Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ: «Давядзецца высьветліць на практыцы, як будуць ажыцьцяўляцца заявы ЦВК»


Кент Харстэд
Кент Харстэд

Віцэ-старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, кіраўнік рабочай групы па Беларусі Кент Харстэд выступіў з заявай у сувязі з намерамі Цэнтравыбаркаму Беларусі прымяніць на найбліжэйшых парлямэнцкіх выбарах некаторыя рэкамэндацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ).

«Беларускі ўрад зрабіў пазытыўны захад, пагадзіўшыся рэалізаваць некаторыя з рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ, зробленыя пасьля назіраньня за апошнімі выбарамі ў краіне. Аднак я шкадую, што даўно насьпелыя зьмены выбарчага заканадаўства не прадбачацца ў найбліжэйшыя месяцы», — цытуе Харстэда прэс-служба ПА АБСЭ.

Паводле яго слоў, «яшчэ давядзецца высьветліць на практыцы, якім чынам заявы, зробленыя на самым высокім узроўні выбарчай адміністрацыяй, будуць ажыцьцяўляцца ў сьвятле парлямэнцкіх выбараў, што маюць адбыцца».

На парлямэнцкіх выбарах ЦВК будзе рэкамэндаваць зрабіць больш празрыстымі працэсы фармаваньня выбаркамаў, падліку галасоў, а таксама разгляду скаргаў. Такое рашэньне прынятае падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі 27 красавіка.

Большасьць прапаноў Цэнтарвыбаркам мае намер уключыць у свае мэтадычныя рэкамэндацыі для членаў выбарчых камісій на парлямэнцкіх выбарах, але «сёе-тое, магчыма, пойдзе праз пастановы ЦВК», паведаміў БелаПАН сакратар камісіі Мікалай Лазавік. Гаворкі пра зьмену выбарчага заканадаўства не ідзе.

Нагадаем, у справаздачы назіральнай місіі БДІПЧ паводле вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2015 года адзначалася: «Прэзыдэнцкія выбары, якія прайшлі 11 кастрычніка 2015 года, зноў паказалі, што Беларусі яшчэ трэба прайсьці значны шлях да выкананьня абавязацельстваў АБСЭ па дэмакратычных выбарах.... Значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў і падсумаваньня вынікаў галасаваньня, падарвалі сумленнасьць выбараў», — падкрэсьлівалася ў справаздачы.

У лютым паводле распараджэньня Лукашэнкі была створаная міжведамасная экспэртная група па вывучэньні рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ. У яе ўвайшлі прадстаўнікі ЦВК, Цэнтра заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, абедзьвюх палат парлямэнта, Мінюста і Мінінфарма.

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG