Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У менскім кінатэатры «Перамога» бясплатна пакажуць фільмы па-беларуску


Афіша фільма «Цудоўна ласка»

Афіша фільма «Цудоўна ласка»

На кожны сэанс можа прыйсьці да 500 чалавек.

Аб’яднаньне «Кінаконг» і кінатэатар «Перамога» распачынаюць сэрыю кінапаказаў у беларускай агучцы. Паказы плянуюцца штомесяц і будуць праходзіць на выходных, таму ініцыятыва атрымала назву «Беларускія ўікэнды».

Фільмы агучваюць беларускія акторы і тэлевядучыя Павал Харланчук, Ганна Хітрык, Сяргей Жбанкоў, Уладзімер Глотаў, Сьвятлана Цімохіна ды іншыя.

Першы беларускі ўікэнд адбудзецца 22-23 кастрычніка. У гэтыя дні (суботу і нядзелю) а 19.00 кінатэатар «Перамога» пакажа фільм «Цудоўна Ласка» (у арыгінале Amazing Grace).

«Цудоўна Ласка» — гэта гісторыя змаганьня супраць рабства у Вялікай Брытаніі ў ХVIII-XIX стагодзьдзях. Фільм зьняў у 2006 годзе рэжысёр «Хронік Нарніі» Майкл Эптэд, а ў адной з галоўных роляў зьняўся славуты брытанскі актор Бэнэдыкт Камбэрбэтч.

31 кастрычніка з нагоды Дня Рэфармацыі ў «Перамозе» пакажуць гістарычную драму «Лютэр» (Luther). Кіно раскажа гісторыю хрысьціянскага багаслова, ініцыятара Рэфармацыі Марціна Лютэра, які 500 гадоў таму зьмяніў увесь сьвет.

Як паведаміў Свабодзе кіраўнік аб’яднаньня «Кінаконг» Андрэй, сэансы «Цудоўна Ласка» і «Лютэр» будуць бясплатнымі.

Дзіцячы фільм «Падынгтан» (Paddington​), які пакажуць 19-20 лістапада, распавядзе аб прыгодах абаяльнага мядзьведзіка ў Ангельшчыне. А ў сьнежні і студзені будуць паказваць фільмы пра Каляды і Новы год.

«Увогуле, „Перамога“ – гэта наш любімы кінатэатар, зь якім мы ўжо раней супрацоўнічалі, калі перакладалі на беларускую мову фэстывальныя фільмы. Перавага ў тым, што гэта вельмі недарагі кінатэатар, квіткі ў ім каштуюць у тры разы таньней, чым, напрыклад, у SilverScreen», — сказаў Андрэй, адказваючы на пытаньне пра выбар памяшканьня.

Андрэй лічыць недахопам тое, што фільмы ў беларускім агучваньні ў Менску паказваюць вельмі рэдка і толькі ў межах кінафэстываляў:

«Сутнасьць фармату «Беларускія ўікэнды» ў тым, што гэта першая ў гісторыі Беларусі спроба запусьціць на рэгулярнай аснове пракат фільмаў па-беларуску. Раней калі і адбываліся паказы фільмаў зь беларускім перакладам, то гэта адбывалася раз на некалькі гадоў. А цяпер мы маем плян, хаця б адзін уікэнд на месяц паказваць фільмы па-беларуску. Першыя два паказы для гледачоў будуць бясплатныя. А квіток на дзіцячы фільм „Падынгтан“ будзе каштаваць ужо 1 рубель 50 капеек – гэта сымбалічная цана. Для многіх людзей фільмы на беларускай мове – гэта нешта новае. Таму першыя спробы будуць бясплатныя. Далей будзем аналізаваць тое, колькі людзей прыйдзе, якія будуць водгукі. Хацелася б працягваць, каб фільмы па-беларуску былі не аднаразовай, а рэгулярнай зьявай, каб гэта стала завядзёнкай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG