Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрываецца Кастрычніцкі эканамічны форум


3–4 лістапада ў Менску пройдзе чацьвёрты Кастрычніцкі эканамічны форум. Тэма форуму ў гэтым годзе — «Рэформы для інклюзіўнага росту». Арганізатары — дасьледчы цэнтар ІПМ у супрацоўніцтве з Цэнтрам эканамічных дасьледаваньняў BEROC і CASE Belarus пры ўдзеле Асацыяцыі эўрапейскага бізнэсу.

«Эканоміка Беларусі мае патрэбу ў рэформах. Бязь іх у краіну ня прыйдуць сурʼёзныя інвэстыцыі — ні зьнешнія, ні ўнутраныя. Без рэформаў эканоміка пагрузьне ў стагнацыі, таму што прынцыпы „ручнога кіраваньня“ страцілі сваю эфэктыўнасьць. У канчатковым выніку адсутнасьць рэформаў нясе пагрозу чалавечаму патэнцыялу — найважнейшаму фактару ўстойлівага разьвіцьця краіны», — лічаць арганізатары.

Тэмамі абмеркаваньня стануць пэрспэктывы разьвіцьця эканомік краін рэгіёну і Беларусі; рэформа сэктару дзяржаўных прадпрыемстваў у Беларусі; наступствы рэформы сэктару дзяржаўных прадпрыемстваў для беларускага рынку працы і захады па іх пераадоленьні; наступствы рэформы сэктару дзяржаўных прадпрыемстваў для беларускага фінансавага рынку.

На форуме выступяць больш за 30 прафэсіяналаў — вядомых замежных эканамістаў, прадстаўнікоў міжнародных фінансавых арганізацыяў, беларускіх чыноўнікаў, адказных за распрацоўку і правядзеньне рэформаў, а таксама беларускай акадэмічнай супольнасьці і бізнэсу:

  • Ганс Тымэр, галоўны эканаміст Усясьветнага банку па Эўропе і Цэнтральнай Азіі;
  • Андрэй Кляпач, галоўны эканаміст і сябра праўленьня расейскага Зьнешэканамбанку;
  • Дзьмітры Салагуб, намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Ўкраіны;
  • Кірыл Руды, памочнік прэзыдэнта Беларусі ў 2013–2016 гадах (ён выступіць з дакладам «Чаму нам не патрэбныя эканамісты»).

У форуме возьмуць удзел намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Снапкоў, першы намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі (ён выступіць з дакладам «Прагноз разьвіцьця эканомікі: уплыў захадаў эканамічнай палітыкі, уплыў зьнешніх фактараў»).

У межах канфэрэнцыі ў Галерэі tut.by таксама пройдзе адкрытая лекцыя «Валютныя катаклізмы постсавецкіх краін: бясконцая гісторыя?» Марэка Дамброўскага — доктара эканамічных навук, прафэсара, старшага навуковага супрацоўніка CASE, старшыні Назіральнай рады Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE Украіна ў Кіеве, сябра навуковай рады Інстытуту эканамічнай палітыкі імя Ягора Гайдара ў Маскве.

XS
SM
MD
LG