Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгора Кастусёва зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты па Шклоўскай акрузе


Ігар Лялькоў (зьлева), Аляксей Янукевіч (у цэнтры) і Рыгор Кастусёў

Ігар Лялькоў (зьлева), Аляксей Янукевіч (у цэнтры) і Рыгор Кастусёў

Шклоўская выбарчая камісія зацьвердзіла кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў намесьніка старшыні партыі БНФ, кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах-2010 Рыгора Кастусёва.

У апазыцыйнага палітыка трое канкурэнтаў. Асноўным ён называе памочніка прэзыдэнта па Берасьцейскай вобласьці Дзьмітрыя Гобарава. Два іншыя — дырэктарка школы зь Бялынічаў і прадстаўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

«Зачапіцца ў іх не было за што. У мяне і досьвед удзелу ў выбарчых кампаніях ёсьць. Цалкам верагодна, што ёсьць у камісіі ўстаноўка паказаць вялікую канкурэнцыю ў акрузе. Што ёсьць дэмакратыя», — сказаў Кастусёў камэнтуючы сваю рэгістрацыю акруговай камісіяй.

Кастусёў блізу трох дзясятак гадоў працаваў на розных пасадах на тэрыторыі цяперашняй Шклоўскай акругі.

«Я б мог стаць дэпутатам, калі б выбары былі сумленнымі і падлік галасоў быў чэсным, — заяўляе Кастусёў.

«На большай частцы тэрыторыі акругі мяне ведаюць. Я працаваў у Бялыніцкім раёне і ў Шклове таксама. І тут адназначна перамога была б за мною. У гутарках людзі не хаваюць, што хацелі б, каб я стаў дэпутатам. Таму Лукашэнка і кінуў свайго памочніка па Берасьцейскай вобласьці Дзьмітрыя Гобарава ў канкурэнты мне. Ён працаваў некалі першым намесьнікам старшыні Шклоўскага райвыканкаму. Акрамя таго мы ж усе ведаем, як праходзяць выбары ў Беларусі».

Шклоўская выбарчая акруга — улучае ў сябе Шклоўскі, Бялыніцкі, Круглянскі, частку Магілёўскага раёну і адзін зь мікрараёнаў абласнога цэнтру.

«Выбарцам мне ёсьць, што сказаць», — заяўляе апазыцыйны палітык.

«Людзям баліць падзеньне ўзроўню жыцьця, скарачэньне заробкаў, карупцыя сярод чынавенства. Шклоўскі раён лідэр ня толькі на Магілёўшчыне па карупцыі, але і па краіне, — кажа Кастусёў. — Людзі зь цікавасьцю рэагуюць на гэтыя праблемы. Дакумэнт кандыдата ў дэпутаты дае магчымасьць адкрыта выступаць на сходах. Такія сустрэчы з выбарцамі не падабаюцца ўладзе, але што ж ёй рабіць выбары ж у краіне. Давядзецца чыноўнікам цярпець ды слухаць, што пра іх думаюць людзі».

Рыгор Кастусёў быў тройчы дэпутатам. У маладосьці абіраўся ў Цяхцінскі сельсавет, што ў Бялыніцкім раёне. На мяжы развалу Савецкага Саюзу быў дэпутатам Бялыніцкага райсавету. У сярэдзіне 1990 гадоў стаў дэпутатам Шклоўскага райсавету. Туды яго вылучыла раённая рада БНФ.

XS
SM
MD
LG