Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан троліць інтэграцыйныя праекты Расеі і заступаецца за Беларусь


Публікацыя Тулегена Аскарава ў «Деловом Казахстане»

Публікацыя Тулегена Аскарава ў «Деловом Казахстане»

Тыднёвік «Деловой Казахстан», галоўнае эканамічнае выданьне гэтай сярэднеазіяцкай краіны, ставіць пад сумнеў эфэктыўнасьць наддзяржаўных інтэграцыйных праектаў пад патранатам Масквы.

На падставе статыстычных дадзеных казахстанскія аналітыкі адзначаюць рэзкі спад гандлёвага абароту ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), які замяніў сабой Эўразійскую эканамічную супольнасьць з Мытным саюзам. За прыклад несупадзеньня дэклярацыяў з рэаліямі бярэцца сытуацыя, якая ўзьнікла ў стасунках паміж самымі блізкімі намінальнымі саюзьнікамі — Расеяй і Беларусьсю.

Астана, ультрасучасная сталіца Казахстану

Астана, ультрасучасная сталіца Казахстану

«Бацька» і ягоная праўда-матка

Артыкул пад назвай «А „батька“ в принципе прав!», зьмешчаны на старонках «Делового Казахстана» ў разьдзеле Finances, адразу ўводзіць у курс справы:

«Жорсткія заявы беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, які публічна паставіў пытаньне аб мэтазгоднасьці ўдзелу ягонай краіны ў Эўразійскім эканамічным саюзе і адзначыў адсутнасьць якой-колечы даходнасьці для яе ў гандлі з Расеяй, сымптаматычна пацьвярджаюцца і дадзенымі казахстанскай статыстыкі на гэтую тэму».

Аўтары дасьледаваньня нагадваюць нядаўнія выказваньні Лукашэнкі, які абурыўся: маўляў, пачалі пастаўляць у Расею большыя абʼёмы прадукцыі, але па цэнах, напалову ніжэйшых: «Якая даходнасьць Беларусі ад гэтага? — задаўся пытаньнем беларускі кіраўнік і сам жа на яго адказаў: — Практычна ніякай!».

Няма падставы хваліцца асаблівымі дасягненьнямі ад працы ў новых варунках і іншым чальцам ЭАЭС. Як вынікае са зьвестак Камітэту статыстыкі Міністэрства нацыянальнай эканомікі Казахстану, па выніках студзеня-ліпеня гэтага году доля Беларусі ў агульным абʼёме зьнешняга гандлю Казахстану складае сьціплыя 0,5%. Пры гэтым паказьнік для шэрагу краін СНД, якія не ўваходзяць у названую інтэграцыйную структуру, на парадак вышэйшы: 2,4% — для Ўзбэкістану, 1,9% — для Ўкраіны, 0,9% — для Таджыкістану.

Які толк у такога кшталту новаўтварэньнях, калі замест абяцанага прыбытку бакі займаюцца падлікам стратаў?

Казахстанскія калегі мяркуюць, што дынаміка гандлю зь Беларусьсю проста жалю вартая: экспарт тавараў з Казахстану за 7 месяцаў упаў на 54% у параўнаньні з тым жа пэрыядам летась, а імпарт зь Беларусі зьменшыўся на 44,5%. Адмоўнае зьнешнегандлёвае сальда з важным партнэрам па ЭАЭС перавысіла мінус 140 мільёнаў даляраў.

Аналягічны вынік у гандлёвых стасунках з Армэніяй, іншым чальцом Эўразійскага эканамічнага саюзу: крыху больш як за паўгода казахстанскі экспарт туды абваліўся ажно на 86%, імпарт — амаль на 50%.

Традыцыйны дэфіцыт захоўваецца і ў гандлі з Расеяй: абʼём паставак туды зьнізіўся на траціну, прыблізна такая ж сытуацыя і з пастаўкамі ў адваротным кірунку. Як вынік — адмоўнае сальда ў 2 мільярды 660 мільёнаў даляраў.

Агулам абʼём экспарту Казахстану ў краіны ЭАЭС сёлета скараціўся на 35%, імпарт зьменшыўся амаль на 30%. Адмоўнае сальда да канца году можа наблізіцца да гіганцкіх 3 мільярдаў даляраў.

«Які толк у такога кшталту новаўтварэньнях, калі замест абяцанага прыбытку бакі займаюцца падлікам стратаў?» — задаюць рытарычнае пытаньне казахстанскія аналітыкі.

Расея і яе эканамічныя васалы

Усё часьцей Казахстан уздымае праблемы, аналягічныя беларускім. Так, найбуйнейшая бізнэс-асацыяцыя краіны, Нацыянальная палата прадпрымальнікаў Казахстану «Атамекен» абвінавачвае расейскія ўлады ў тым, што Масква штучна абмяжоўвае экспарт праз увядзеньне інстытуту папярэдняга паведамленьня для ўвозу падкарантыннай прадукцыі. Ставяцца пад сумнеў і іншыя захады Рассельгаснагляду.

Пры гэтым казахстанскія эканамісты зьвяртаюць увагу, што ў гандлі зь іншымі партнэрамі па СНД, якія не ўваходзяць у ЭАЭС, статыстыка больш аптымістычная — без усялякіх нібыта «палёгкаў», якімі Масква заваблівае ў свае наддзяржаўныя ўтварэньні новых чальцоў.

Так, станоўчае сальда адзначанае ў эканамічных кантактах з Узбэкістанам (163 мільёны даляраў), Украінай (126 мільёнаў), Таджыкістанам (78 мільёнаў), Азэрбайджанам (66 мільёнаў), Туркмэністанам (32 мільёны), Малдовай (400 тысяч).

Аднак стабільныя паступленьні валютнай выручкі Казахстан мае не ад колішніх таварышаў па Савецкім Саюзе, а з краін Эўразьвязу. Па выніках студзеня-ліпеня на долю заходніх бізнэс-партнэраў прыпала 38,5% ад усяго зьнешнегандлёвага абароту — амаль 48% экспарту і блізу 24,5% імпарту. Калі параўноўваць са статыстыкай ЭАЭС, станоўчае сальда на гэтым напрамку проста калясальнае — 6 мільярдаў 330 мільёнаў даляраў.

Прэзэнтацыя ўдзельнікаў EXPO-2017, на пярэднім пляне — Беларусь

Прэзэнтацыя ўдзельнікаў EXPO-2017, на пярэднім пляне — Беларусь

Дарэчы, у наступным годзе Астана прыме прэстыжную спэцыялізаваную выставу EXPO-2017, першую такога кшталту на постсавецкай прасторы. Заяўленая тэма — «Энэргія будучыні». Цягам трох месяцаў прадстаўнікі больш як 100 краін сьвету будуць дэманстраваць свае напрацоўкі, якія тычацца альтэрнатыўных крыніц энэргіі і «зялёных тэхналёгіяў». Можна не сумнявацца, што па выніках экспазыцыі Казахстан у поўным абʼёме атрымае заслужаныя дывідэнды.

Не ў такім маштабе, але ў Беларусі эканамічная сытуацыя набывае падобныя абрысы. Агулам за апошнія паўтара дзясятка гадоў зьнешнегандлёвы абарот з краінамі сьвету павялічыўся ад 16 мільярдаў да 57 мільярдаў даляраў. Пікавыя паказьнікі фіксаваліся ў 2008 і 2012 гадах: 72 і 92,5 мільярда даляраў адпаведна.

Пры гэтым роля Расеі як асноўнага гандлёвага партнэра паступова зьмяншаецца — з амаль 60% да менш як 50%, калі лічыць ад пачатку 2000-х.

Па выніках студзеня-жніўня зьнешнегандлёвы абарот Беларусі склаўся на ўзроўні 32,5 мільярда даляраў. Гэта на 15% меней, чым за аналягічны пэрыяд летась. Экспарт тавараў скараціўся на 17%, імпарт — на 13%, адмоўнае сальда — звыш 1 мільярда. Мінусавы складнік прыпадае перадусім на партнэраў у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Затое ў кантактах з Эўразьвязам, на які апошнім часам прыпадае каля 30% зьнешняга тавараабароту, карціна нашмат больш аптымістычная: за 7 месяцаў бягучага году ён перавысіў 7,5 мільярда даляраў, у тым ліку беларускі экспарт — звыш 4 мільярдаў даляраў, што, у сваю чаргу, забясьпечвае станоўчае сальда.

Менск і Астана ў «позе» да Масквы

Дык ці ёсьць насамрэч сэнс у штучных эканамічных надбудовах, у межах якіх не ўдаецца забясьпечыць роўныя ўмовы нават для непасрэдных удзельнікаў?

У лютым 1999 году Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан падпісалі дамову аб Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы, без канкрэтызацыі тэрмінаў вызначыўшы этапы інтэграцыі. На першым этапе — забясьпечыць рэалізацыю рэжыму вольнага гандлю; на другім — стварыць Мытны саюз; на трэцім — сфармаваць Адзіную эканамічную прастору. На наступны год была ўтворана Эўразійская эканамічная супольнасьць (ЭўрАзЭС), у склад якой увайшлі названыя краіны.

На вуліцах казахстанскай сталіцы

На вуліцах казахстанскай сталіцы

У жніўні 2006-га пастанавілі стварыць у рамках ЭўрАзЭС Мытны саюз Беларусі, Казахстану і Расеі. Мытны саюз пачаў функцыянаваць 1 ліпеня 2011 году.

У траўні 2014-га прэзыдэнты Беларусі, Казахстану і Расеі падпісалі дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе і спыненьні дзейнасьці ЭўрАзЭС. Дакумэнт набыў моц 1 студзеня 2015 году.

Неўзабаве да першапачатковай «тройцы» далучыліся яшчэ два кандыдаты. У кастрычніку 2014-га падпісана пагадненьне аб далучэньні да ЭАЭС Армэніі, якое ўступіла ў сілу 2 студзеня 2015 году. А пры канцы таго ж 2014-га зьявіўся аналягічны дакумэнт адносна сяброўства ў саюзе Кіргізстану, дамова пачала працаваць ад 12 жніўня 2015 году.

Адпачатку дэкляравалася, што ЭАЭС павінен стварыць умовы для забесьпячэньня «чатырох свабодаў» — руху тавараў, паслугаў, капіталу і працоўнай сілы. Гарантавалася правядзеньне адзінай палітыкі ў ключавых галінах эканомікі.

Але на практыцы выявілася, што Расея, якая выконвае ролю нефармальнага «каардынатара» ўсіх працэсаў, абклала дзейнасьць саюзу шматлікімі выняткамі з правілаў. Так, агульныя рынкі нафты, нафтапрадуктаў і газу ў рамках ЭАЭС пачнуць функцыянаваць у лепшым выпадку ад 2025 году, агульны рынак электраэнэргетыкі — ад 2019-га, лекаў і мэдычных вырабаў — ад 2017-га.

Працоўная рэзыдэнцыя Нурсултана Назарбаева ў Астане

Працоўная рэзыдэнцыя Нурсултана Назарбаева ў Астане

Аляксандар Лукашэнка неаднойчы крытыкаваў новаствораную структуру: маўляў, Эўразійскі эканамічны саюз аказаўся зусім не такі, як плянавалася ў першапачатковых дамоўленасьцях, а гандлёвыя ды тарыфныя барʼеры паміж яго чальцамі так і не зьліквідаваныя, насуперак абяцаньням Крамля. Падтрымлівае беларускага калегу і казахстанскі лідэр Нурсултан Назарбаеў, які заяўляў, што інтэграцыйныя абʼяднаньні не павінны шкодзіць нацыянальнай эканоміцы, а на практыцы выходзіць якраз гэтак: «Інтарэсы дзяржавы, эканомікі кожнай краіны важнейшыя за ўсё, трэба гэта мець на ўвазе», — такую ўстаноўку на будучыню даў падначаленым Назарбаеў на пашыраным паседжаньні Кабінэту міністраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG