Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім імпартазамесьцяць Якубовіча ў беларускім «Полі цудаў»? Топ-10 кандыдатаў


На тэлеканале «Беларусь-1» зьявіцца беларускі клон славутага расейскага шоў «Поле чудес» пад назвай «Шчасьлівы вечар». Але вядоўца яшчэ не названы. Свабода падказвае магчымыя варыянты.

У новым сэзоне, ад сакавіка 2016 году, тэлеканал «Беларусь 1» запусьціць сваё шоў накшталт расійскай праграмы «Поле чудес», распавёў «Советской Белоруссии» старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. У сямейным шоў, якое мае ісьці па суботах і нядзелях, будуць разыгрываць дарагія прызы. Але вядоўцу БТ пакуль не называе.

Параіўшыся ў рэдакцыі, Свабода вырашыла прапанаваць Давыдзьку некалькі кандыдатаў на пасаду вядоўцы новага шоў.

Па-першае, у Беларусі ёсьць свой добра вядомы Якубовіч — Павал Ізотавіч Якубовіч, галоўны рэдактар «Советской Белоруссии». Харызма — ёсьць, вусы — ёсьць!

Можна прапанаваць і дасьведчанага шоўмэна, актора і гумарыста, а да таго ж намесьніка старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі і кіраўніка яе ўпраўленьня прапаганды Яўгена Крыжаноўскага.

А можна — і яго палітычнага апанэнта зь ня горшымі вусамі, экс-кандыдата ў прэзыдэнты і намесьніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Гульню, вядома, прыйдзецца весьці на беларускай мове, іначай Кастусёў наўрад ці пагодзіцца.

Калі ўжо шукаць сярод палітыкаў, можна згадаць і былога прэм’ера, а цяпер старшыню Савету Рэспублікі Міхаіла Мясьніковіча, які некалі меў шыкоўныя вусы. Мо захоча адгадаваць? Падказка: калі яго прызначаць вядоўцам, варта дарыць яму арыгінальныя галаўныя ўборы.

Але ж гэта не палітычнае, а капітал-шоў, а з асабістым капіталам у беларусаў трывала асацыюецца Герой Беларусі, былы старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч. Ён якраз нічым не заняты — цяпер ён пэнсіянэр і пра падзеі мінулых гадоў, да якіх мусіў мець дачыненьне, нават ня памятае.

Сьпявак Сяргей Міхалок 10 гадоў таму сьпяваў пра капітал, меў дужа грозныя вусішчы і якраз ня супраць вярнуцца з Кіева ў Беларусь.

Шмат беларусаў, здаецца, будуць рады лішні раз пабачыць на экранах Аляксандра Саладуху. За яго некаторыя нават галасавалі на мінулых выбарах.

Калі Саладуха не захоча, ёсьць ня менш бліскучы бард Віктар Шалкевіч! Ён не пабаіцца ўзяць на сябе адказнасьць весьці шоў, гэта пэўна.

Нарэшце, афіцыйныя строі ўмее насіць і нязьменны лідэр Neuro Dubel Аляксандар Кулінковіч. Праўда, паслухаўшы яго песьні, не бярэм на сябе адказнасьці за словы, якія ён можа загадаць.

А вось у кім не сумняемся, дык у клясычным вядоўцу беларускага ТБ. Паца-Ваца — ці не найлепшы кандыдат на ролю вядоўцы капітал-шоў? Ці не яго вяртаньня на экраны чакаюць гледачы?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG