Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-5 жэстаў улады ў бок беларушчыны

абноўлена

Гучныя заявы ў падтрымку беларускай гісторыі, культуры, мовы — не навіна. Навіна, што гэтыя заявы раз-пораз пачала рабіць улада, разбураючы створаную ёй жа чорна-белую карціну любові-нелюбові да свайго.

№ 1. Беларуская мова: вывучаць у школе, ужываць у палітыцы

«Мы ня рускія, мы — беларускія», — прагучала ў звароце да парлямэнту і народу ў красавіку 2014-га з вуснаў таго, хто шмат год цьвердзіў, што мы «адзін народ» альбо «рускія са знакам якасьці». Гэта першы, на мой погляд, сур’ёзны вынік украінскіх падзеяў, якія паўплывалі на паводзіны беларускіх уладаў.

Далей — болей. «Калі мы згубім рускую мову, то страцім розум, а калі мы развучымся размаўляць па-беларуску, то перастанем быць нацыяй». Крытыкі тут бы зазначылі — дык улады ж і вядуць да таго, што беларусы забываюцца на сваю мову. Дзе дзеяньні дзяржавы па падтрымцы роднай мовы? А Лукашэнка і сам згодны: у такіх выказваньнях «ёсьць нейкая соль», «мы мала аддаём увагі беларускай мове», «ужо занадта асьцярожна мы падтрымліваем беларускую мову».

Фота з сацыяльных сетак
Фота з сацыяльных сетак

Дарэчы, гэта далёка ня першы раз, калі кіраўнік краіны выказваецца ў падтрымку беларускай мовы. Яшчэ чатыры гады таму ён адказваў на пытаньне журналіста (курсівам пазначаныя словы, якія ў арыгінале сказаныя на беларускай мове): «Жадаеце размаўляць на беларускай мове — размаўляйце, вам ніхто не перашкаджае... Мова — гэта тая сфэра, якая не цярпіць ніякай дыктатуры і гвалту». Далей ён прыводзіў даволі дзіўную статыстыку, быццам з кожным годам усё болей абітурыентаў, якія жадаюць здаваць «іспыты» (мабыць, усё ж ЦТ) на беларускай мове (нават што іх «пераважная бальшыня»). Незалежна ад таго, наколькі гэта дакладна, зьвернем увагу на ацэнку гэтага Лукашэнкам: «Я ня менш за вас гэтым цешуся, толькі не крычу пра гэта, бо мова... — гэта тонкая матэрыя... Ня трэба гэтую тэму мусоліць... давайце вось так ціха, спакойна навучым усіх размаўляць на нашай роднай, сакавітай беларускай мове».

У выступе з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасьці Аляксандар Лукашэнка таксама вельмі сымбалічна ўжываў беларускую мову.

Зноў-такі, лёгка заўважыць: словы словамі, а дзе ж дзеяньні?

Фота з сацыяльных сетак
Фота з сацыяльных сетак

Першай ластаўкай стала ідэя павялічыць аб’ём выкладаньня беларускай мовы ў школах. Крытыкуючы працу Мінадукацыі, Лукашэнка зьвярнуў увагу на тое, што ў школьнай праграме расейскай і нават ангельскай мове адведзена больш часу, чым беларускай. Што праўда, вынік атрымаўся даволі арыгінальны: павялічыць аб’ём выкладаньня беларускай мовы Лукашэнка прапанаваў за кошт... ангельскай. З пункту гледжаньня сучаснасьці — даволі сумнеўная ідэя, але ж і клопат пра беларускую мову відаць.

Вось і прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч на калегіі Саўміну прамаўляў на беларускай мове (падначаленыя ў гэтай сыстэме хутка ловяць такія трэнды — узгадаем, як у часы беларускамоўнага міністра Латушкі амаль увесь апарат Мінкульту хутка перайшоў на беларускую мову).

№ 2. Сустрэча зь літаратарамі: нечаканы плюралізм

Кастрычніцкая сустрэча Лукашэнкі зь літаратарамі магла б застацца практычна незаўважанай, проста яшчэ адным бюракратычным мерапрыемствам. Але туды запрасілі ня толькі Чаргінца & Co., а і незалежных літаратараў, кіраўнікоў «апазыцыйных» арганізацыяў: Андрэя Хадановіча (ПЭН-цэнтар) і Барыса Пятровіча (Саюз беларускіх пісьменьнікаў).

Добрую характарыстыку сустрэчы даў Хадановіч: «Я быў прыемна шакаваны, атрымаўшы ў адказ на пяціхвіліннае запытаньне паўтарагадзінны разгорнуты адказ па ўсіх пунктах. Гэта ня значыць, што думкі суразмоўнікаў супадалі».

Так, варта не губляць розуму ад радасьці, але ж пры ўсім пры гэтым сам факт размовы кіраўніка краіны на роўных як з «афіцыйнымі» літаратарамі, так і з «апазыцыйнымі» адлюстроўвае зьмену падыходу да незалежнай культуры. Зрэшты, Хадановіч зазначыў, што і Лукашэнка ўжываў у размове беларускую мову, прычым «некалькі фірмовых падколак апанэнтаў было, але разам з тым было некалькі беларускамоўных пасажаў проста ў пазытыўным ключы».

№ 3. Мова Сup: спорт + нацыянальная сьвядомасьць

Спартыўны фэстываль, які адбыўся 28 верасьня ў сталічным спартыўным комплексе РЦАПа па лёгкай атлетыцы, рваў шаблёны кожнаму, хто пра яго чытаў ці асабіста наведваў. У арганізатарах — Міністэрства спорту і турызму, у партнэрах — «Беларусбанк» ды кампаніі Юрыя Чыжа, а пры гэтым натхняльнік фэстывалю — плыўчыха-чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя — сядзіць на прэс-канфэрэнцыі ў «вышымайцы», потым на самім фэстывалі Франак Вячорка стаіць на ўваходзе ды гэтыя майкі распаўсюджвае.

Калі некаму яшчэ мала, то як вам чэмпіянат па міні-футболе, дзе ў адной турнірнай сетцы — Міністэрства спорту і турызму, «Трайпл», ВТБ-Банк, Радыё Свабода і «Рух»?

Цяжка сабе ўявіць больш яскравы прыклад таго, як усё грамадзтва — ад уладаў і бізнэсу да незалежных мэдыяў — яднаецца ў прыгожым сьвяце на глебе нацыянальных каштоўнасьцяў, беларускай мовы, нацыянальнай сьвядомасьці. І адзначым, што ўлады тут выступаюць у ролі актыўнага партнэра, а зусім ня карніка.

Чытаць таксама: Фэстываль Мова Cup у Менску

№ 4. Помнікі: ад Альгерда да «Тараса на Парнасе»

Да гэтага часу Беларусь займае трэцяе месца ў сьвеце па колькасьці помнікаў Леніну.

Між тым пакрысе правадыра пралетарыяту замяняюць іншыя сымбалі. Напрыклад, з цэнтру Горак Ленін зьнік, а замест яго горад упрыгожыў манумэнт студэнтам, які адразу стаў папулярны ў мясцовай моладзі.

Фота з сацыяльных сетак
Фота з сацыяльных сетак

Прыбралі Леніна і ў Гарадку, затое там зьявіўся валун з памятнай дошкай у гонар галоўнага героя знакамітай беларускай паэмы «Тарас на Парнасе».

Крыніца: TUT.BY
Крыніца: TUT.BY

Але ж, безумоўна, галоўнай зьявай у сьвеце беларускіх манумэнтаў стаў конны помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду, які 24 чэрвеня змантавалі ў Віцебску, на Рынкавай плошчы — у самым цэнтры гораду.

Альгерд пасьпяхова ваяваў з Тэўтонскім ордэнам, перамог аб’яднанае войска ханаў Залатой Арды, пасадзіў сваіх сыноў княжыць у Пскове і Кіеве, тройчы хадзіў паходам на Маскву, у выніку чаго кантраляваў Смаленскае княства, уключыў у склад ВКЛ Ржэў, Мсьціслаў, Падольскую, Валынскую і Пераяслаўскую землі — і ў выніку павялічыў тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага больш як у два разы. Відавочна, што гэта якраз той чалавек, якім павінны ганарыцца нашчадкі, сапраўдныя патрыёты Беларусі.

Зразумела, што ў людзей з адрознымі поглядамі Альгерд выклікае зусім іншую рэакцыю. Так, яшчэ год таму віцебскія казакі і камуністы нават адаслалі адмысловы ліст Лукашэнку: зь іх пункту гледжаньня ўсталяваньне помніка «стане найбуйнейшай палітычнай і ідэалягічнай памылкай... правакацыяй, якая вядзе да расколу нашага грамадзтва і іншых нэгатыўных наступстваў... Мы лічым, што гэтага нельга дапусьціць, і спадзяёмся на Ваша слова — слова кіраўніка дзяржавы, лідэра нашага народу».

А вось і адказ Лукашэнкі — помнік адкрылі з помпай да Дня гораду, і белае покрыва зь яго зьнялі старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец, яго намесьнік Уладзімер Цярэнцьеў, старшыня гарвыканкаму Віктар Нікалайкін. Казакі-камуністы і іншая «расейская грамадзкасьць» цяпер ва ўладаў не ў пашане.

Помнік Альгерду ў Віцебску
Помнік Альгерду ў Віцебску

№ 5. Рэпрэсіі: пачалі адрозьніваць чорнае і белае

Апошнім часам можна было заўважыць, што шмат якія беларускаарыентаваныя ініцыятывы — «Арт Сядзібу», Symbal. by, курсы «Мова ці кава» і «Мова нанова» — улады не чапаюць, не рэпрэсуюць дый наагул ніяк не перашкаджаюць іх дзейнасьці. Пры гэтым сілавікі ня сьпяць у шапку, а працуюць — проста ў іншым кірунку.

У тым самым звароце Лукашэнкі да парлямэнту і народу прагучалі пагрозы на адрас тых «дзеячаў», якія скардзяцца, што расейскую мову ў Беларусі «прыціскаюць». Цяпер «адмарозкамі» (звычайная лукашэнкаўская мянушка для апазыцыі) ён назваў якраз гэтых прарасейскіх дзеячаў, якія «ствараюць глебу для супярэчнасьцяў у нашай краіне». Як улады ставяцца да пэўных славянскіх абаронцаў? «Упікнуць нас тым, што мы рускую мову не паважаем або прыніжаем, гэта накшталт злачынства. Таму я паставіў задачу Камітэту дзяржбясьпекі да такіх людзей падыходзіць як да дывэрсантаў».

Мова ці кава
Мова ці кава

Злачынцаў ды дывэрсантаў не спатрэбілася доўга шукаць: некалі праўладнаму Беларускаму славянскаму камітэту не далі ператварыцца ў палітычную партыю, больш за тое — яго лідэр Сяргей Касьцян пачаў публічна скардзіцца на беспрэцэдэнтны ціск КДБ, скіраваны на шмат якіх актывістаў гэтай арганізацыі: пад пагрозамі іх прымушалі пісаць заявы аб выхадзе зь Беларускага славянскага камітэту. Знаёмыя мэтады! Толькі вораг стаў зусім іншы.

Сяргей Касьцян, фота Белгазэта
Сяргей Касьцян, фота Белгазэта

Ня трэба забывацца і пра тое, што з Адміністрацыі прэзыдэнта прыбралі Льва Крыштаповіча, вядомага адыёзнымі заходнерусісцкімі ды панславянскімі поглядамі. Вядома, прыбралі далёка ня толькі за гэта, але ж факт у тым, што такому чалавеку месца ў кіраўніцтве краіны болей не знайшлося.

Леў Крыштаповіч, euroradio
Леў Крыштаповіч, euroradio

* * *

Вядома, трэба разумець, што прыхільнікамі каштоўнасьцяў БНФ улады зьнянацку ня сталі. Усе гэтыя крокі — ня толькі праява пэўнага стаўленьня да беларушчыны, яны абумоўленыя і момантам палітычнага цыклю (праз год выбары), і, вядома, геапалітычнымі меркаваньнямі (пасьля падзеяў ва Ўкраіне). Але ж крокі ёсьць, і іх трэба выкарыстоўваць, раскручваць, лавіць момант. Бо праз такое і пачынаюцца глябальныя перамены — не таму, што ўлады раптам ператвараюцца ў белых і пухнатых, а таму, што празь зьмены зьнешніх абставінаў яны вымушаныя ісьці на нейкія зьмены, а актыўная частка грамадзтва падхоплівае ініцыятыву.

Вадзім Мажэйка для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG