Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кірыл Сілівончык адмовіўся ад консульскай дапамогі РБ і працягвае знаходзіцца ў расейскім СІЗА


Кірыл Сілівончык
Кірыл Сілівончык

МЗС Беларусі сьцьвярджае, што Кірыл Сілівончык адмовіўся ад консульскай дапамогі і ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня.

Паводле інфармацыі Радыё Свабода, Кірыл Сілівончык ужо тры месяцы пасьля прысуду знаходзіцца ў СІЗА Ніжняга Ноўгараду і дагэтуль не адпраўлены ў калёнію па месцы адбываньня пакараньня.

Партыя БНФ атрымала зь міністэрства адказ на запыт, які дасылала туды ў красавіку. Камэнтуе старшыня партыі Аляксей Янукевіч:

«Нас турбуе лёс беларуса, які асуджаны ў Расеі, прычым выязным паседжаньнем суду паводле абвінавачаньня, якое ў Беларусі не зьяўляецца крымінальным злачынствам. У сваім звароце мы прасілі МЗС запатрабаваць ад расейскага боку вычарпальных тлумачэньняў адносна гэтай справы і прыкласьці ўсе намаганьні дзеля найхутчэйшага вяртаньня Сілівончыка на радзіму і яго вызваленьня».

У адказе, які атрымала партыя БНФ, гаворыцца, што МЗС «назірае за разьвіцьцём сытуацыі ў дачыненьні да Сілівончыка К.В.». Паводле дакумэнту, «у рамках нашых непасрэдных кантактаў зь Сілівончыкам К.В. апошнім было заяўлена аб адсутнасьці якіх-колечы просьбаў аб консульска-прававой дапамозе, іншых просьбаў ці скаргаў. Пажаданьне адбываць пакараньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Сілівончыкам К.В. не выказвалася. Умовы свайго ўтрыманьня ён лічыць прымальнымі. Сілівончык К.В. таксама запэўніў, што ягонае рашэньне аб нежаданьні абскарджваць прысуд было асэнсаваным».

«На нашу думку, прысутнічае элемэнт фармалізму ў гэтым адказе, — лічыць Аляксей Янукевіч. — Зрэшты, мы ня мелі ілюзіяў адносна таго, што сёньняшняя беларуская дзяржава ў такой далікатнай справе будзе ўваходзіць у канфлікт з уладамі Расейскай Фэдэрацыі, будзе адстойваць тое, каб Сілівончык быў альбо вызвалены ад пакараньня, альбо як мінімум каб яму быў перагледжаны прысуд.

Але мы лічым, што ўвага, якая была прадэманстраваная да гэтай справы і беларускай грамадзкасьцю, і дзяржавай, пазытыўна павінна адбіцца на лёсе Сілівончыка. Як мінімум, разьлічваем, што гэта дазволіць пазьбегнуць правакацыяў супраць яго, якіх нельга выключаць у сёньняшняй Расеі, ахопленай шавіністычным вар’яцтвам».

Беларус Кірыл Сілівончык працаваў сыстэмным адміністратарам у Ніжнім Ноўгарадзе. 9 красавіка Маскоўскі вайсковы акружны суд асудзіў яго на два гады калёніі-пасяленьня паводле крымінальнага артыкула 205.2 «Публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці». Сам Кірыл сьцьвярджае, што пост у сацыяльнай сетцы «Вконтакте», які стаў падставай для справы, быў перапостам з адной з суполак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG