Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У журналіста-фрылансэра хочуць забраць маёмасьць. Калі ня сплаціць штрафы


Кастусь Жукоўскі

Кастусь Жукоўскі

Судовы выканаўца аддзелу прымусовага выкананьня Цэнтральнага раёну Гомеля Тамара Лабезьнікава патрабуе ад гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага цягам 7 дзён сплаціць 6-мільённы штраф.

Штраф быў вынесены Кармянскім раённым судом сёлета ў студзені за відэасюжэт на тэлеканале «Белсат» — пра перабоі з забесьпячэньнем жыхароў райцэнтру пітной вадой. Пастанову аб пачатку выканаўчай справы Жукоўскі атрымаў на выходных праз пошту.

«Раней, — кажа Кастусь Жукоўскі, — судовы выканаўца прыходзіла да мяне дадому й папярэджвала, што калі я не сплачу накладзеныя на мяне штрафы, то будзе апісана й канфіскавана сямейная маёмасьць на іх пагашэньне. Летась, дзякуючы добрым людзям і арганізацыям, я здолеў сабраць і заплаціць 31 мільён рублёў за фрылансэрскую дзейнасьць. Але сёлета дадалося яшчэ 36 мільёнаў штрафных санкцыяў. Мяне проста выжываюць з прафэсіі, не зважаючы на тое, што я не зьяўляюся штатным супрацоўнікам „Белсату“ і мне не патрабуецца акрэдытацыя, і што паводле беларускай Канстытуцыі я маю права як грамадзянін на збор і распаўсюд інфармацыі. Выглядае, што ўладам проста не даспадобы нават сацыяльная інфармацыя, якую яны не кантралююць».

Тым часам на 6 красавіка Кастуся Жукоўскага зноў выклікаюць у суд — гэтым разам Сьветлагорскага раёну, дзе мае разглядацца чарговы адміністрацыйны пратакол за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. У лютым на тэлеканале «Белсат» паказалі сюжэт «Прыроднае няшчасьце на Гомельшчыне» — пра масавы мор рыбы з прычыны недахопу кіслароду на Сасноваборскім вадасховішчы ў Сьветлагорскім раёне. Аднак ні арганізацыя, на балянсе якой вадаём, ні мясцовыя чыноўнікі ніякіх захадаў не парупіліся зрабіць, а на скаргі тутэйшых рыбакоў не рэагавалі. Міліцыя праводзіла расьсьледаваньне, але ня мору рыбы — выяўляла, хто гутарыў зь мясцовымі жыхарамі і выклаў у інтэрнэт інфармацыю, якой скарыстаўся тэлеканал «Белсат».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG