Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кедравая ліхаманка» ў Менску – дрэўцаў у абмен на макулятуру хапіла ня ўсім


Акцыя «Здай макулятуру і атрымай сібірскі кедр» у Менску
Акцыя «Здай макулятуру і атрымай сібірскі кедр» у Менску

У міжнародны дзень без паперы збор макулятуры ў Менску скончыўся скандалам.

У Міжнародны дзень без паперы менчукі маглі абмяняць макулятуру на маладое дрэўца.

Заклік «Здай макулятуру і атрымай сібірскі кедар» актывістаў кампаніі «Гарадзкі лясьнічы» urbanforester.by выклікаў розгалас сярод менчукоў. Сотні гараджанаў ня толькі прыносілі і прывозілі на машынах дзясяткі кіляграмаў непатрэбных кніг, часопісаў, офіснай паперы ды кардону з надзеяй атрымаць наўзамен дрэўца.

За тры гадзіны тэрыторыя каля «Добрага ровара», што паблізу плошчы Перамогі, ператварылася ў сапраўдны склад паперы. На думку ініцыятараў акцыі, назьбіралі больш за паўтары тоны макулятуры.

Абяцаных саджанцаў хапіла толькі першым ста чалавекам. Наступным 250-ці дасталіся тарфяны кантэйнэры з пасаджанымі каштанамі ды жалудамі. Пры правільным доглядзе зь іх павінны вырасьці маладыя дрэўцы. Такую замену многія менчукі ўспрынялі нэгатыўна. Многія ўвогуле засталіся без дрэўцаў.

Чарга па кедры была настолькі доўгай, што людзі не зьмяшчаліся ў двары і мусілі выходзіць на праезную частку
Чарга па кедры была настолькі доўгай, што людзі не зьмяшчаліся ў двары і мусілі выходзіць на праезную частку

«Навошта мне ваш дуб, калі я з Паўночнага Захаду ехала па кедар?! Мая дачка-цырульніца знарок дзеля гэтай акцыі прынесла з працы прыгожыя дарагія часопісы, каб я змагла вымяняць іх на кедар», — абуралася пэнсіянэрка.

«Як і было заяўлена ў прэс-рэлізе, мы мелі толькі 100 дрэўцаў, падораных нам расейскім згуртаваньнем «Звенящие кедры». Валянтэры раздалі іх за першыя хвіліны акцыі, якая распачалася ў 17.00 і доўжылася тры гадзіны. Гэтым разам мы не чакалі такой звышцікавасьці да нашай ініцыятывы, таму і да такога натоўпу людзей не былі падрыхтаваны. Цяпер даводзіцца прасіць прабачэньня ў тых, каму не хапіла ні дубкоў, ні каштанаў, ні такіх жаданых кедраў», — пракамэнтаваў Свабодзе Кірыл Кудравец, актывіст кампаніі «Гарадзкі лясьнічы».

Па словах валянтэра Андрэя, людзі займалі чаргу за дзьве гадзіны да пачатку акцыі. Нават складалі сьпіс тых, хто прыйшоў першым.

Студэнты факультэту прыродазнаўства Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, якім не хапіла кедраў, выкапалі маладыя дубкі з дворыка «Добрага ровара». Дрэўцы завязуць ва ўнівэрсытэцкую аграбіястанцыю.

Кедры выдаюць паводле сьпісаў тым людзям, якія прыйшлі на пару гадзін раней за пачатак акцыі
Кедры выдаюць паводле сьпісаў тым людзям, якія прыйшлі на пару гадзін раней за пачатак акцыі

«Плянуем пашыраць пляцоўку для ровараў, таму клёнікі і дубкі, якія растуць у двары, усё роўна давядзецца выкопваць. Будзе лепей, калі студэнты забяруць іх з сабой», — расказаў Генадзь Краеўскі, валянтэр менскай суполкі раварыстаў.

Шматлікія незадаволеныя менчукі паставілі пад сумненьне мэту дабрачыннай акцыі, якая ладзілася з намерам нагадаць людзям пра беражлівае стаўленьне да паперы і дрэваў.

На думку некаторых удзельнікаў мерапрыемства, якія засталіся без узнагароды за прынесеную макулятуру, праведзеная акцыя – гэта падман і «залатая жыла» для яе арганізатараў. Бо тыя атрымаюць немаленькія грошы, здаўшы гару другаснай сыравіны. Некаторыя размахвалі рукамі, сварыліся з ініцыятарамі акцыі і валянтэрамі, абзываючы іх ашуканцамі.

«Перш чым здаць макулятуру, мы будзем сартаваць яе. Газэты аддамо ў прытулак для сабак. Кнігі – у буккросінг, а таксама раскідаем па спэцыяльных кантэйнэрах для кніг і макулятуры некамэрцыйнага праекту “Кнізе – другое жыцьцё!” Да таго ж мы маем выдаткі на аплату транспарту, які будзе перавозіць макулятуру на пункт прыёму», — патлумачыў Кірыл Кудравец.

Валянтэр Андрэй Бурдзялоўскі выносіць каробкі з тарфянымі кантэйнэрамі, дзе пасаджаны каштаны ды жалуды
Валянтэр Андрэй Бурдзялоўскі выносіць каробкі з тарфянымі кантэйнэрамі, дзе пасаджаны каштаны ды жалуды

Каму не хапіла абяцаных дрэўцаў, арганізатары прапанавалі забраць з сабой прынесеную макулятуру і здаць яе за грошы ў любым прыёмным пункце. Аднак так зрабіла лічаная колькасьць людзей, што прыехалі на машынах. Тыя, хто нёс шматкіляграмовы цяжар у руках, адмовіліся ад такой ідэі.

Канфлікт, які разьвязаўся праз саджанцы кедраў, перайшоў і ў віртуальную прастору. Нязгодныя зь несправядлівасьцю людзі пакідаюць абураныя камэнтары на сайце таварыства «Зялёная сетка», арганізатараў акцыі. Сярод незадаволеных і камэнтатары, якім удалося атрымаць кедар. Ім не падабаецца занадта маленькая вышыня дрэўца.

Прычынай «кедравай ліхаманкі», як пачалі называць акцыю арганізатары, сталася яе рэклямаваньне па шматлікіх дзяржаўных тэлеканалах і радыё. Аднак інфармацыя, растыражаваная СМІ, не заўсёды адпавядала рэчаіснасьці, што выклікала хвалю абурэньняў у адрас ініцыятараў мерапрыемства.

Па аповедах валянтэраў, людзі пачалі прыносіць макулятуру яшчэ за дзень да пачатку акцыі, хоць тая павінна была адбыцца 13 кастрычніка. Таксама ўзьнікла блытаніна і з адрасам збору.

«Вельмі крыўдна, што мне не далі кедра, бо яшчэ з раніцы я хадзіла вакол плошчы Перамогі, але ніякага пункту збору макулятуры не было. У бягучым радку АНТ пра вуліцу Смалячкова ня згадвалася, толькі пра плошчу Перамогі», — паскардзілася пэнсіянэрка Вера Адамаўна.

Нечаканы натоўп людзей і вялікая колькасьць машын у двары, дзе адбывалася акцыя, стаў прычынай абуранасьці мясцовых жыхароў. Так, жыхарка дома №12 па вуліцы Смалячкова пагражала, што выкліча міліцыю ды пажарнікаў, калі людзі не разыдуцца, а машыны не разьедуцца.

Кірыл Кудравец сказаў, што пасьля сёньняшняга ціску з боку грамадзтва да падобных мерапрыемстваў давядзецца рыхтавацца значна лепш.

«Думаю, у найбліжэйшы час нам варта адпачыць ад падобных акцый. Магчыма, наступным разам мерапрыемства будзем ладзіць каля пункту збору макулятуры», — расказаў Кірыл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG