Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мечыслаў Грыб: Мяркую, у беларускім КДБ каля 12 тысяч супрацоўнікаў


Будынак Камітэту дзяржаўнае бясьпекі

Будынак Камітэту дзяржаўнае бясьпекі

КДБ Беларусі замовіў 16 500 службовых пасьведчаньняў, якія будуць каштаваць падаткаплатнікам амаль 500 мільёнаў рублёў. Замова КДБ зноўку ўзьняла пытаньне пра колькасьць супрацоўнікаў сакрэтнай установы.

16 500 службовых пасьведчаньняў зьбіраецца набыць КДБ Беларусі, што вынікае з інфармацыі на партале дзяржаўных закупак ад 27 лістапада, дзе разьмешчаная замова. На гэтыя мэты зь дзяржаўнага бюджэту выдаткаваны 451 мільён рублёў. У замове пазначана, якой структуры КДБ і колькі трэба новых пасьведчаньняў: цэнтральнаму апарату — 5 тысяч, абласным управам і ўправе вайсковай контравыведкі — па 1,5 тысячы пасьведчаньняў і яшчэ 1 тысяча — для Інстытута нацыянальнай бясьпекі. Дык колькі супрацоўнікаў працуе ў ведамстве дзяржаўнай бясьпекі? Прэсавы сакратар КДБ Артур Стрэх сваім адказам пацьвердзіў, што ўстанова лічыцца сакрэтнай.

«Колькасьць супрацоўнікаў камітэта — гэта ўвогуле зьвесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу». Камэнтаваць зьвесткі пра 16,5 тысяч пасьведчаньняў, якія замовіў КДБ, Артур Стрэх адмовіўся.

Ці існуе норма, паводле якой вызначаецца колькасьць супрацоўнікаў спэцслужбаў на тысячу жыхароў? Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб кажа, што ў міліцыі пэўна ёсьць нормы, паводле якіх вылічаецца, колькі супрацоўнікаў вышуку, опэрупаўнаважаных ці ўчастковых мусіць быць на тысячу жыхароў краіны. Спадар Грыб мяркуе, што такая норма ёсьць і для КДБ і што гэтая норма істотна павялічылася з таго часу, як кіраўніком дзяржавы стаў Аляксандар Лукашэнка. А на пачатку 1994 году, калі Мечыслаў Грыб узначальваў Вярхоўны Савет Беларусі, супрацоўнікаў КДБ было прыкладна 2 тысячы — колькі і ў апошнія гады СССР.

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

«Калі я быў старшынём Вярхоўнага Савету, новых падразьдзяленьняў КДБ у нас не зьяўлялася. Не скарачалі, але і новых не ўтваралі. І супрацоўнікаў КДБ было не асабліва шмат. Управы былі ў Менску і абласных гарадах, а раёны кантраляваліся супрацоўнікамі з гэтых упраў, якія былі замацаваныя за раёнамі. У тым ліку па 1-2 апэратыўнікі. А што цяпер? Неяк кіраўнік дзяржавы назваў лічбу ў 12 тысяч, і гэтаму можна верыць. Бо цяпер амаль што ў кожным раёне ёсьць падразьдзяленьне КДБ, у якім штат супрацоўнікаў. І калі на 12 тысяч супрацоўнікаў замаўляюць 16,5 тысяч пасьведчаньняў, то ніякага дзіва тут няма. Заўсёды трэба замовіць адсоткаў на 20 больш, чым ёсьць, бо будуць зьяўляцца новыя людзі, а нехта будзе звальняцца».

Зьвесткі пра колькасьць супрацоўнікаў КДБ Аляксандар Лукашэнка агучваў у 2012 годзе. «Хай іх будзе не 12 тысяч, ня 10 і нават ня 6 тысяч чалавек. Хай іх застанецца 3 тысячы, але застануцца адданыя дзяржаве людзі», — заявіў Лукашэнка, калі ставіў задачу новаму кіраўніку КДБ Валеру Вакульчыку правесьці скарачэньне ў КДБ.

Былы супрацоўнік вайсковай контравыведкі Сяргей Аніська пагаджаецца з тым, што з таго часу пэўнае скарачэньне ў КДБ адбылося. Аднак былы контравыведнік мяркуе, што задача падбіраць у КДБ адданых — недастатковая.

Толькі з аднымі адданымі дзяржаўную бясьпеку не забясьпечыш

«Гэта добрыя словы прэзыдэнта, але калі б ён яшчэ дадаў: „Адданыя і да таго ж прафэсіяналы“. Бо толькі з аднымі адданымі дзяржаўную бясьпеку не забясьпечыш. А прафэсіяналізм выяўляецца ў сапраўдных справах. Гэта ня проста затрымаць некага з 20 патронамі і абрэзам старой стрэльбы. Ці ўзяць нібыта карупцыянэра, які нешта скраў з заводу. Карупцыя — гэта не крадзеж з заводу, нават на 100 тысяч даляраў. Гэта значна больш сур’ёзна, калі злоўжываньні ідуць праз усе эшалёны ўлады. А я апошнім часам ня чуў нечага такога, каб усе пра гэта казалі як пра прыклад выяўленай карупцыі. Канешне, працу КДБ не заўсёды трэба афішаваць — такая ў яе спэцыфіка, але нейкія знакавыя рэчы мусяць быць вядомыя: выкрыцьцё сапраўдных шпіёнаў, вялікіх карупцыянэраў. Але што можа аказацца? Вось як паведамлялі пра самы вялікі хабар у 500 тысяч даляраў — справа намесьніка менскага мэра Васільева, але на выхадзе што аказалася? — Пшык».

Ігара Васільева ў пачатку 2013 году асудзілі за хабар на 14 год зьняволеньня. Спачатку працэс быў адкрытым, але потым, калі адзін са сьведак заявіў, што «хабар» намесьніку старшыні Менгарвыканкаму прынёс ягоны знаёмы на замову КДБ, суд для грамадзкасьці закрылі. Такія мэтады барацьбы з карупцыяй былы контравыведнік Сяргей Аніська не ўхваляе і згадвае, што ў канцы 80-х гадоў за арганізацыю правакацыяў супрацоўнікаў КДБ звальнялі, а некаторых прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG