Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казакі пад расейскім трыкалёрам выхоўвалі дзяцей «на беларускіх праваслаўных традыцыях»


Падчас сустрэчы ў 19-й СШ Воршы. Фота з сайту школы, аўтар фота — настаўнік Сяргей Каралёў

Падчас сустрэчы ў 19-й СШ Воршы. Фота з сайту школы, аўтар фота — настаўнік Сяргей Каралёў

Гэта сьцьвярджаецца ў адказах зь Міністэрства адукацыі. Яно вымушана адказваць на скаргі з прычыны інцыдэнту, які здарыўся ў лютым гэтага году ў сярэдняй школе № 19 Воршы.

З 14 лютага прамінула амаль паўгода, пакуль інтэрнэт-карыстальнікі заўважылі на сайце школы дзіўны фотарэпартаж. Ён прысьвячаўся мерапрыемству, падчас якога прадстаўнікі «Праваслаўнага Казачага Вайскова-патрыятычнага Клюбу ў імя Архангела Міхаіла» чаплялі вучням самаробныя «мэдалі» ў колерах расейскага сьцяга. А ў якасьці антуражу фігураваў яшчэ адзін сьцяг — сіне-барвова-зялёны трыкалёр зь беларускім арнамэнтам па краі. Гэты сьцяг невыпадкова нагадвае сымбаль «Кубанскай Народнай Рэспублікі»: прадстаўніца казацтва Тацяна Гаўрыліна, якая прыяжджала ў аршанскую школу, — сябра «Кубанскай асацыяцыі казакоў „Россия“».

Паводле тлумачэньняў Міністэрства адукацыі, аршанскім дзецям прэзэнтавалі «будучы сьцяг клюбу». Але дырэктарка СШ № 19 Людміла Шапавалава нават уяўленьня ня мела, што гэта за сьцяг, прымаючы гасьцей у дзіцячай установе — прынамсі, так яна адказала на пытаньне «Нашай Нівы».

Дарэчы, клюбу, зь якім сустракаліся аршанскія школьнікі, няма ў сьпісе зарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў. Усяго за тры тыдні да згаданай сустрэчы са школьнікамі ён «быў зарэгістраваны пры праваслаўным прыходзе храма Сьвятой Мучаніцы Тацяны Віцебскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы», напісана ў адказе зь Міністэрства адукацыі.

Дэманстрацыя сьцягу

Дэманстрацыя сьцягу

Паводле афіцыйнага сайту эпархіі, такога храма ў Віцебску няма, прыход зарэгістраваны на іншы юрыдычны адрас. Ніводным словам не згаданы на сайце і «Праваслаўны Казачы Вайскова-патрыятычны Клюб у імя Архангела Міхаіла».

Затое вядома, што суполка з ідэнтычнай назвай існуе пры прыходзе храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў Друцку, што ў Талачынскім раёне. І Тацяна Гаўрыліна, якая прывозіла мэдалі з расейскімі трыкалёрамі ў аршанскую школу, там «атаман атраду» і «сотнік». Гэта той самы клюб, які арганізуе ваенізаваныя зборы, дзе падлеткі з георгіеўскімі стужкамі на вопратцы вывучаюць зброю і вучацца страляць.

Казакі-падлеткі — героі рэгіянальнай прэсы

Казакі-падлеткі — героі рэгіянальнай прэсы

Не заўважаючы неадпаведнасьцяў, Міністэрства адукацыі тлумачыць, што сустрэча ў Воршы была арганізаваная падчас паломніцкага паходу сябраў клюбу — дзяцей і іхных бацькоў. І цьвердзіць, што памятныя мэдалі з расейскім трыкалёрам раздавалі толькі прыежджым віцяблянам, а не аршанскім школьнікам. Апошнія ж мусілі прысутнічаць на сустрэчы таму, што «Дзяржаўная ўстанова адукацыі Сярэдняя школа № 19 г. Воршы» ўдзельнічае ў рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекту «Духоўна-маральнае выхаваньне навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народу».

Якое дачыненьне да гэткага выхаваньня маюць расейскі трыкалёр і «Кубанская асацыяцыя казакоў „Россия“», Міністэрства адукацыі не тлумачыць. І нічога не паведамляе пра тое, ці былі нейкія наступствы для кіраўніцтва навучальнай установы, якое ўхваляе выхаваньне дзяцей на зусім не беларускіх традыцыях, ды яшчэ з вайсковым ухілам.

Копія экрану са старонкай пра сустрэчу з казакамі

Копія экрану са старонкай пра сустрэчу з казакамі

Адзіным відавочным наступствам стала хіба тое, што скандальны фотарэпартаж пра сустрэчу з казакамі зьнік са школьнага інтэрнэт-сайта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG