Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хамайда: «Чаму адных герояў згадваюць, а другіх — замоўчваюць?»


Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда выйшаў у цэнтар гораду з плякатам, прысьвечаным угодкам бітвы пад Монтэ-Касіна.

На плякаце, зь якім спадар Хамайда тры гадзіны прастаяў каля так званага «сіняга дому» — дому № 28 па вуліцы Леніна — было напісана: «Слава героям!». Апазыцыянэр лічыць ганьбай, калі на дзяржаўным узроўні пампэзна сьвяткуецца дзень 9 траўня або ўгодкі бітваў пад Сталінградам ці на Курскай дузе — і ніводным словам ня згадваюцца героі баёў пад Монтэ-Касіна ў траўні 1944 году:

«Гэта было ў Італіі, 4 месяцы ішоў штурм гэтай вышыні каля Монтэ-Касіна, і ўрэшце авалодалі вышынёй жаўнеры 2-га Польскага корпусу пад камандаваньнем генэрала Андэрса. У гэтым корпусе было вельмі шмат беларусаў, былі ўкраінцы і габрэі. Шмат людзей загінула. Дык чаму мы ўзгадваем 9 траўня тых, хто ваяваў і загінуў тут, на ўсходніх франтах, і нічога не гаворым пра загінулых на захадзе? Пра тых, хто ваяваў у францускім супраціве, у італьянскім, у партызанах. Шмат беларусаў там загінула! Нядаўна памёр апостальскі візытатар грэка-каталіцкай царквы айцец Аляксандар Надсан — і ён быў там цяжка паранены, менавіта падчас штурму вышыні пад Монтэ-Касіна. І мы павінны памятаць пра тых герояў, пра нашых беларусаў, бо беларусы — і тыя, што ваявалі тут падчас Другой сусьветнай вайны, і тыя, што змагаліся ў замежжы. Дзеля гэтага я плякат і вынес сёньня — каб людзі паглядзелі і падумалі. Гэта была вельмі важная перамога!»

Бітва пад Монтэ-Касіна — сэрыя з чатырох бітваў Другой сусьветнай вайны ў раёне кляштару Монтэ-Касына. Перамога дазволіла саюзным войскам прарваць нямецкія ўмацаваньні і захапіць Рым. Пра землякоў з арміі Андэрса сёньня на Беларусі насамрэч мала ўспамінаюць. А іх было ня менш за траціну асабовага складу 2-га Польскага корпуса. Некаторыя былі запісаныя ў мэтрыках як палякі, але насамрэч былі беларусамі.

Барысу Хамайду даводзілася тлумачыць гэта віцяблянам. Дарэчы, спынялася каля пляката і распачынала размовы значна больш людзей, чым звычайна, калі апазыцыянэр толькі распаўсюджвае незалежную прэсу. Супрацоўнікі міліцыі прэтэнзіяў не выказвалі — абыякава праходзілі міма, нібыта не заўважаючы ні пляката, ні бел-чырвона-белага парасона, ні іншы антуражу «працоўнага месца» спадара Хамайды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG