Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. Панёс скаргу ў аблвыканкам — апынуўся за кратамі


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

У Гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня трэція суткі трымае сухую галадоўку грамадзкі актывіст Кастусь Жукоўскі. 20 лютага яго пакаралі 10-суткавым арыштам пасьля таго, як ён панёс скаргу ў аблвыканкам на забудоўшчыка, які засьмечвае прыватныя падворкі на вуліц Кніжнай і Тэльмана ў абласным цэнтры.

Сям’я Жукоўскага каля паўсутак ня ведала, дзе ён. Па словах жонкі Алены, толькі ўвечары 20 лютага ёй патэлефанавала невядомая жанчына і перадала, што Кастусь арыштаваны й знаходзіцца ў ізалятары.

На выходных на просьбу гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі Жукоўскага ў ізалятары наведаў адвакат:

«Па маёй просьбе ў суботу спадара Жукоўскага наведаў адвакат, ад якога й стала вядома, што Кастусь на ўвесь тэрмін адміністрацыйнага арышту абвясьціў сухую галадоўку».

Адвакат Сяргей Красноў апавёў і пра абставіны затрыманьня актывіста ў аблвыканкаме. Яны пададзеныя ў пастанове суду Цэнтральнага раёну — на аснове міліцэйскага пратаколу, сьведчаньняў гардэробшчыцы і ахоўніка-міліцыянта.

Актывіст нібыта ў аблвыканкаме гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі, на заўвагі не рэагаваў, чым «парушаў грамадзкі парадак і спакой грамадзянаў». Па ўсім відаць — чыноўнікаў аблвыканкаму. Усё напісанае падпадае пад адміністрацыйны артыкул «дробнае хуліганства».

Красноў: «Жукоўскі сказаў, што нецэнзуршчыну ніколі не ўжывае. Гучна размаўляў — гэта так, ён не адмаўляе. Стаў абурацца наконт будоўлі з „ушчыльненьнем“, каб спынілі беззаконьне. Падсумаваў так: „Прыслалі міліцыю — і „зачынілі““. Вось і ўсё».

„Прыслалі міліцыю — і „зачынілі“. Вось і ўсё

Гісторыя з «ахвярамі ўшчыльненьня» на вуліцах Кніжнай і Тэльмана ў абласным цэнтры доўжыцца ўжо не адзін год. Апошнім часам будаўнікі таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Цэнтар-лізінг», якія ўзводзяць тут шматпавярховы гмах, сталі яшчэ й засьмечваць падворкі прыватнікаў, якія жывуць побач. Дом Жукоўскага прызначаны пад знос, але годнага жытла наўзамен для ягонай сям’і працяглы час не даюць. Пра ўсё гэта ён і напісаў у скарзе ў аблвыканкам.

Юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка з гэтай нагоды выказваецца гэтак: «Мяне як праваабаронцу насьцярожвае той факт, што чалавек панёс скаргу ў аблвыканкам, а ў выніку — апынуўся за кратамі. Гэта засмучае ў першую чаргу».

У ізалятары часовага ўтрыманьня пацьвердзілі сёньня, што Кастусь Жукоўскі трымае галадоўку, але гэта, маўляў, ягонае права:

«Пра тое, што ён абвяшчае галадоўку, галадае ці не, — гэта яго асабістае права. Ён знаходзіцца пад пастаянным кантролем мэдпэрсаналу і нашым кантролем. Усе неабходныя дзеяньні і меры, прадугледжаныя законам, будуць ажыцьцяўляцца, у тым ліку й падтрыманьне фізычнага й маральнага стану».

Жонка Жукоўскага завезла Кастусю ў ізалятар рэчы для асабістай гігіены. Іх прынялі. А пітную ваду й сокі — вярнулі назад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG