Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадаркоўскі: Пуцін — чалавек з паліцэйска-бандыцкім мэнталітэтам


Уладзімер Пуцін, Міхаіл Хадаркоўскі

Уладзімер Пуцін, Міхаіл Хадаркоўскі

Грошы пуцінскага атачэньня «досыць агрэсіўна» выкарыстоўваюцца для лабіраваньня інтарэсаў расейскай улады на Захадзе.

Пра гэта ў інтэрвію Бі-бі-сі заявіў былы ўладальнік расейскай нафтавай кампаніі ЮКАС, а цяпер палітэмігрант і кіраўнік руху «Адкрытая Расея» Міхаіл Хадаркоўскі.

Хадаркоўскі адзначае, што грошы пуцінскага атачэньня на Захадзе «паводзяць сябе досыць агрэсіўна» — яны выкарыстоўваюцца для актыўнага ўплыву на мясцовую палітычную эліту, на грамадзкія настроі, на лабіраваньне інтарэсаў расейскай улады.

«Што вельмі важна адзначыць: гэта не лабіраваньне інтарэсаў Расеі, якое, увогуле, зьяўляецца нармальным. Гэта лабіраваньне канкрэтна інтарэсаў улады, канкрэтных інтарэсаў Пуціна і яго атачэньня, якія палягаюць у тым, каб быць А) нязьменнымі, Б) прынятымі і апраўданымі на Захадзе, і В) гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца для таго, каб ціснуць на тую частку расейскай апазыцыі, якая вымушана аказвацца за мяжой», — кажа ён.

Характарызуючы асобу Ўладзімера Пуціна, Хадаркоўскі зьвярнуў увагу, што ў яго сфармаваўся асаблівы мэнталітэт, які прынцыпова адрозьніваецца ад мэнталітэту заходніх палітыкаў:

«Гэта чалавек зь іншай рэальнасьці. Ён ня монстар. Ён проста чалавек са сфармаваным, у расейскім сэнсе, паліцэйска-бандыцкім мэнталітэтам. У Расеі гэта вельмі падобныя тыпы мэнталітэту. Ён адданы сваім сябрам. У яго ёсьць пэўныя паняцьці, кодэкс гонару, але гэты кодэкс для нармальнага чалавека падасца трошку дзіўным. І ён зусім несумяшчальны з законам».

Паводле словаў Хадаркоўскага, менавіта ў гэтым праблема, празь якую заходнія лідэры ніколі ня змогуць дасягнуць з Пуціным доўгатэрміновых дамоўленасьцяў. «Таму што, у яго ўяўленьні, яны яго пастаянна падманваюць, таму што, зноў жа, у яго ўяўленьні, лад сьвету іншы», — лічыць ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG