Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неўязны ў Эўразьвяз кіраўнік контравыведкі КДБ страціў пасаду


Аляксей Захараў, ужо былы кіраўнік галоўнага ўпраўленьня контравыведкі КДБ

Аляксей Захараў, ужо былы кіраўнік галоўнага ўпраўленьня контравыведкі КДБ

Лукашэнка зьмяніў кіраўніцтва камандаваньня вайсковай контравыведкі КДБ. Новым начальнікам контравыведкі КДБ стаў палкоўнік Аляксандар Назаранка, узнагароджаны між іншага польскім мэдалём.

Аляксандар Лукашэнка вызваліў генэрал-маёра Аляксея Захарава ад пасады начальніка ўпраўлення вайсковай контравыведкі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі (УВКР КДБ). Аляксей Захараў знаходзіўся ў чорным сьпісе неўязных у Эўразьвяз беларускіх чыноўнікаў.

На пасаду начальніка УВКР прызначаны палкоўнік Аляксандар Назаранка. Былы кіраўнік упраўленьня А.Захараў залічаны ў распараджэньне старшыні КДБ. Інфармацыя пра гэта апублікавана на сайце Нацыянальнага цэнтру праўнай інфармацыі.

Аляксандар Назаранка нарадзіўся 31 ліпеня 1962 у Гомельскай вобласьці. У 1988 — 1993 гг. праходзіў службу на афіцэрскіх пасадах у асаблівых аддзелах КДБ па вайсковых падразьдзяленьнях Далёкаўсходняй вайсковай акругі ў Расеі.


У 1993 — 1995 гг. — ва ўпраўленьні вайсковай контравыведкі КДБ Рэспублікі Беларусь.

У 1995 — 2002 гг. — у Службе бясьпекі прэзыдэнта Беларусі.

У 2002 — 2003 гг. узначальваў упраўленьне ўласнай бясьпекі МУС Беларусі. Пасьля служыў начальнікам Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь.

У 2008 — 2009 гг. — намесьнік начальніка Акадэміі МУС Беларусі. Зь лістапада 2009 г. — намесьнік начальніка камандаваньня вайсковай контравыведкі КДБ Рэспублікі Беларусь.

Узнагароджаны мэдалямі «За бездакорную службу» 2 і 3 ступені, «За адзнаку ў воінскай службе», а таксама польскім срэбраным мэдалём «За заслугі перад паліцыяй» («Za zasługi dla Policji»). Адзначаны падзякай Аляксандра Лукашэнкі.


Былы вайсковы контрвыведнік Валер Костка пра прызначэньне Аляксандра Назаранкі.

«Нават калі ён працаваў ў тэрытарыяльнай контрвыведцы, то пераход ў вайсковую — гэта ўсё роўна не адпавядае прафэсіяналізму. Чаму? Бо чалавек ня мае вайсковай падрыхтоўкі. Усе вайсковыя контрвыведнікі спачатку заканчваюць вайсковыя вучэльні, а потым яшчэ вучацца і на контрвыведнікаў. І таму мне такое прызначэньне падаецца ня вельмі лягічным. Хаця абодвух я ня ведаю, але мяркую, што ў асяродзьдзі вайсковых контрвыведнікаў такое прызначэньне не атрымае падтрымкі».


Кадравае прызначэньне камэнтуе рэдактар інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук:

«Прозьвішчы другарадных сілавікоў, якіх рэгулярна мяняе Лукашэнка, ужо нічога мне ня кажуць. І гэта той самы выпадак. Што да працы вайсковай контравыведкі апошнім часам, то не відаць было ані асаблівых посьпехаў, ані вялікіх правалаў. Можна згадаць, што ў Берасьці контравыведнікі некалькі месяцаў таму выкрылі грамадзяніна, які нібыта аказваў дапамогу замежнай спэцслужбе ў зборы інфармацыі — бадай, гэта ўсё.


І вялікіх правалаў, як ў 2008 годзе пасьля тэракту на сьвяце Незалежнасьці, якія б прывялі да масавых адставак сілавікоў, я ня бачыў. Вядома, калі б ведаць, якія задачы перад контравыведкай ставіў кіраўнік дзяржавы, можна было б дакладней сказаць, зьвязаныя гэтыя кадравыя перамены з тымі задачамі ці не. Але гэта невядома.

Ці можа быць зьвязана зьмена начальніка контравыведкі са справай Сяргея Удальцова? Мяркую, не, бо, хутчэй за ўсё, тут бы трэба было ўзнагароду даваць, калі гэта беларускія спэцслужбы запісалі тую размову і падзяліліся з расейскімі. Відавочна, што калі зьліў быў, то быў адмыслова, а не насуперак беларускаму кіраўніцтву».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG