Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіроўцам аўтобусаў у Гомелі перанесьлі тэрмін выплаты заробкаў, бо бракуе сродкаў


Гомельскі аўтобусны парк № 1

Гомельскі аўтобусны парк № 1

Найбуйнейшы на Гомельшчыне аўтобусны парк № 1 разаслаў сваім кіроўцам ды іншым спэцыялістам паведамленьні пра істотныя зьмены ўмоваў працы. Яны тычацца выплаты заробку — цяпер за адпрацаваны месяц ён будзе выплачвацца ў апошні дзень наступнага месяца.

Так званыя дадатковыя пагадненьні да працоўных дамоваў (кантрактаў) з кіроўцамі ад імя ААТ «Гомельаблаўтатранс» падпісаў дырэктар аўтапарку № 1 Валянцін Барысенка. Ад яго імя працаўнікі аўтапарку атрымалі й паведамленьні пра істотныя зьмены ўмоваў працы.

Барысенка ачольвае аўтапрадпрыемства паўтара года, даволі ціха прыйшоўшы сюды з пасады намесьніка старшыні Гомельскага аблвыканкаму.

«Я атрымаў такі „ліст шчасьця“. І падпісаў. А куды дзенесься? — кажа кіроўца аўтапарку, які назваўся Сяргеем. — Побач завод пускавых рухавікоў — ён, па сутнасьці, загнуўся. Далей завод „Цэнтраліт“ — таксама праблемы з заказамі. У будаўнічых арганізацыях ідуць скарачэньні. Вымушаны трымацца за працоўнае месца, тым больш што ў паведамленьні ўтрымліваецца грознае папярэджаньне: у выпадку адмовы ад працы ў новых умовах адміністрацыя скасоўвае кантракт у адпаведнасьці з пунктам 5 артыкула 35 Працоўнага кодэксу».

Суразмоўца дадае, што новыя ўмовы істотныя, бо ставяць кіроўцаў у складанае становішча — да 25 даты кожнага месяца трэба разьлічвацца за камуналку, а палучка толькі 30-га ці 31-га. А найгорш чалавеку, калі ягоная сям’я мае банкаўскія крэдыты — палезе пеня за ня сплачаны своечасова крэдыт. Так што аўтатранспартнікі рызыкуюць трапіць у шэрагі злосных няплатнікаў.

Яшчэ адзін працаўнік аўтапрадпрыемства апавёў, што раней кіроўцам ужо на дванаццаты дзень выплачвалі так званы «спажывецкі кошык», яшчэ празь пяць дзён — заробак. А пры канцы месяца выдаваўся аванс. Гэта было зручна.

«Цяпер нам адміністрацыя тлумачыць, што бракуе сродкаў — адсюль і перанос тэрміну выплаты заробку на канец месяца», — падсумоўвае кіроўца.

У аўтапарку кажуць, што ня ў іх адных апошнім часам складанае фінансавае становішча:

«Думаеце, толькі транспартнікі апынуліся ў такой сытуацыі? На „Гомсельмашы“, „Цэнтраліце“, на хімзаводзе, думаеце, лепей? Канечне, і нам хацелася б, каб яны працавалі на поўную моц і мы іх усіх вазілі.

Нам, каб сабраць нармальную суму грошай, трэба ў два разы павялічваць кошт праезду ў транспарце. А хто нам такое дазволіць?

У нас усе гарадзкія, прыгарадныя і бліжнія міжгароднія перавозкі стратныя. Раней мясцовыя ўлады зь бюджэту аказвалі істотную дапамогу, цяпер датацыі скараціліся».

Затрымкі з выплатай заробкаў ужо не навіна на прадпрыемствах, як, дарэчы, і вымушаныя адпачынкі, а таксама скарочаныя працоўныя дні й тыдні. Такое назіралася і ў акцыянэрных таварыствах «СтанкаГомель», «Гомельдрэў», і на «Гомсельмашы», ня кажучы ўжо пра драбнейшыя калектывы.

«СтанкаГомель» свае былыя цэхі прапануе ў арэнду

«СтанкаГомель» свае былыя цэхі прапануе ў арэнду

Прадпрыемствы й арганізацыі своечасова не разьлічваюцца ня толькі з працаўнікамі, але й зь бюджэтам. Паводле афіцыйных зьвестак, сёлета на пачатак лютага ў рэгіёне ў сьпісе даўжнікоў перад бюджэтам значыліся ажно 474 арганізацыі. І колькасьць іх за першы месяц 2016 году павялічылася больш як у тры з паловай разы. Гэта буйныя будаўнічыя трэсты № 27 у Гомелі, № 20 у Сьветлагорску, «Мазырпрамбуд», а таксама Гомельскі маторарамонтны завод, Інстытут «Гомельграмадзянпраект», ААТ «СтанкаГомель», лікёра-гарэлачны завод «Радамір», гандлёвы дом «Гомельшкло» ды шэраг іншых.

Выглядае, што не за гарамі тыя часы, калі прадпрыемствы вернуцца да выплаты заробку вырабленай прадукцыяй — каму шкарпэткамі, каму гарэлкай, каму станком у складчыну. Ну, а транспартнікаў, відаць, будуць вазіць бясплатна, калі знойдуць за што купіць паліва.

XS
SM
MD
LG