Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Жукоўскі пра галадоўку за кратамі: «Я зьбіраўся паміраць»


Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

2 сакавіка пасьля 10 сутак арышту і галадоўкі за кратамі на волю выйшаў гомельскі грамадзкі актывіст Кастусь Жукоўскі. Аднак перш чым адпусьціць, міліцыянты амаль 40 хвілінаў вазілі актывіста па Гомелі.

У інтэрвію «Свабодзе» Жукоўскі апавёў:

«Хвілін за сорак да вызваленьня прыходзіць „калідорны“ і патрабуе, каб я зьбіраўся, бо па мяне прыехалі міліцыянты з Цэнтральнага райаддзелу.

Кажу: „Стоп! Я паводле пастановы суду мушу знаходзіцца ў ізалятары да 11:30“. Пішу адпаведную заяву на імя начальніка ізалятара — і ад мяне на паўгадзны адчапіліся. Але калі я апрануўся, то міліцыянты забралі мае рэчы і гвалтам пасадзілі ў свой „УАЗік“. Камандаваў усім хударлявы падпалкоўнік у акулярах. Мяне сорак хвілін вазілі па горадзе, уключаючы часам мігалку. І пасьля гэтага прымчалі дадому, на Кніжную вуліцу. Вывезьлі, каб мяне каля ізалятара не сустрэлі сябры й паплечнікі».

Актывіст апавёў, што за дзесяць дзён галадоўкі ён схуднеў на 8 кіляграмаў. Першыя чацьвёра з паловай сутак трымаў сухую галадоўку:

«Я зьбіраўся паміраць, прасіў выклікаць сьвятара. Сьвятара не пазвалі. На пятыя суткі мяне аглядзела лекарка, мерала ціск і папярэдзіла, што, трымаючы сухую галадоўку, я памру сутак праз дванаццаць дома, калі тэрмін пакараньня скончыцца. Але да гэтага часу адмовяць найперш ныркі. Яны ў мяне й праўда пачыналі балець. Таму я стаў піць ваду».

Катусь апавёў, што 20 лютага панёс заяву ў аблвыканкам на ініцыятара «ўшчыльненьня» забудовы — таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Цэнтар-лізінг». Ягоныя будаўнікі побач з домам актывіста ўзводзяць шматпавярховік і засьмечваць падворкі прыватнікаў. Дом Жукоўскага прызначаны пад знос, але годнага жытла ўзамен ягонай сям’і працяглы час не даюць. Пра ўсё гэта ён і напісаў у скарзе ў аблвыканкам.

Жукоўскі: «Я прыйшоў у аблвыканкам, падаў пашпарт дзяжурнаму міліцыянту. Кажу, што ў аддзел зваротаў грамадзянаў. Той нібыта запісаў і сказаў чакаць. Пытаюся: чаго не пускаеце? Ён маўчыць. Прашу даць кнігу зваротаў і прапаноў. Раз прашу, другі. Прыйшоў нейкі юрыст, ці хто ён там, ня ведаю: „Пайшлі са мною“. Я адказваю: „Чаго я пайду — дайце спачатку кнігу прапановаў“. Яны стаяць зь міліцыянэрам, усьміхаюцца. Я праз мабільны стаў выклікаць дзяжурны нарад міліцыі. Кнігу мне далі, я напісаў там пару радкоў. Міліцыянт адвёў мяне ў аддзел, дзе я аддаў сваю заяву. А пасьля ўжо прымчалі міліцыянты з Цэнтральнага РАУСу, склалі пратакол, што я лаяўся — і адвезьлі ў раённы суд, дзе мяне й пакаралі 10 суткамі арышту на падставе ілжывых сьведчаньняў».

Калі Жукоўскі адбываў суткі ў ізалятары і трымаў галадоўку, яго яшчэ адзін раз прывозілі ў суд — Чыгуначнага раёну. Яшчэ да пасадкі, 7 лютага, актывіст тэлефанаваў у Чыгуначны райаддзел міліцыі і паведаміў, што каля грамадзка-палітычнага цэнтру на Палескай вуліцы ўдзельнікі мотапрабегу зь Беларусі й Расеі ломяцца ў браму, каб сарваць на будынку бел-чырвона-белы сьцяг. Кастусю пра гэта паведаміў ягоны знаёмы.

Дом Жукоўскага ў Гомелі

Дом Жукоўскага ў Гомелі

Калі міліцыянты прыехалі на Палескую, байкераў там ужо не было. Жукоўскага абвінаацілі ў «ілжывым даносе» і ўрэшце аштрафавалі на 10 базавых велічняў (1 мільён 800 тысячаў рублёў).

Цяпер актывіст рыхтуе скаргі ў абласны суд, а заадно й заяву ў міліцыю пра тое, на якой падставе міліцыянты Цэнтральнага РАУСу яго сёньня гвалтоўна схапілі ў ізалятары й сорак хвілінаў вазілі па горадзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG