Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя прэзыдэнта: за пяць гадоў даходы грамадзянаў абясцэняцца на 33%

абноўлена

У Менску распачаў працу трэці па ліку Кастрычнікі эканамічны форум. Акрэсьленая тэматыка — «Эканоміка Беларусі: зноў перад выбарам».

Форум адкрыў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, колішні міністар эканомікі Мікалай Снапкоў. Па яго словах, эканамічнае развіцьцё ў сучасным сьвеце зазнала істотныя зьмены — адбылася канвэргенцыя, збліжэньне ўсясьветных эканомік. Падзеньне коштаў на энэргарэсурсы пазбавіла багатыя краіны прыярытэтных пазыцыяў і адкінула іх да ўзроўню тых, хто традыцыйна быў залежны ад імпартаванай сыравіны.

Але найгоршыя пэрспэктывы ў рэгіёна, у які ўваходзіць Беларусь. Чыноўнік спаслаўся на прагнозы міжнародных структураў, зь якіх вынікае: краіны СНД на бліжэйшую пэрспэктыву будуць самым павольным рэгіёнам у сьвеце паводле паказьнікаў эканамічнага разьвіцьця. Пры тым, што разьвітыя краіны і далей будуць дэманстраваць нашмат лепшыя паказьнікі:

Мікалай Снапкоў
Мікалай Снапкоў

«Паводле прагнозаў МВФ, СНД будзе рэгіёнам з самымі нізкімі тэмпамі росту ў сьвеце. Згодна зь іх ацэнкамі, гэтая група краінаў вырасьце ў сярэднім на 10,3% цягам бліжэйшых 5 гадоў. Тэмп росту, які дзьве пяцігодкі таму мы маглі забясьпечыць за 1 год. Разьвітыя краіны пры гэтым вырастуць на 11%. Нягледзячы на тое, што бягучы ўзровень іх дабрабыту на гэты момант значна апярэджвае наш і, паводле лёгікі, павінен спрацоўваць закон канвэргенцыі даходаў, ён не спрацоўвае.

Мы пачынаем наступную пяцігодку з самым значным узроўнем зьнешняга доўгу, а значыць, ня зможам разьлічваць на нашых партнэраў зь іншых рэгіёнаў, а мусім разьвівацца толькі за кошт унутраных крыніцаў. Унутраных рэсурсаў у нас няшмат. Па ацэнках, зноў жа, МВФ, інвэстыцыі ў асноўны капітал па нашым рэгіёне складуць усяго толькі 21%. Для параўнаньня, у краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі гэты паказьнік складае 37%.

У бліжэйшыя 5 гадоў больш высокая інфляцыя, чым у СНД, будзе толькі ў краінах Лацінскай Амэрыкі

Але і гэта яшчэ ня ўсё. У бліжэйшыя 5 гадоў больш высокая інфляцыя, чым у СНД, будзе толькі ў краінах Лацінскай Амэрыкі. Такім чынам, за гэты пэрыяд на 33% абясцэняцца даходы нашых грамадзянаў. А значыць, мы будзем станавіцца ўсё менш і менш канкурэнтаздольнымі, сыходзіць, груба кажучы, на задворкі ўсясьветнай эканомікі. Прычынаў для такой сумнай карціны шмат, але адна, на мой погляд, найбольш важная: мы засталіся сыравінным рэгіёнам для астатняга сьвету. Калі кошты на рэсурсы на ўсясьветным рынку былі высокія, то і мы былі на піку. Але варта было коштам вярнуцца на свой раўнаважны ўзровень, як мы практычна сталі. Як ні парадаксальна, гэта характэрна ў тым ліку і для Беларусі: нягледзячы на адсутнасьць запасаў нафты, на працягу апошніх 15 гадоў мы назіраем наўпроставую залежнасьць росту ВУП ад кошту барэля нафты».

Эканоміка Беларусі наўпрост залежыць ад эканамічнага становішча ў Расеі і здольнасьці фінансаваць стратэгічнага саюзьніка. Аднак апошнія тэндэнцыі на сыравінным рынку не даюць падставаў для аптымізму. Як заявіў у сваім дакладзе «Зьменлівы сьвет нафты і газу» галоўны эканаміст нафтагазавай групы кампаніяў ВР па Расеі і СНД Уладзімер Драбянцоў, Менску трэба быць гатовым да таго, каб тужэй зацягваць паясы: абвал цэнаў на нафту яскрава прадэманстраваў, на чым грунтаваўся «беларускі эканамічны цуд»:

Уладзімер Драбянцоў, дырэктар Усясьветнага банку па Ўкраіне, Беларусі і Малдове Чымяо Фан, дырэктар Дэпартамэнту стратэгічнага мэнэджмэнту і казначэйства «БПС-Сбербанк» Дзьмітры Голухаў
Уладзімер Драбянцоў, дырэктар Усясьветнага банку па Ўкраіне, Беларусі і Малдове Чымяо Фан, дырэктар Дэпартамэнту стратэгічнага мэнэджмэнту і казначэйства «БПС-Сбербанк» Дзьмітры Голухаў

«Ёсьць прынамсі тры прычыны, чаму абмеркаваньне гэтых тэмаў актуальнае для нашага форуму. Прычына першая ў тым, што значэньне рынкаў нафты і газу для эканомікі той жа Беларусі выходзіць далёка за межы самога паліўна-энэргетычнага комплексу: не сакрэт, што 97% першасных энэргарэсурсаў, якія спажываюцца ў краіне, прыпадае на нафту і газ. Але значэньне для эканомікі ў цэлым — ня толькі ў гэтым: кошты на нафту і газ уплываюць на Расею, а структура экспарту Беларусі ўсё яшчэ моцна на яе завязаная. То бок маем ланцуговую рэакцыю, таму што Беларусь, да ўсяго, — экспартэр нафтапрадуктаў. Іншымі словамі, цэлы комплекс праблемаў, якія прыводзяць да таго, што рынкі нафты і газу, а таксама тое, што на іх адбываецца, уплываюць на эканоміку Беларусі. Таму ня дзіўна, што старшыня Нацбанку кожную раніцу прачынаецца з клопатам пра кошт нафты.

Прычына другая: на гэтых рынках адбываюцца рэвалюцыйныя зьмены. Сэнс гэтага слова ў тым, што зьмены настолькі істотныя, што нават тыя агенты, тыя ўдзельнікі рынку, якія прысутнічаюць на ім многія гады, яшчэ не навучыліся адэкватна іх ацэньваць, што, у сваю чаргу, неабходна для выпрацоўкі пісьменнай эканамічнай палітыкі.

Апошняя, трэцяя прычына палягае ў тым, што пры фармаваньні эканамічнай палітыкі лепш апэраваць рэаліямі рынкаў нафты і газу, а ня мітамі, якія склаліся адносна таго, што ўплывае на цану нафты і газу. На жаль, з досьведу свайго кантактаваньня з чальцамі ўрадаў у краінах былога СССР я зрабіў выснову, што, па вялікім рахунку, такія міты яшчэ вельмі жывучыя і прысутнічаюць у галовах тых людзей, якія прымаюць эканамічныя рашэньні. Як мне падаецца, лепш гэтага пазьбегнуць».

Калі першы дзень «Кастрычніцкага эканамічнага форуму» быў збольшага «разагрэвачны», то другі абяцае быць надзвычай насычаны. Дыскусіі пройдуць пад лёзунгам «Лякальныя рашэньні: час выходзіць зь пераходнага пэрыяду». Адкрые форум першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі. Эстафэту падхопіць Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.

Панэль № 1 «Ад стабілізацыі да фармаваньня даверу» распачне старшыня назіральнай рады дасьледчага цэнтру ІПМ Ігар Пеліпась. Свой погляд на акрэсьленую праблематыку прапануюць старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE Марэк Дамброўскі, намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Дзьмітры Калечыц, старшы рэгіянальны пастаянны прадстаўнік Эўрапейскага дэпартамэнту МВФ Бас Бакер.

«Стварэньне ўмоваў для збалянсаванага эканамічнага росту» — дыскусійная тэма панэлі № 2. Сярод выступоўцаў — кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Як Чул Кім, дэпутат Нацыянальнай рады Славаччыны, дарадца міністра фінансаў Украіны Іван Міклаш, кіраўніца прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі Вольга Шчарбіна.

Панэль № 3 прапануе «Новы погляд на сацыяльную палітыку». Выступоўцы — старшы саветнік рэгіянальнага цэнтру ПРААН для краінаў Эўропы і СНД Бэн Слэй, намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валер Кавалькоў, намесьнік міністра фінансаў Юры Селіверстаў, навуковы супрацоўнік Інстытуту эканомікі працы IZA Мілан Водапівец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG