Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абрамава, Фядута, Чавусаў аб сюрпрызах сёлетняй выбарчай кампаніі


Ці будуць зьмененыя працэдурныя ўмовы парлямэнцкіх выбараў? Ці апынуцца ў Палаце прадстаўнікоў апазыцыянэры? Ці здолеюць апазыцыйныя партыі і рухі ўзгадніць свае дзеяньні падчас выбараў?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, палітычны экспэрт Вольга Абрамава, палітоляг Юры Чавусаў і паліттэхноляг і публіцыст Аляксандар Фядута.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: На гэтым тыдні было абвешчана, што выбары ў палату прадстаўнікоў сёлета адбудуцца, хутчэй за ўсё, 11 верасьня. Якіх сюрпрызаў ад сёлетняй кампаніі можна чакаць?

Давайце спачатку пра ўладу. Самы просты і, магчыма, правільны адказ — ніякіх сюрпрызаў ня будзе. Усё будзе як заўсёды, як тое было ў 2008 годзе, напачатку мінулага «мядовага месяца» з Эўропай, як было і ў 2012 годзе.

Зьнешнепалітычны «мёд» зьмяняўся горыччу, ў выбарчым працэсе асабліва нічога не мянялася.

Але ну а раптам зараз нешта зьменіцца? Усё ж за больш менш прыстойныя выбары Захад абяцае некаторыя смачныя «морквачкі». Вось наконт працэдуры — ці будзе больш свабодным парадак правядзеньня кампаніі, больш справядлівым фармаваньне выбарчых камісіяў, больш празрыстым і сумленным падлік галасоў?

Лічыць галасы ўсё роўна ніхто не зьбіраецца

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Чавусаў: Для ўлады зараз галоўная задача — паўтарыць пазытыўны, зь яе пункту гледжаньня, досьвед 2015 году, калі нязьменны па сутнасьці выбарчы працэс суправаджаўся такімі рэчамі, як вызваленьне палітвязьняў і адсутнасьцю гвалту. Тое, што ня білі людзей пасьля выбараў, было ўспрынята як пазытыўны крок.

Улада сваёй падкрэсьлена спрыяльнай рыторыкай адносна рэкамэндацыяў АБСЭ заахвочвае будучы пазытыўны вынік. У АБСЭ 30 рэкамэндацыяў і сярод іх можна выбраць тыя, якія не мяняюць кантраляваны характар выбарчага працэсу, але будуць успрынятыя пазытыўна. У 2015 годзе прайшло адмысловае пасяджэньне ЦВК, прысьвечанае галасаваньню невідушчых людзей.
Гэта падавалася як значны крок наперад у накірунку ўдасканаленьня выбарчага працэсу.

Зь іншага боку, лічыць галасы ўсё роўна ніхто не зьбіраецца. Абсалютна кантраляваны характар выбарчага працэсу ўлады ня зьменяць.
Што тычыцца «морквачак», пра якія вы, Юры, сказалі, што зараз тыя «морквачкі» не залежаць ад выбараў. Выбары могуць перашкодзіць выдачы «морквачак», калі ў сувязі зь імі зьбіваюць людзей і зьяўляюцца палітвязьні. Задача ўлады на гэтыя выбары — каб такога не было.

На выбарах 2016 году ўводзіцца ўзровень абласных камісіяў. Гэта азначае, што кандыдаты, якім адмовяць у рэгістрацыі ці якіх здымуць з рэгістрацыі, нават ня змогуць выступіць у ЦВК, каб абгрунтаваць сваю скаргу. Усё будзе вырашацца на ўзроўні акруговых і абласных камісіяў, а ў ЦВК, перад вачыма міжнародных назіральнікаў, усё будзе ціха і без скандалаў.

У адрозьненьні ад папярэдніх гадоў прадстаўнікоў апазыцыі ня будзе сярод чальцоў ЦВК з правам дарадчага голасу.

Па выніках сёлетніх выбараў будзе два-тры дэпутаты з дэмакратычнымі поглядамі і адзін зь іх — нацыянал-дэмакрат, каб палохаць Расею

Вольга Абрамава
Вольга Абрамава

Абрамава: На парлямэнцкіх выбарах 2016 году скасоўваецца другі тур, пераможца вызначаецца паводле адноснай большасьці галасоў. Для апазыцыі гэта кепская навацыя, ў мінулым апазыцыйныя кандыдаты часта выйгравалі менавіта ў другім туры, акумулюючы пратэстныя і цэнтрысцкія галасы.

Па схеме 2016 году я б ня стала дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня і дэпутатам палаты прадстаўнікоў 2-скліканьня ў 2000 годзе, тады ў першым туры я набірала менш галасоў, чым мае праўладныя канкурэнты.

Улады дэкляруюць павялічэньне празрыстасьці фармаваньня выбарчых камісіяў. Павінныя быць тлумачэньні, чаму перавага была аддадзеная адным, а не іншым кандыдатам у чальцы гэтых камісіяў. Але гэты абавязак ускладаецца на выканкамы.

Для падвышэньня празрыстасьці падліку галасоў мяркуецца лічыць бюлетэні на адным баку стала. Але пры гэтым кожны бюлетэнь не будзе падымацца для агляду з публічным агалашэньнем галасаваньня, то гэта нічога не дае.

Ёсьць адносны пазытыў — удзел апазыцыі ў працы акруговых камісіяў з правам дарадчага голасу.

Міжнародныя назіральнікі будуць прысутнічаць у акруговых камісіях пры прыёмцы пратаколаў ад участковых камісіяў. Але гэта толькі легітымізуе вынікі выбараў і ня больш за тое.

Паколькі не скасоўваецца датэрміновае галасаваньне, якое не трапляе пад грамадзкі кантроль і якое дае яўку да 30% ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў, то пры агульнай яўцы прыкладна ў 50%, датэрміновае галасаваньне дае да 60% тых, хто прагаласаваў. Іншымі словамі, пытаньне аб пераможцах у першым туры практычна вырашанае.

На мой погляд, зараз будзе адбывацца абкатка пераходу да прапарцыйнай сыстэмы. Упершыню было агучана, што палаце прадстаўнікоў 5-га скліканьня 67 чальцоў протапартыі «Белая Русь». Плюс іх саюзьнікі з афіцыйных камуністаў. Туды дададуцца дэпутаты ад ЛДПБ і партыяў-фантомаў і можна ўводзіць выбары па прапарцыйнай сыстэме з бар’ерам 7% галасоў. І тады на наступных выбарах усё будзе прыгожа, але і мыш не праскочыць.

Магу меркаваць, што па выніках сёлетніх выбараў будзе два-тры дэпутаты з дэмакратычнымі поглядамі і адзін зь іх — нацыянал-дэмакрат, каб палохаць Расею.

«Морквачкі» прапаноўваюцца не аслу, а ваўку, а воўк моркву ня есьць

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Фядута: Тыя «морквачкі», пра якія вы, Юры, прыгадалі, прапаноўваюцца не аслу, а ваўку, а воўк моркву ня есьць, яму патрэбнае мяса. Тыя «морквачкі» — касмэтычныя рэчы, якія тычацца статусу беларускіх афіцыйных прадстаўнікоў у эўрапейскіх структурах. А нашаму «ваўку» зараз, як ніколі, патрэбныя грошы. Таму калі яму прапануюць грошы і скажуць, колькі гатовы заплаціць за кожнае дэпутацкае месца для апазыцыі ў парлямэнце, тады, магчыма, і сапраўды некага туды і прапусьцяць.

Могуць не прапаноўваць, могуць працягваць абмяркоўваць і тады давядзецца задаволіцца тымі касмэтычнымі папраўкамі ў выбарчае заканадаўства, пра якія добра сказала Вольга.

Дракахруст: Цяпер — пра вынік. Палата прадстаўнікоў не заўсёды была такой адзінагалосай, а дакладней, безгалосай, як зараз. Ці могуць у выніку сёлетніх выбараў у парлямэнце зноў зьявіцца дэпутаты з апазыцыйным ці прынамсі з адрозным ад уладнага поглядам? Падчас выбараў 2008 году Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію рабіў намёкі на тое, што некалькі апазыцыянэраў могуць у палаце апынуцца. Цяпер гаворыцца, што выбары павінны прайсьці без «гульні ў якуюсьці незразумелую дэмакратыю». Але, як сказаў наконт эканомікі дарадца прэзыдэнта Кірыл Руды, «мы праводзім рэформы, толькі не называем іх так». Дык можа і з дэмакратыяй сёлета здарыцца тое самае?

Лукашэнку ня трэба асабліва легітымная палата прадстаўнікоў

Чавусаў: Я скептычна стаўлюся да той карціны, якую намалявала Вольга. Я ня бачу перадумоваў для такога ўдасканаленьня афіцыйнай часткі палітычнай сыстэмы. Сапраўды, перад выбарамі і ў 2008 годзе, і ў 2012 годзе такія варыянты агучваліся, некаторыя заходнія паслы паказвалі сьпісы людзей, якія быццам бы меліся быць прапушчаныя ў палату праз гэтае фальсыфікацыйнае сіта.

У 2012 годзе, нагадаю, заяўлялася пра палітычную рэформу, цяпер падобных заяваў няма. Я ня бачу для ўлады патрэбы зараз гэта рабіць. У параўнаньні з 2008 і 2012 гадамі ўзровень плюралізму ў палаце прадстаўнікоў не зьяўляецца ўмовай, якая ўплывае на выдачу «морквачак».

Праекты тэхнічнай дапамогі, крэдыты, некаторыя іншыя прэфэрэнцыі для афіцыйнага Менску не залежаць ад таго, ці будуць у Палаце прадстаўнікоў носьбіты альтэрнатыўных меркаваньняў ці 110 «глухих согласных».

Я таксама сумняваюся, што будзе падвышацца роля ляяльных уладзе палітычных партыяў. У свой час Сяргей Гайдукевіч сапраўды атрымаў месца ў палаце прадстаўнікоў, але дзякуючы яго ролі ў легітымзацыі палаты ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Зараз значнасьць дзеяньняў такога кшталту памяншаецца.

Лукашэнку ня трэба асабліва легітымная Палата прадстаўнікоў. Гэта было б яму прыемна, але нашто ангажавацца ў справу далучэньня палаты прадстаўнікоў да Парлямэнцкай асамблеі ПАРЭ, калі дыялёг з Захадам ідзе добра?

Праект пераўтварэньня «Белай Русі» ў афіцыйную партыю час ад часу прасоўваюць пэўныя людзі ў намэнклятуры, але рашэньне па гэтым пытаньні наўрад ці будзе прынятае ў бліжэйшы час. Адміністрацыя прэзыдэнта ня хоча губляць кантроль над палітычнай сыстэмай, а стварэньне «партыі ўлады» — гэта стварэньне альтэрнатыўнага цэнтру ў межах існай сыстэмы.

Максымум, чаго можна чакаць, гэта таго, што склад ляяльных дэпутатаў можа стаць крыху больш разнастайным, што ў парлямэнце могуць зьявіцца нейкія адэкватныя эканамісты. Але думаю, што адміністрацыя прэзыдэнта будзе кіравацца прынцыпам «парлямэнт — ня месца для дыскусіяў», а для гэтага трэба мець «зачышчаны» дэпутацкі корпус.

Сёлета пасьля пасланьня ўпершыню з 2008 году не было прамой трансьляцыі адказаў прэзыдэнта на пытаньні дэпутатаў

Абрамава: Падставай для майго прагнозу выбараў зьяўляецца сынхранізацыя ў палітычным пляне беларускіх парлямэнцкіх выбараў і выбараў у Дзярждуму РФ, бо дзьве краіны рушаць у адным кірунку. Вядома, што ў Думу мяркуецца прапусьціць праз сіта выбараў некалькі чалавек з альтэрнатыўнымі поглядамі.
Можна прывесьці прыклад і з нашай практыкі, калі фармаваўся склад палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня. Гэта быў фактычна протапарлямэнт, але без кантрольных функцыяў. Найбольш адыёзныя законы і суцэльнае глупства дэпутатам атрымлівалася завальваць ці адпраўляць на дапрацоўку. Паводле ўнутранай інфармацыі тады са 110 дэпутатаў 15 былі абраныя ў альтэрнатыву праўладным кандыдатам.

У той палаце былі таксама і дастаткова радыкальныя дэпутаты, якія прайшлі пры поўнай падтрымцы ўлады, але ў палаце памянялі свае палітычныя погляды.

Калі глядзець па галасаваньнях, то палаты 4-га і 5-га скліканьняў амаль стэрыльныя. Але зьвярніце ўвагу, што пасьля сёлетняга пасланьня прэзыдэнт гадзіну і 10 хвілінаў адказваў на пытаньні дэпутатаў і ўпершыню з 2008 году не было прамой трансьляцыі гэтых адказаў. У палатах 2-га і 3-га скліканьня таксама не было прамой трансьляцыі адказаў прэзыдэнта на пытаньні дэпутатаў, бо ўлада перасьцерагалася вострых дэпутацкіх пытаньняў. Відаць, і сёлета, пад ціскам абставінаў і сваіх выбаршчыкаў, дэпутаты пачалі задаваць вострыя пытаньні.

Лодка, ў якой мы ўсе плывем, называецца так, як галоўная газэта краіны «Советская Белоруссия»

Фядута: Калі прыгадваць словы спадара Рудага, паводле якога рэформы ў нас ідуць, толькі іх так не называюць, то варта сказаць, што ў нас справы ідуць, як у песьні з дзіцячай стужкі майго юнацтва «Как вы лодку назовете, так она и поплывет».

Тая лодка, ў якой мы ўсе плывем, называецца так, як галоўная газэта краіны «Советская Белоруссия».

Так што я цалкам згодны з думкай, што няма ніякай падставы нешта мяняць.

Дракахруст: Значная, калі не пераважная частка апазыцыі байкатавала выбары 2012 году. Зараз бальшыня партыяў і рухаў маюць намер у выбарах удзельнічаць. Але ці ня будуць яны ўжываць байкот потым, ці ня будуць здымаць кандыдатуры, як тое рабіла, скажам, АГП у 2012 годзе?

Удзел у сёлетніх выбарах — чарговая памылка апазыцыі

Фядута: Я быў прынцыповым прыхільнікам таго, каб апазыцыя заўсёды ўдзельнічала ў парлямэнцкіх выбарах, сам некалькі разоў спрабаваў у іх удзельнічаць. Але менавіта зараз, калі дзейная ўлада павінна ўзяць на сябе ўсю адказнасьць за тое, што будзе адбывацца з беларускай эканомікай, і калі ёй ня будуць перашкаджаць ані Захад, ані Ўсход, ані нават апазыцыя — хай бярэ. Менавіта дзеля гэтай адказнасьці апазыцыі мусіць заставацца на вуліцах, на Плошчы. Тое, што апазыцыі зьбіраецца на выбары, і хутчэй за ўсё пойдзе да канца і ня будзе здымаць свае кандыдатуры і пры гэтым ня будзе ніякага адзінага пляну ўдзелу ці няўдзелу — гэта будзе чарговая памылка апазыцыі.

Парлямэнцкая кампанія — гэта моцны трэнінг і магчымасьць нарасьціць палітычныя цягліцы на будучыню

Абрамава: Удзел у выбарах — не дзеля тых 2-3 чалавек, якія могуць прайсьці ў палату. Гэта мы ўжо праходзілі ў 3-м скліканьні — гэта нулявы вынік і пакуты тых, хто мусіць адстойваць свае погляды і ўвесь час стаяць на барыкадах.

Аргумэнты за ўдзел зусім іншыя і яны добра вядомыя. Па-першае, байкот не спрацоўвае ў Беларусі. Па-другое, арганізаваць паўнавартасны байкот проста ня хопіць сілаў апазыцыі.

Для апазыцыі байкот мае сэнс ладзіць толькі ў тых акругах, дзе пойдуць кандыдаты ад «Гавары праўду», каб паменшыць іх адсоткі.

Парлямэнцкая кампанія — гэта моцны трэнінг і магчымасьць нарасьціць палітычныя цягліцы на будучыню. А таксама папулярызаваць амбіцыйных, патэнцыйна пэрспэктыўных, найперш маладых палітыкаў на будучыню.

Лепш было б, каб у парлямэнце было прадстаўніцтва дэмакратычна арыентаваных сілаў. Лепш не для іх, гэтым дэпутатам не пазайздросьціш, а для грамадзтва. Бо празь іх можна было б ладзіць хоць нейкую абарону палітычна значных інтарэсаў.

У палаце прадстаўнікоў 3-га скліканьня да мяне зьвяртаўся Іосіф Сярэдзіч па абарону выданьняў, якія адмовілі ў друкаваньні ў Доме друку. Я і па сваёй ініцыятыве і па яго звароту шмат разоў выносіла гэтае пытаньне на парлямэнцкую трыбуну. І гэта мела пэўны рэзананс — людзі, якія пра гэта ня ведалі, пра гэта даведваліся. Гэта складнік публічнага ціску на ўладу.

Нават у прайграных кампаніях вырастаюць лідэры

Чавусаў: Я пагаджуся з Вольгай, што выбары, нават такія, якія ёсьць у Беларусі, гэта заўжды трэнінг структураў, пошук актывістаў, пошук лідэраў. Нават у прайграных кампаніях вырастаюць лідэры. Тая вага кампаніі «Гавары праўду», якая ёсьць зараз — гэта наступства таго, што на прэзыдэнцкіх выбарах яны ішлі да канца.

Пры гэтым байкот структурна арганізацыю аслабляе, дэмабілізуе. І тое, што было на парлямэнцкіх выбарах 2012 году, калі БНФ і АГП зьнялі сваіх кандыдатаў, нельга называць байкотам.

Варта прыгадаць выбары 2000 году і давыбараў 2001 году ў палату прадстаўнікоў другога скліканьня. Ёсьць такі парадокс: калі праводзіцца паўнавартасная, дзейсная кампанія байкоту, падвышаецца імавернасьць таго, што ўлады пад пагрозай непрызнаньня выбараў, іх нелегітымнасьці будуць імкнуцца прапусьціць кандыдатаў, якія могуць быць прадстаўленыя, як носьбіты альтэрнатыўных поглядаў.

Ну і для паўнавартаснага байкоту павіннае быць адзінства апазыцыі, а шанцы на гэта невялікія. Кампанію байкоту проста няма каму праводзіць, каму да яе заклікаць — тыя ёсьць, каму яе праводзіць — не.

Дракахруст: На парлямэнцкіх выбарах праблема адзінства апазыцыі мае практычнае, тэхналягічнае вымярэньне — падзел акругаў. Ужо зараз большасьць апазыцыйных арганізацыяў утварылі стала дзеючую нараду, ў якую не запрасілі «Гавары праўду». На ваш погляд, ці будуць у межах нарады (ці неяк інакш) узгодненыя кандыдатуры паводле прынцыпу: адна акруга — адзін дэмакратычны кандыдат?

Адзіны сьпіс мае сэнс тады, калі ёсьць разьлік перамагчы

Чавусаў: Ад «Гавары праўду» ў лепшым выпадку назьбіраецца 10-20 кандыдатаў. На парлямэнцкія выбары кожнаму кандыдату трэба будзе сабраць тысячу подпісаў, калі ён не прадстаўляе палітычную партыю, якая вылучае яго праз сьпіс. Збор подпісаў у ліпені будзе больш складаным, чым на прэзыдэнцкіх выбарах. Роля партыяў, як інстытутаў, якія маюць права вылучаць кандыдатаў без збору подпісаў, будзе на гэтых выбарах найбольшай, таму кіраўнікі зарэгістраваных партыяў — АГП, БНФ, «Грамады» — будуць асноўнымі гульцамі ў працэсе аб’яднаньня-разьяднаньня. Таму перамовы, якія цяпер ідуць з правацэнтрысцкай кааліцыяй — гэта асноўнае, што можа прывесьці хаця б да дэкляратыўнага адзінства, можа і не з адным дэмакратычным кандыдатам па кожнай акрузе, але з адзінымі падыходамі.

Я скептычна стаўлюся да таго, што будзе рэалізаваны прынцып «адна акруга — адзін дэмакратычны кандыдат», няма такога інструмэнту, які б дазволіў гэтага дасягнуць. Кангрэс дэмакратычных сілаў, які ініцыявала група палітыкаў-адзіночак, якія ня маюць палітычных партыяў. Перамовы паміж партыямі, наўрад ці прывядуць да паўнавартаснага падзелу акругаў. Кожная партыя будзе мацаваць свае структуры на гэтых выбарах, не імкнучыся стварыць адзіны сьпіс.

Адзіны сьпіс мае сэнс тады, калі ёсьць разьлік перамагчы. Калі задачы іншыя, адзіны сьпіс сэнсу ня мае.

Абрамава: Разьмеркаваньне акругаў можа адбыцца толькі часткова. Калі тут прыгадалі «Гавары праўду», я мяркую, што ім лепш ісьці ад правінцыі, там вынікі будуць вышэй і атрымаецца пазьбегнуць мэтанакіраванага цкаваньня з боку іншай часткі апазыцыі.

Не магу пагадзіцца з тым, што сказаў Юры Чавусаў наконт збору подпісаў. Нармальна летам зьбіраюцца подпісы, шмат разоў даводзілася гэта рабіць. Проста патрэбная добра адмабілізаваная каманда.

Дракахруст: Аляксандар, і вашае меркаваньне — ці будзе адзінства і ці патрэбнае адзінства? Андрэй Дзьмітрыеў, адзін з кіраўнікоў «Гавары праўду» мяркуе, што яно і непатрэбнае — патрапіць у палату ўсё роўна не атрымаецца, а кожны кандыдат — гэта 5 хвілінаў на тэлебачаньні, за якія можна народу сказаць праўду, што ўласьціва гэтай кампаніі.

Калі кожная партыя будзе вырашаць свае праблемы, гэта значыць, што ізноў ніхто ня будзе вырашаць мае праблемы, як выбаршчыка

Фядута: На мой погляд, адзінства патрэбнае. Калі няма магчымасьці перамагчы, трэба ўзгадняць мэты. Калі кожная партыя будзе вырашаць свае праблемы, гэта значыць, што ізноў ніхто ня будзе вырашаць мае праблемы, як выбаршчыка. Ну тады я застануся на канапе і буду есьці папкорн. І шмат хто зробіць гэтак жа. І ня тыя выбаршчыкі, якія пойдуць на выбары падтрымаць Лукашэнку і тых «незалежных» кандыдатаў, якія насамрэч будуць праўладнымі кандыдатамі. На канапах застануцца як раз тыя, хто прагаласаваў бы за апазыцыю, калі б яна хаця б паспрабавала дамовіцца.

Цяпер усе глядзяць адзін на аднаго і думаюць — калі ён зьнікне з палітычнай арэны, я атрымаю яго галасы. Але так ня будзе. Дэмакратычная частка грамадзтва не расьце і структуры не ўмацоўваюцца не таму, што яны слабыя, а таму што зьнікла палітычная матывацыя.

Дэмакратычныя сілы зараз могуць перамагчы толькі ў адным выпадку — калі яны здолеюць сабраць 100 тысячаў подпісаў бяз грошай. Калі яны гэта зробяць, можна будзе сказаць, што адрадзіўся Беларускі Народны Фронт альбо той шырокі дэмакратычны рух, які быў на пачатку 1990-х. А цяпер і сярод партыйных зборшчыкаў подпісаў існуе пытаньне — а колькі мне заплацяць? І ў выніку «маємо те, що маємо», як кажуць у Кіеве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG