Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік прэзыдэнта: Ня бачу грамадзкага запыту на правядзеньне рэформаў


Кірыл Руды
Кірыл Руды

Памочнік прэзыдэнта — начальнік галоўнага эканамічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Кірыл Руды на Кастрычніцкім эканамічным форуме выступіў з дакладам «Чаму рэформы не атрымаюцца ў 2016 годзе?».

Напачатку спадар Руды абверг абвінавачаньні, што ў беларускай эканоміцы нібыта нічога не мяняецца:

«Эканоміка мяняецца, зьяўляецца прыватны сэктар. Ёсьць замежныя інвэстыцыі. Скарацілася доля прамысловасьці ў ВУП — з 28% да 25%, а таксама доля сельскай гаспадаркі ў ВУП. Праводзілася мадэрнізацыя ў асобных сфэрах, ствараліся міжведамасныя групы па рэфармаваньні цэлых галінаў, прымаўся шэраг дэкрэтаў, дырэктываў. Такім чынам, можна прызнаць, што рэформы ідуць. Можа, марудна, але ідуць», — зрабіў выснову спадар Руды.

А чаму не атрымаюцца рэформы, як вынікае з назвы дакладу? Памочнік прэзыдэнта назваў 5 асноўных прычынаў.

Па-першае, таму, што неабходнасьць рэформаў, паводле выступоўцы, не відавочная. Прынамсі, для шырокіх народных масаў:

«Для шырокіх масаў рэформы асацыююцца з Савецкім Саюзам, дэфіцытам, харчовымі карткамі. Беларусам складана параўнаць нашу сытуацыю з Сынгапурам ці Кітаем. Грамадзкага запыту на правядзеньне рэформаў прынамсі я ня бачу», — падсумаваў ён.

Па-другое, рэформы не відавочныя і для людзей, якія прымаюць рашэньні. Па яго словах, паміж кампэтэнтнымі людзьмі і тымі, хто прымае рашэньне, узьнікаюць непаразуменьні. Тут спадар Руды пажартаваў:

«Атрымліваецца амаль як паводле Жванецкага: рэформы праводзяцца тады, калі няма грошай. Але быццам бы грошы паступаюць у бюджэт. Сказаць, што ў краіне няма грошай — няправільна».

Наступная прычына — у Беларусі няма зьнешніх стымулаў для рэформаў:

«Я прааналізаваў 12 краінаў, дзе адбыліся рэформы. У іх стымул быў — уступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз. Але амаль усе пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз спынялі рэформы... Для Беларусі — зьнешнія стымулы якія? Жывём так ужо ня першы год. Зьнешні ціск аказваць бессэнсоўна», — кажа Кірыл Руды.

Чацьвёртая прычына — перагрузка: няма ні сілаў, ні часу:

«Хто іх будзе праводзіць? Хто на дзяржслужбе мае досьвед, адукацыю? Трэба адрозьніваць заходні гарнітур ад заходніх мазгоў... Нават калі такія людзі ёсьць, як яны будуць ужывацца зь сілавікамі ды праваахоўнікамі, людзьмі старой загартоўкі?», — задае рытарычнае пытаньне памочнік прэзыдэнта.

Пятая прычына, чаму рэформы не атрымаюцца, — гэта няпэўнасьць, чуткі, «сарафаннае радыё»: зараз стане ўсё дрэнна, прыйшлі рэфарматары. Будзе нагнятаньне сытуацыі.

Нягледзячы на пяць прычынаў, чаму рэформы не атрымаюцца, ёсьць тры прычыны, чаму іх трэба праводзіць.

Першае — жаданьне рэформаў. Павінна быць яснасьць чаканьня. Тут важная асьветніцкая, адукацыйная роля эканамістаў.

Другая ўмова — запыт на рэформы з боку сярэдняга клясу:

«У Беларусі сярэдні кляс няўстойлівы. Паводле дасьледаваньняў, у траўні 2014 году сярэдні кляс складаў 49%, а ў траўні гэтага году — 39%. А павінна быць пад 70%. Трэба ўздымаць народ да сярэдняга клясу».

Спадар Руды прывёў прыклад Кітая, дзе ўвялі не абкладаны падаткам мінімум даходу. Іншы шлях, як выгадоўваць сярэдні кляс, — гэта разьвіцьцё малога бізнэсу. «Тэмпы ня хуткія, але рост ёсьць», — кажа памочнік прэзыдэнта.

Трэцяе — ёсьць запыт на рэформы з боку палітычнай эліты: «У нас цяпер назіраецца пакаленчаты зрух — новае пакаленьне пастаянна фармуе неабходнасьць рэформаў. А гэта ўжо ня толькі пакаленчаты, гэта ўжо мэнтальны зрух. З кожным годам рэформы распрацоўваюцца, і нават не для міжнародных арганізацыяў, але і для сябе».

Ці атрымаюцца рэформы? Выснову можна зрабіць з дакумэнтаў на наступны год, раіць спадар Руды.

Рэформы — гэта новыя прыярытэты. Калі ў бюджэце ў параўнаньні з 2015 годам нічога не памянялася — рэформы не плянуюцца.

«Што будзе далей? Адказаць на гэта зараз немагчыма. Ёсьць шмат фактараў, і зьнешніх, і ўнутраных. А самае галоўнае — якая будзе рэакцыя ўлады. А пакуль прагназаваць немагчыма», — падсумаваў памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG