Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі суд зноў аштрафаваў журналіста Кастуся Жукоўскага


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

9 чэрвеня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Алеся Осіпава пакарала журналіста-фрылянсэра Кастуся Жукоўскага адміністрацыйным штрафам у 30 базавых велічыняў (5,4 мільёна рублёў). За «незаконны выраб прадукцыі СМІ» для тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў. Гэта сёлета ўжо шостае пакараньне Жукоўскаму за збор і распаўсюд інфармацыі. Агульная сума штрафаў перавысіла 25 мільёнаў рублёў.

У судзе высьветлілася, што адміністрацыйную справу ў дачыненьні да Жукоўскага ініцыявала ўпраўленьне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму. Адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КоАП склаў падпалкоўнік міліцыі Цэнтральнага РАУС Юрый Панін.

У ім напісана: «15.04.2015 у эфіры спадарожнікавага тэлеканалу „Белсат“ (Польшча) у праграме „Аб’ектыў“ быў прадэманстраваны відэасюжэт пад назваю „Самагубства выкладчыцы“, які незаконна вырабіў і распаўсюдзіў Жукоўскі Канстанцін Іосіфавіч, ня маючы акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у якасьці карэспандэнта польскага тэлеканалу. Згаданы сюжэт разьмешчаны на афіцыйным сайце тэлеканалу і належыць да прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі».

Судзьдзя Осіпава адхіліла ўсе хадайніцтвы Жукоўскага: весьці разгляд адміністрацыйнай справы па-беларуску, накіраваць пратакол на дапрацоўку, паколькі ў ім ня ўсе пункты запоўнены.

Сюжэт быў запісаны міліцыяй на дыск і прадэманстраваны судзьдзей праз кампутар. У ім апавядаецца пра суіцыд маці дваіх дзяцей, выкладчыцы катэдры беларускай мовы філялягічнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, кандыдата філялягічных навук Сьвятланы А. Паводле сюжэту, яна зьвяла рахункі з жыцьцём, паколькі магла застацца без кватэры. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту перааформіла жылы дом, дзе жыла выкладчыца, у інтэрнат.

Віны сваёй у «незаконным вырабе прадукцыі СМІ» Жукоўскі не прызнаў, бо ня ён рыхтаваў тэкст, ня ён браў камэнтары ў Cьледчым камітэце, ня ён агучваў усё ў эфіры. У сюжэту ёсьць сапраўдны аўтар, які называе сябе ў эфіры.

«Дык хіба гэта я?» — задае зусім не рытарычнае пытаньне Жукоўскі.

Фрылянсэр удакладніў, што запісаў на відэа толькі меркаваньні жыхароў праблемнага дому наконт суіцыду выкладчыцы:

Віна мая толькі ў тым, што я тут жыву і карыстаюся правамі, якія мне гарантуе Канстытуцыя

«Гэта я зрабіў і распаўсюдзіў, бо паводле Канстытуцыі маю права на збор і распаўсюд інфармацыі. Віна мая толькі ў тым, што я тут жыву і карыстаюся правамі, якія мне гарантуе Канстытуцыя».

Жукоўскі патлумачыў таксама, што ягоны фотаздымак грыбоў друкавала «Сoветская Белоруссия — Беларусь сегодня», а відэаздымкі, выкладзеныя ў інтэрнэце, выкарыстоўвалі некаторыя іншыя інфармацыйныя рэсурсы.

«Усё гэта можна параўнаць з тым, — тлумачыў суду Жукоўскі, — што я здабываю руду, а хтосьці з гэтай руды выплаўляе мэтал, а потым зь яго робяць касьмічны карабель ці трактар. Дык што, я зрабіў касьмічны карабель? Так і відэа, якое я здымаў. Я разьмясьціў яго ў інтэрнэце, даслаў у розныя рэдакцыі. Хтосьці выкарыстаў яго, а іншыя — вынінулі ў сьметніцу».

Судзьдзя Осіпава, не выходзячы ў дарадчы пакой, ціха абвясьціла: «Штраф 30 базавых — 5 мільёнаў 400 тысяч».

Сёлета гэта ўжо шосты адміністрацыйны штраф Жукоўскаму на падставе складзеных міліцэйскіх пратаколаў — сума іх агулам дасягнула 25 мільёнаў рублёў.

«Гэта непрыхаваны палітычны перасьлед за маю грамадзкую й фрылянсэрскую дзейнасьць. Я не скарыўся — пішу скаргі на чыноўнікаў, здымаю відэаматэрыялы. Улады давялі эканоміку да краху і цяпер замест таго, каб шукаць нейкае выйсьце зь цяжкага эканамічнага становішча, яны палічылі за лепшае штрафаваць журналістаў-фрылянсэраў, грамадзкіх актывістаў і такім чынам папаўняць бюджэт», — кажа Кастусь Жукоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG