яўгенам Ціханавым. «Крымнаш» яшчэ ня стаў фактам, а абодвум хлапцам, якія прыйшлі пад расейскую амбасаду пратэставаць супраць таго, што робіцца на паўвостраве, далі па 12 сутак.

Кранальныя фота Дашкевічаў — Зьмітра і відавочна цяжарнай Насты, якія глядзяць адзін на аднаго праз шкло міліцэйскай машыны, зробленыя якраз у той дзень. Праўда, толькі тыя, хто быў там, памятаюць, што Наста ці ня шэсьць гадзін прастаяла сакавіцкім надвор’ем каля аўтазака, пакуль асудзілі ўсіх.

Наста і Зьміцер

Наста і Зьміцер

У апавяданьні Антон піша, як Дашкевіча везьлі на падлозе, а міліцыянт прыціскаў ягоны твар брудным кірзавым ботам: «На ягоным пераносьсі я заўважаю невялікі, з пазногаць, парэз, зь якога ледзь заўважна цячэ кроў. Гэта сьлед, пакінуты сарванымі зь яго акулярамі. Вось яны: ляжаць на зямлі, дужка па-здрадніцку пагнутая».

Антон Чарнічка

Антон Чарнічка

Самога Чарнічку спрабавалі асудзіць паводле пратаколу на прозьвішча Чараднічэнка. Судзьдзя Шабуня ўголас пыталася ў амапаўцаў «Куды дзелі грамадзяніна Чарнічку?». Антон тады падаўся чалавекам, які пагадзіўся б быць і Чараднічэнкам, і любым іншым грамадзянінам. Гаварыў ён фразамі з пратаколаў:

«Я падышоў у п’яным стане да прадстаўнікоў АМАП і спытаў: „Калі падзе рэжым Лукашэнкі?..“ На дадзены момант магу сказаць, што да мяне асабіста было абсалютна адэкватнае і нармальнае стаўленьне з боку міліцыі, сьледчых і г.д.», — казаў ён тады.

У апавяданьні Антон прызнаецца, што пасьля Акрэсьціна нават Цэнтральны РУУС падаваўся яму месцам «прыемным сэрцу ня менш, чым спуск з Эўрапейскай плошчы да плошчы Паштовай».

Акрэсьцінскі побыт апісвае коратка: «Камэры мылі штодня самі зьняволеныя. Анучай, дакладней — лапікам, што застаўся з часоў Калымы. Швабры не было. З крана ліў кіпень». А беларускія сьледчыя, паводле Чарнічкі, маюць прафэсійны гумар: «Можаце чытаць надпісы на сьценах, — паказваючы на надпіс „Я яшчэ вярнуся“, кажа сьледчы. — Ці пісаць. Бачыце, крывёю нават пісалі».

Аўтар жаночых і мужчынскіх часопісаў Elle і XXL Антон Чарнічка таксама паабяцаў вярнуцца:

«У Беларусь пры магчымасьці абавязкова заеду. Той выпадак аніяк не азмрочыў краіну», — кажа ён.

Але яшчэ пытаньне, ці захочацца такога «ўнікальнага досьведу» тым, хто яшчэ ня быў у Беларусі.

XS
SM
MD
LG